Заява на альтэрнатыўную службу абярнулася пратаколам аб дыскрэдытацыі арміі
У Расіі юнак патлумачыў у ваенкамаце, чаму не хоча служыць, — і на яго склалі пратакол за «дыскрэдытацыю» войска
Заява на праходжанне альтэрнатыўнай службы абярнулася для стаўрапольца Савелія Марозава пратаколам аб дыскрэдытацыі арміі. Сёння, 9 чэрвеня, расійскі суд разгледзіць яго справу, піша titanium.
20-гадовы Савелій Марозаў адлічыўся з Маскоўскага МФТІ і пачаў працаваць у службе падтрымкі "Тинькофф" у родным горадзе. Разам з вучобай скончылася і яго адтэрміноўка ад войска.
Савелій Марозаў, калі яму прыйшла позва ў войска, падаў заяву на альтэрнатыўную службу — яе праходзяць без зброі ў руках і не на ваенных аб'ектах. На разгляд заявы прыйшоў паліцэйскі Казліцін, які, паводле закону, не можа там прысутнічаць.
Юнак спрабаваў растлумачыць, чаму просіць аб альтэрнатыўнай службе. Супрацоўніку паліцыі не спадабаліся словы Марозава пра вайну, і на прызыўніка склалі адміністрацыйны пратакол аб дыскрэдытацыі расійскага войска:
Савелій Марозаў, калі тлумачыў свае погляды на пасяджэнні камісіі, назваў вайну ва Украіне "агіднай і злачыннай". Камісія не стала спрачацца і ўхваліла заяву, а вось паліцэйскі Казліцін, які прысутнічаў на пасяджэнні, зачапіўся за крамольныя словы — у выніку на прызыўніка склалі пратакол за «дыскрэдытацыю» дзеянняў расійскай арміі. Сёння Кастрычніцкі раённы суд Стаўрапаля разглядае яго справу.