Пастаўкі калійных угнаенняў з Беларусі ў Індыю ўпалі больш чым у два разы. А гэта адзін з асноўных рынкаў
«У параўнанні са студзенем — лістападам 2021 года за аналагічны перыяд 2022 года мы імпартавалі на 55% менш калійных угнаенняў», — паведамілі ў амбасадзе Індыі. У дыпмісіі дадалі, што краіны працягваюць абмяркоўваць магчымасць аплаты паставак беларускіх калійных угнаенняў у індыйскіх рупіях.
Нагадаем, сітуацыя з пастаўкамі беларускіх угнаенняў у Індыю ўскладнілася з-за ўведзеных у дачыненні да Мінска санкцый. Раней паведамлялася, што кампанія Indian Potash Ltd (IPL) мела намер закупіць мільён тон калію ў Беларусі ў 2022 годзе, але пазней папрасіла БКК удакладніць маршруты дастаўкі перад падпісаннем новай угоды на год, паколькі Беларусь пазбавілася транзіту праз краіны Балтыі.
Кантракт так і не быў заключаны.
Яшчэ адна складанасць — аплата. Індыйская кампанія Indian Potash Ltd (IPL) адкрыла рахунак у рупіях у аддзяленні расійскага Ашчадбанка ў Нью-Дэлі ў пачатку лютага 2022 года на просьбу Беларускай калійнай кампаніі (БКК), пасля таго як супраць БКК пачалі дзейнічаць санкцыі ЗША.
Ідэя складалася ў стварэнні механізма правядзення плацяжоў у рупіях і рублях без выкарыстання долараў і еўра. Але плацёж «завіс» з-за адключэння расійскіх банкаў ад SWIFT.
На працягу шэрага гадоў Індыя была адным з ключавых рынкаў збыту беларускіх калійных угнаенняў. На долю краіны прыпадала 13 адсоткаў экспартных паставак «Беларуськалія». Статыстыка па экспарце ўгнаенняў за 2021 і 2022 гады зачынена, таму складана сказаць, які аб'ём калію адправіўся ў Індыю ў мінулыя гады.