Праз небяспеку нападу Расіі фінскія жанчыны запісваюцца на курсы самаабароны
З пачатку расійскага ўварвання ва Украіну краіны, якія мяжуюць з Расіяй, адчуваюць пастаянную пагрозу нападу. Фінляндыя ўжо ваявала з рускімі — і цяпер рыхтуецца рабіць гэта зноў.
Усяго праз некалькі дзён пасля нападу Расіі на Украіну 24 лютага фінская прадпрымальніца Сісі Мобэрг стала шукаць у Інтэрнэце курсы, якія маглі б навучыць яе навыкам абароны Фінляндыі ў выпадку вайсковага нападу.
«Мне было вельмі сумна за ўкраінцаў. А потым я пачала турбавацца пра Фінляндыю і думаць, што я магу з гэтым зрабіць», — расказала агенцтву «Reuters» 46-гадовая маці чацвярых дзяцей.
На працягу некалькіх тыдняў Моберг праходзіла курс, прызначаны для рэзервістаў, і вучылася абыходзіцца са зброяй і перасоўвацца на полі бою.
Вайна ва Украіне выклікала вялікую трывогу ў Фінляндыі, якая падзяляе мяжу з Расіяй працягласцю 1300 км і падчас Другой сусветнай вайны вяла дзве вайны супраць Савецкага Саюза, што каштавалі ёй дзясятай часткі яе тэрыторыі. Тады загінула каля 100 000 фінаў.
Занепакоеная ўварваннем ва Украіну, Фінляндыя ў мінулым месяцы вырашыла паставіць кропку на дзесяцігоддзях сваёй унутранай палітыкі ў галіне абароны і бяспекі, падаўшы заяўку на сяброўства ў вайсковым альянсе NATO.
«Нацыянальная жаночая асацыяцыя Фінляндыі па забеспячэнні гатоўнасці да надзвычайных сітуацый» заявіла, што попыт на іх курсы рэзка ўзрос з лютага.
«Адразу пасля пачатку вайны нашы тэлефоны пачалі званіць і пасыпаліся электронныя лісты... І, вядома, попыт на навучанне ўзрос», — сказала Суві Аксела, кіраўніца аддзела камунікацый асацыяцыі.
Гэтая тэндэнцыя адпавядае даўняй традыцыі Фінляндыі добраахвотнага ўдзелу жанчын у ваенны час, якія, у адрозненне ад мужчын, не абавязаныя праходзіць ваенную службу.
Паводле звестак Узброеных сіл Фінляндыі, блізу 19 адсоткаў з 13 000 прафесійных вайскоўцаў краіны складаюць жанчыны, хоць гэта толькі 1-2% прызыўнікоў.
На мінулым тыдні Моберг вярнулася за дадаткам — на гэты раз на курс навучання выжыванню, арганізаваны «Жаночай асацыяцыяй па забеспячэнні гатоўнасці да надзвычайных сітуацый» на ваеннай базе ў Хатуле, у 100 км ад Хельсінкі.
На працягу трох дзён яна і яшчэ 35 жанчын вучыліся разбіваць лагер, разводзіць вогнішча пад дажджом, арыентавацца ў лесе і аказваць першую дапамогу, у той час як яшчэ 300 чалавек засяродзіліся на іншых навыках, такіх як кібер-бяспека, псіхалагічная ўстойлівасць і самаабарона ў выпадку нападу.
«Я адна з апошніх людзей, ад якіх мае блізкія чакалі б удзелу ў падобных курсах, паколькі я была сапраўднай прынцэсай, трохі модніцай», -— сказала Моберг.
Паводле даных асацыяцыі, яшчэ 500 жанчын былі ў спісе чакання групы добраахвотнікаў, якая праводзіць штогадовыя трэнінгі для грамадзянскіх жанчын па навыках, неабходных у крызісных сітуацыях. Яна атрымлівае некаторае дзяржаўнае фінансаванне і можа выкарыстоўваць ваенныя аб'екты і абсталяванне для навучання.
Моберг не адна ў сваіх асцярогах або жаданні дапамагчы абараніць Фінляндыю. Паводле апытання, апублікаванага Міністэрствам абароны ў мінулым месяцы, 85% фінаў цяпер мяркуюць, што Расія аказвае негатыўны ўплыў на бяспеку Фінляндыі, у параўнанні з 34% у 2007 годзе.
Тое ж апытанне паказала, што 83% фінаў лічаць, што ім варта ўзяцца за зброю ў выпадку ваеннага нападу на іх краіну, нават калі зыход здаецца нявызначаным.
«Гэта добрая краіна для таго, каб жыць у ёй і гадаваць дзяцей. Яе адназначна варта абараняць», — сказала яна.
«У фінаў вельмі моцнае імкненне абараняць нашу краіну», — сказала іншая ўдзельніца курсаў, Сату Міеццінен, яе выхоўвала бабуля, якая была добраахвотніцай падчас Другой сусветнай вайны.
Яна гаварыла Міеццінен, як гаварыліі многім іншым фінам, што Масква можа зноў напасці на Фінляндыю.
«Праз гэта ў мяне заўсёды было такое падазрэнне», — сказаў 36-гадовая жанчына.
Моберг кажа, што яна будзе праходзіць больш курсаў па падрыхтоўцы, каб быць гатовай да крызісу — няважна, гэта будзе буйная аварыя на атамнай станцыі ці стыхійнае бедства.
«Смеласць — гэта не значыць не баяцца, а дзейнічаць, нягледзячы на страх», — сказала яна.