Людажэрам там месца. Выглядае, што беларусаў і расіян пусцяць на Алімпіяду
Канец студзеня стаў прайм-таймам гучных заяў Міжнароднага алімпійскага камітэта. Сэнс такі, што спартоўцы краін-ізгояў — Расіі і Беларусі — усё ж могуць прыняць удзел у Гульнях-2024, якія пройдуць у Парыжы. З іх здымуць санкцыі, накладзеныя праз вайну. Іх вернуць у цывілізаваны спартыўны свет, хаця людзей ва Украіне працягваюць забіваць.
Шмат каго такія навіны засмуцілі. Аднак здзіўляцца ім дакладна не даводзіцца.
Лукашэнка вып’е са шпіцам
25 студзеня МАК выступіў з заявай, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту разгледзець пытанне допуску да спаборніцтваў расіян і беларусаў. Пры ўмове, што гэта будзе тычыцца толькі тых атлетаў, якія не заўважаны ў «актыўнай падтрымцы вайны ва Украіне».
Успрымаць гэта можна толькі так: дадзены старт кампаніі, вынікам якой стане ўдзел расійскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях 2024 года.
Ніякіх рашэнняў пакуль не прынята, аднак ілюзіі тут залішнія. Неўзабаве ўсё вырашыцца, і пуцінскія ды лукашэнкаўскія атлеты вернуцца ў «вялікую алімпійскую сям’ю». Пад пераможныя, канешне ж, скокі адурэлай прапаганды, якія хіба крыху прыглушыць адзіная акалічнасць. У Парыж праз паўтара года беларускія і расійскія спартоўцы адправяцца ў нейтральным статусе. Без сцягоў, гімнаў і іншых прыкмет дзяржаўнай прыналежнасці.
Маскву і Мінск, зразумела, гэта не ўзрадуе — усё ж таўро, і яго пабачыць увесь свет. Аднак лепш так, чым ніяк, таму ў Лукашэнкі са шпіцам Умкам і іншымі па-сабачы адданымі паплечнікамі з’явіцца яшчэ адна нагода напоўніць чаркі.
А вось для самога алімпійскага руху ў тым не будзе аніякай сенсацыі. Бо колькі праводзяцца Гульні, столькі ў іх удзельнічаюць усялякія сусветныя людажэры ды гобліны.
Другая сусветная, апартэід і талібы
У сучасную эпоху адхіленне ад Алімпіяды цэлых нацыянальных каманд — велізарная рэдкасць. Каб такія выпадкі пералічыць, хопіць пальцаў адной рукі.
У 1948 годзе да ўдзелу не дапусцілі Германію і Японію — як краіны, што развязалі Другую сусветную вайну. Так, вайна на той момант ужо скончылася, але пра з’яўленне на спаборніцтвах немцаў і японцаў нельга было нават падумаць. Ніхто іх там не хацеў бачыць. Бо і палова свету яшчэ ляжала ў руінах, і пра дзясяткі мільёнаў ахвяр усе памяталі… Дый дзве папярэднія Алімпіяды — у 1940 і 1944 гадах — праз кровапраліцце проста не адбыліся.
З 1964-га па 1988 год Гульні праходзілі без каманды Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. У той перыяд краінай кіравалі расісты, там квітнела палітыка апартэіду. Чорнае насельніцтва прыгняталася, жыло ў галечы і бяспраўі, у тым ліку не мела магчымасці прафесійна займацца спортам. Сітуацыя склалася такая, што нават пры ўсім жаданні чыноўнікі МАК не маглі адкрыць рот і вымавіць сваю адвечную мантру пра «спорт па-за палітыкай». Бо ў адказ раты адкрылі б краіны Афрыкі, якія апартэід ненавідзелі і на Гульнях не пацярпелі б.
Наколькі ўсё было сур’ёзна, паказвае прыклад з сярэдзіны 70-х. Зборная Новай Зеландыі па рэгбі з нейкай дурасці тады згуляла матч з камандай ПАР. І гэта паставіла на дыбкі Чорны кантынент. Афрыканскія краіны запатрабавалі ад МАК дыскваліфікацыі новазеландцаў. А калі не дачакаліся гэтага, то масава — ажно 29 дзяржавамі — байкатавалі Алімпіяду-1976 у Манрэалі.
Трэці выпадак адхілення краіны ад Алімпіяды — Афганістан у 2000-м. Афіцыйны Кабул у той час прадстаўлялі барадатыя дзядзькі ў турбанах і з «калашамі» — фундаменталісцкі рух «Талібан». Ідэалогія гэтага аб'яднання забараняе пад пагрозай ледзь не смяротнага пакарання большасць мастацкіх заняткаў: музыку, жывапіс і гэтак далей. Спорт пад забаронай толькі жаночы, бо не жаночая гэта справа — як і адукацыя, праца ды іншае. Праз такое стаўленне да жанчын МАК і выкінуў Афганістан з Алімпіяды ў Сіднэі.
