«Акно магчымасцей» і Белстат

Чым больш паспяхова Саюзная дзяржава будзе займацца імпартазамяшчэннем, тым бядней будуць жыць народы Беларусі і Расіі.

window_gdb7544605_1280.jpg

Грэшны: назва гэтага опуса выклікае асацыяцыю з байкамі «Ліса і вінаград», «Малпа і акуляры». Такое жыццё — сэляві, як кажуць французы. Жыццё дуалістычнае, і тут нічога не паробіш. Гэтак жа, як каханне ніколі не бывае без смутку, так немагчыма ўявіць Моську без слана.
На фразеалагізм «вакно магчымасцяў» пошукавік самай саліднай газеты краіны адгукаецца тысячамі артыкулаў. Абмяжуюся адным з апошніх, апублікаваным пад загалоўкам «Прафесар БДУ: беларуская эканоміка паспяхова адаптавалася да санкцыйнага ціску».
Дам слова прафесару: «Беларуская эканоміка паспяхова адаптуецца да новых умоў. Аб гэтым лепш за ўсё сведчаць вынікі работы за 4 месяцы гэтага года. Умацоўваецца курс беларускага рубля. Таксама значна вырас экспарт — у першым квартале на 5 працэнтаў. Пры гэтым склалася рэкорднае станоўчае сальда ў мільярд долараў. А сярэдняя рэнтабельнасць продажаў беларускіх прамысловых тавараў наблізілася да 10 працэнтаў. Гэтага больш чым дастаткова, каб абслугоўваць крэдытныя абавязацельствы і своечасова выплачваць заработную плату. Яшчэ адзін важны сігнал — практычна спыненая інфляцыя. І нязначнае падзенне ВУП — для эканомікі ў існуючых умовах нязначна».
Нязначнае падзенне — нязначна. Мудрагеліста, але ў цэлым зразумела. З дапамогай Белстата паспрабую выявіць падвойную нязначнасць у лічбах. За студзень-красавік ВУП скараціўся на 2,1%. Не катастрафічна — можна пагадзіцца. Аднак тут важная дынаміка: +2,7% у студзені, +1,2% у студзені-лютым, -0,4% у студзені-сакавіку.
Кожны наступны месяц пасля пераканаўчага старту мінусуе ад галоўнага эканамічнага паказчыка, — і мінус ідзе па нарастаючай. Цікава параўнаць у гэтай сувязі не студзень-красавік 2022 года са студзенем-красавіком 2021 года, а красавік — з красавіком. На жаль, афіцыйная статыстыка правесці такое параўнанне не дазваляе.
Але не ўсё так безнадзейна. Сельскагаспадарчая вытворчасць у красавіку адносна красавіка мінулага года скарацілася на 4,8%, а прамысловая — на 10,6%. Той, хто назаве гэтакае скарачэнне «нязначным», хай першым кіне ў мяне камень.
Аналагічная дынаміка назіраецца і ў знешнім гандлі. Калі ў студзені было плюс 29,7%, то ў сакавіку — мінус 23,5%! Пры гэтым экспарт скараціўся на 21,2%, а імпарт — на 26,9%. Вось вам і прычына рэкорднага станоўчага сальда і ўмацавання рубля.
Лепшай ілюстрацыі ўплыву санкцый і не прыдумаць. Застаецца толькі ўслед за паэтам Уладзімірам Маякоўскім усклікнуць: «Прафесар, здыміце акуляры-веласіпед».
Але ці тое яшчэ будзе, калі Белстат апублікуе статыстыку знешняга гандлю за красавік.

Невясёлая сацыялогія

Не абышоў прафесар бокам і праблему імпартазамяшчэння: «Сярод прыярытэтаў таксама варта вылучыць імпартазамяшчэнне. Гэта не толькі вакно магчымасцяў, але ў першую чаргу пытанне эканамічнага суверэнітэту. І ў гэтай працы важная цесная ўвязка з партнёрамі з Расіі».
Партнёры, агу! Як справы? Дзеянне санкцый, уведзеных супраць РФ у сувязі са «спецыяльнай аперацыяй» ва Украіне, закранула 86,8% расійскіх прадпрымальнікаў — такую інфармацыю перадае ТАСС са спасылкай на даныя маніторынгу, які правёў інстытут Барыса Цітова, упаўнаважанага пры прэзідэнце РФ па абароне правоў прадпрымальнікаў.
Цікава, з якім знакам яна (спецаперацыя) закранула: са знакам «плюс» або са знакам «мінус»? Адказ на гэтае пытанне таксама ёсць: «У 67,1% прадпрымальнікаў бізнес зніжаецца, з іх у крызісе — 12,8%, балансуюць каля нуля 22,4%. Толькі 10,4% заявілі, што іх бізнес стабільны і працягвае расці».
На жаль, такая сацыялогія актуальнасці прапановы наконт акуляраў-веласіпеду не зніжае. І тым не менш, пакуль яшчэ рана адчайвацца. Адпаведныя рэкамендацыі ў прафесара ёсць. Па-першае, варта «ўцягваць малы і сярэдні бізнес у кааперацыйныя тэхналагічныя ланцужкі флагманаў замест замежных пастаўшчыкоў, якія сышлі з рынку»; па-другое, прадпрыемствам, якія набываюць матэрыялы і камплектуючыя на знешніх рынках, «важна зніжаць выдаткі».
«Па-першае» памножанае на «па-другое» ў выніку дае прафесару ўпэўненасць у тым, што эканоміка як Беларусі, так і Расіі будзе «ў далейшым паспяхова развівацца». Гэтай упэўненасцю прафесар і падзяліўся з чытачамі самай саліднай газеты краіны.

Хлопцы, давайце жыць дружна

Замясціць імпартныя цвікі айчыннымі — няхай не ў гэтым годзе, дык у наступным — атрымацца. Але як быць з падшыпнікамі? Спецаперацыя перапыніла іх пастаўку. Вось і даводзіцца кіраўніцтву Ціхвінскага вагонабудаўнічага завода падаўжаць рэжым прастою на ўвесь чэрвень. У інтэрнэце такіх прыкладаў — што ў сабакі блох.
Замена імпартнай камплектацыі на айчынную праблемы, аднак, не вырашае. Да майго шчасця і да шчасця чытачоў, прафесар БДУ — далёка не адзіны сярод спецыялістаў па імпартазамяшчэнні. Дам слова яго калегу з IE Business School у Мадрыдзе: «Дапусцім, вы ацяпляеце свой дом дровамі. На гэта ў вас сыходзіць 3% ад месячнага заробку. Раптам дровы вам перастаюць прадаваць. Не праблема. Лес побач. Вы ідзяце ў краму купляць бензапілу. Але бензапілы прадавацца перасталі, бо яны імпартныя. Даводзіцца купляць звычайную двухручную пілу, клікаць яшчэ аднаго чалавека на дапамогу і ісці з ім у лес пілаваць дровы.
На нарыхтоўку дроваў вы выдаткуеце, да прыкладу, 3–4 рабочыя дні, што эквівалентна 10–15% зарплаты. У выніку вы зможаце купіць прыкладна на 10% менш іншых тавараў, бо раней вы на дровы выдаткоўвалі ўсяго 3% заробку».
У выніку, чым больш паспяхова вы будзеце займацца імпартазамяшчэннем, тым бядней будзеце жыць. Пры гэтым неабходна памятаць, што далёка не ўсе імпартныя тавары беларуска-расійскія вытворцы здолеюць замяніць.
У XXI стагоддзі маюць поспех толькі тыя эканомікі, для якіх заклік ката Леапольда: «Хлопцы, давайце жыць дружна», з'яўляецца кіраўніцтвам да дзеяння. Усе іншыя выпадаюць з калясніцы гісторыі.