IIF: Удар ад заходніх санкцый звядзе на нішто 15 гадоў дасягненняў Расіі
Эканоміка Расіі скароціцца на 15% у 2022 годзе і на 3% — у 2023 годзе. Такім чынам, удар ад заходніх санкцый, сыход замежных кампаній, «уцечка мазгоў» і калапс у галіне экспарту звядуць на нуль 15 гадоў дасягненняў.
Пра гэта гаворыцца ў справаздачы аб эканоміцы Расіі пасля пачатку вайны ва Украіне Інстытута міжнародных фінансаў (Institute of International Finance, IIF).
Заходнія санкцыі справакавалі «поўную дэзінтэграцыю 30-гадовых інвестыцый», лічыць Эліна Рыбакова, намесніца галоўнага эканаміста Інстытута міжнародных фінансаў.
На яе думку, калі Еўропа адмовіцца ад экспарту расійскіх энерганосьбітаў, эканоміка працерпіць яшчэ больш у сярэднетэрміновай перспектыве.
Рыбакова адзначыла, што аднаўленне рубля пасля першапачатковага краху не трэба расцэньваць як тое, што расійская эканоміка больш устойлівая, чым чакалася. Паводле яе слоў, у расійскіх банкаў дастаткова валютных рэзерваў, паколькі імпарт упаў, але расійскім прадпрыемствам і спажыўцам няма на што іх траціць.
Замест гэтага ўздзеянне санкцый з часам будзе ўзмацняцца, асабліва калі Еўрапейскі Саюз значна скароціць імпарт нафты і газу, хаця, як адзначае Рыбакова, на гэта могуць спатрэбіцца месяцы, калі не гады.
IIF прагназуе, што валавое назапашванне асноўнага капіталу ў Расіі скароціцца на 25% у 2022 годзе, імпарт — на 28%, а экспарт — на 25%.
«Нягледзячы на значныя крокі, зробленыя з канца лютага, мы далёкія ад піка эскалацыі», — адзначаюць аўтары IIF у сваёй справаздачы.
Па іх ацэнках, дадатковыя санкцыі, якія тычацца, напрыклад, фінансавай сістэмы і ключавых кірункаў расійскага экспарту (і імпарту), могуць прывесці да «драматычных наступстваў для расійскай эканомікі». «Аднак кошт гэтых дзеянняў можа быць значным і для краін, якія ўводзяць санкцыі», — гаворыцца ў справаздачы.