Важнае ўдакладненне: у той сітуацыі чыноўнікам было няцяжка праявіць прынцыповасць. Афганістан — андэрдог сусветнага спорту, аўтсайдар з галёркі. Што ён ёсць, што яго няма — розніцы аніякай. Напрыклад, на апошняй летняй Алімпіядзе спаборнічалі ўсяго пяцёра афганцаў — чатыры мужчыны і адна жанчына. Усе сышлі з дыстанцыі на стадыі кваліфікацыі.
Дарэчы, у 2021 годзе талібы вярнулі сабе ўладу. Жанчыны там зноў падвяргаюцца дыскрымінацыі. Паглядзім, наколькі паслядоўным будзе МАК у сваіх ацэнках сітуацыі. Пакуль арганізацыя, кіраваная немцам Томасам Бахам, абмяжоўваецца ў адрас Кабула «глыбокай заклапочанасцю» і вербальнымі папярэджаннямі.
МАК умее заплюшчваць вочы
На гэтым, уласна кажучы, усё. Тры выпадкі адхілення за апошнія 75 гадоў. Былі байкоты саміх удзельнікаў — пераважна праз палітыку. Былі спробы альтэрнатыўных стартаў кшталту «Дружбы-1984» у выкананні шэрагу сацыялістычных краін. Былі адмовы па ўнутраных, у тым ліку фінансавых, прычынах. А вось менавіта каб па ініцыятыве МАК некага выкрэслівалі валявым рашэннем — як бачым, гэта з’ява выключная.
Пры гэтым спакою ў свеце не было ніколі. Заўсёды ішлі войны, заўсёды здзяйсняліся ваенныя злачынствы, заўсёды гінулі людзі. Чыніліся палітычныя рэпрэсіі і катаванні, рабіліся генацыды з рэкамі крыві, дыктатары балявалі на касцях людзей.
Ірак за часамі Садама Хусейна. КНДР пад дынастыяй Кімаў. Сірыя з Асадам, Іран з аяталамі. Афрыканскія тыраніі, лацінаамерыканскія сатрапіі, еўрапейскія камуністычныя і фашысцкія дыктатуры. Славутая Алімпійская хартыя пры гэтых рэжымах выконвалася не лепш, чым Канстытуцыя ў лукашэнкаўскай Беларусі. То-бок не выконвалася аніяк. Але МАК цудоўна ўмеў заплюшчваць вочы на некаторыя «нацыянальныя асаблівасці» асобных чальцоў алімпійскага руху. Нават калі яны распачыналі войны і ўрываліся на чужыя тэрыторыі, як Расія ў 2014-м у Крым і Данбас альбо Ірак у Кувейт у 1990-м.
Украіна можа байкатаваць Алімпіяду
Безумоўна, цяперашні напад Расіі на Украіну адрозніваецца ад большасці мінулых войнаў-генацыдаў. Нездарма яго, ажыццёўленага з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі, называюць буйнейшым ваенным канфліктам у Еўропе пасля 1945 года. Некаторыя дык увогуле лічаць Трэцяй сусветнай і маюць сваю логіку. Тут і маштаб, і колькасць ахвяр, і ўскосная ўцягнутасць шматлікіх іншых краін, і эканамічныя наступствы ва ўсім свеце. І што таксама важна: відавочна ілжывыя падставы для нападу, відавочна крыважэрныя намеры і відавочная прага наўпроставага знішчэння суседняй дзяржавы.
Нядзіўна, што міжнародная спартыўная супольнасць адрэагавала на гэта рашуча і аператыўна. Вынікам стала амаль суцэльная ізаляцыя расійскага і беларускага спорту. Ізаляцыя — якраз па ініцыятыве МАК. Аднак прайшоў час, і рашучасці чамусьці паменела. Паступова свет прызвычаіўся да жудасных навін з украінскіх франтоў, наблізіліся чарговыя алімпійскія дэдлайны. І спартыўнае чынавенства, павагаўшыся для прыстойнасці, ужо звыкла выціскае з сябе цвілыя наратывы пра тое, што да спорту нельга прымешваць палітыку. І што расіян з беларусамі нельга пазбаўляць вялікага спартыўнага свята.
Украіну гэта, вядома, абурае. Настолькі, што ў Кіеве разглядаюць варыянт байкоту Гульняў-2024. Нарада па гэтым пытанні запланавана ўкраінскім Нацыянальным камітэтам ужо 3 лютага.
МАК пакуль канчатковага рашэння не анансуе, але яго чарга пакуль і не прыйшла. Слова цяпер за міжнароднымі федэрацыямі. Сігналаў адтуль пакуль няшмат. Хіба што ў баскетбольнай і гімнастычнай епархіях нібыта ўжо гатовы да амністыі ізгояў. Але сумневу няма: як летась федэрацыі падтрымалі заклік МАК да санкцый, так зараз яны падтрымаюць памякчэнне іх.
Адзінае, бадай, што тэарэтычна яшчэ можа сітуацыю змяніць — далучэнне да
ўкраінскай ініцыятывы байкоту іншых краін. Але разлічваць на гэта ў сённяшнім
свеце наіўна. Бо, як мы ўжо ведаем, спорт — апошняе месца, дзе ўкраінцам варта чакаць салідарнасці.