Дупа ў цяпле. Чаму спорт — апошняе месца, дзе ўкраінцам варта чакаць салідарнасці

Колькі тыдняў таму разгарэўся скандал вакол беларускай тэнісісткі Вікторыі Азаранка. Ёй не дазволілі згуляць у дабрачынным турніры ў падтрымку Украіны. Бо яна з Беларусі, адкуль ляцяць ракеты — то ракетку давялося зачахліць.

1__1___1__1.jpg


На першы погляд, рашэнне слушнае — асабліва, калі згадаць, як замілавана Азаранка тусіла з Лукашэнкам да 2020 года. На погляд другі — больш разважлівы — беларуска мала чым вылучаецца з агульнага шэрагу сусветных спартоўцаў, да якіх таксама шмат пытанняў.
Увогуле спорт аператыўна і цвёрда адрэагаваў на ўварванне Расіі ва Украіну. Расійскія спартоўцы, а разам з ім і беларускія, амаль у поўным складзе, так бы мовіць, пайшлі ўслед за адным вядомым караблём. Іх выключылі з еўрапейскіх і сусветных спаборніцтваў, як прадстаўнікоў краін-агрэсараў, якія да таго ж у агульнай масе аніяк не асудзілі вайну.
Але толькі часткова тыя рашэнні грунтаваліся на настроях непасрэдна саміх атлетаў — тых жа футбалістаў, якія адмовіліся ад матчаў са зборнай Расіі. Мэйнстрым задаў Міжнародны алімпійскі камітэт, яго рэкамендацыю падхапілі федэрацыі па асобных відах спорту, а гэта ўсё ж намаганні чыноўнікаў.
Чыноўнікі таксама не коцікі. Выставіць за парог расійцаў з беларусамі ім загадала не сумленне, а агульныя трэнды. Супраць афіцыйных Масквы і Мінска ўводзіліся санкцыі, адтуль сыходзілі сусветныя брэнды. Захаваць у такіх умовах ранейшы парадак азначала б вялікую ганьбу ў медыя, абурэнне заўзятараў і прахалоду з боку спонсараў, за кошт якіх, уласна, спорт і існуе. То-бок: нічога асабістага (амаль), толькі бізнес.
Асабістае ж стала справай асобных спартоўцаў, і вось тут у сэнсе падтрымкі Украіны не ўсё так адназначна.
Калі ўзяць тэніс, дык той жа Азаранка, па вялікім рахунку, няма з каго ўзяць прыклад у антываенных паводзінах. Адзіным, бадай, прадстаўніком гэтай супольнасці, хто выразна падтрымаў украінцаў, стала польская зорка Іга Швёнтэк, якая рабіла гэта і словам, і справай, і выходзіла на корт у жоўта-блакітных колерах.
Каб адчуць розніцу, проста пачытайце, што пра вайну сказаў сусветна вядомы тэнісіст з Іспаніі Рафаэль Надаль: «Я не хачу казаць аб вінаватых або сутнасці праблемы. Скажу толькі, што ў наш час мне наогул здаецца неверагодным, што ідуць войны. Я не магу гэта ўсвядоміць. Спадзяюся, што ўсё як мага хутчэй скончыцца. Гэта жахлівыя навіны».
Пустыя словы, якія годныя для публікацыі ў расійскіх медыя, калі дадаць, што гэта «ўкранацысты» вінаватыя ў вайне.
А гэта амерыканка Серэна Уільямс, сапраўная тэнісная легенда: «Прама цяпер свет у такім хаосе... Сумна назіраць за тым, што адбываецца на Украіне і ў Расіі. Чалавечае жыццё — гэта галоўная каштоўнасць. Абсалютна не мае значэння, адкуль вы. Жыццё павінна быць цудоўным і мець каштоўнасць».
Зноў за ўсё добрае супраць усяго дрэннага. Большасць ж тэнісістаў увогуле аніяк не адрэагавала на расійскую агрэсію.
Што праўда, былі дабрачынныя матчы, а культавы гулец Роджэр Федэрэр ахвяраваў украінскім дзецям 500 тысяч долараў.

federer_nadal.jpg


Прыкладна тая ж карціна назіраецца цягам усіх гэтых сямі месяцаў і ў іншых відах спорту. Яшчэ на пачатку на арэнах бачылі нейкія перформансы ў колерах украінскага сцяга, але потым усё сцішылася. Актыўнасцю больш адрозніваюцца былыя зоркі, кшталту англійскага футбаліста Дэвіда Бекхэма ці чэшскага хакеіста Дамініка Гашэка, дзейныя ж прафесіяналы амаль скрозь занятыя выключна сабой.
У футбалістаў Крышціяну Раналду і Ліанэля Мессі на дваіх пад мільярд падпісчыкаў у інстаграме — наймагутнейшы інструмент, каб рабіць свет лепшым, але чагосьці выразнага дзеля міру ва Украіне вы там не знойдзеце.
Спорт у свеце зараз функцыянуе ў звычайным рэжыме. