Рынак новых аўтамабіляў рухнуў. Наперадзе — дэфіцыт
За травень рынак новых аўтамабіляў упаў на 30%. Калі параўноўваць з траўнем 2021 года, то падзенне перавысіла 80%. Беларуская аўтамабільная асацыяцыя прагназуе таксама дэфіцыт машын.
![1353764771_0479393_www.nevsepic.com.ua.jpg 1353764771_0479393_www.nevsepic.com.ua.jpg](/img/v1/images/1353764771_0479393_www.nevsepic.com.ua.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У траўні ў Беларусі было прададзена ўсяго 629 новых аўтамабіляў. Гэта на 30% менш, чым у красавіку.
Паводле інфармацыі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, такі вынік звязаны з істотнай зменай цэнаў на большасць папулярных мадэляў, а таксама пагаршэннем умоў крэдытавання.
У апошнія гады больш за 70% продажаў беларускага рынку прыпадала на аўтамабілі, вырабленыя ў Расіі. Пачынаючы з сакавіка, вытворцы падвышалі адгрузачныя цэны — ад 40 да 70%. Пазней адбылося ўмацаванне курсу расійскага рубля, што таксама паўплывала на фармаванне прайс-лістоў і прывяло да сумарнага павелічэння коштаў для беларускіх дылераў амаль удвая — да 95%.
Паводле прагнозаў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, ёсць усе перадумовы, што сітуацыя будзе пагаршацца.
Улічваючы тое, што большасць аўтамабільных заводаў у Расіі спынілі вытворчасць, пакупнікі ў Беларусі ўжо ў бліжэйшыя месяцы могуць сутыкнуцца з дэфіцытам аўтамабіляў.
Усе аўтамабільныя дылеры цяпер знаходзяцца ў няпростым становішчы. У сітуацыі, якая склалася, адзінай крыніцай даходу для іх застаецца сэрвіс.