«Хай яшчэ на Месяц свае правы заявяць». Палітыкі смяюцца з ідэі РФ «адмяніць незалежнасці Літвы»
Тое, што ідэя Расіі «адмяніць незалежнасці Літвы» выкліча насмешкі і кпіны, было прадказальна.
Частка літоўскіх палітыкаў вырашыла гэту заяву проста ігнараваць. Так, прэс-служба прэзідэнта краіны Гітанаса Науседы адгукнулася на навіну з Масквы адной фразай: «Мы не будзем каментаваць абсурд».
Міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс сказаў, што «толькі краіна, якой кіруюць зверы, магла пачаць такую вайну ва Украіне, якую пачала Расія». І адзначыў: не варта здзіўляцца, што «і ў палітыцы яны дзейнічаюць не па-чалавечы. Рэагаваць на гэта мы павінны адпаведна — быць гатовымі абараняцца, самі і разам з партнёрамі, з дапамогай палітычных, дыпламатычных і іншых сродкаў».
«Яны з непрыязнасцю глядзяць на заходні свет»
Дзядуля міністра замежных спраў, бацька-заснавальнік сучаснай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс з характэрным для яго сарказмам заўважыў: «Тое, што яны кажуць, — гэта поўны нуль, гэта не мае значэння. Гэта проста сігнал, што яны могуць канчаткова страціць розум і напасці. І скажуць: «Такой дзяржавы не існуе, а калі яе няма, то мы і не нападалі».
Выразную і жорсткую палітычную ацэнку ідэі расійскага дэпутата даў камандуючы УС Літвы генерал-лейтэнант Вальдэмарас Рупшыс. У інтэрв'ю адной з навінавых радыёстанцый ён сказаў: «З 24 лютага свет кажа пра «вайну Пуціна супраць Украіны». Але гэта вайна не толькі Пуціна. Гэта вайна Расіі супраць Украіны. Ініцыятыва Яўгена Фёдарава сведчыць: на жаль, не толькі Пуцін і яго дэпутаты, а большасць грамадзян Расіі настроеныя агрэсіўна. Яны з непрыязнасцю глядзяць на заходні свет».
Дэпутат Сейма Літвы ад партыі кансерватараў Радвіла Маркунайтэ-Мікуленене выказалася вобразна: «Хай яшчэ на Месяц правы заявяць! Пастанову аб аднаўленні незалежнасці прыняў літоўскі народ, і не ва ўладзе Расіі яе адклікаць».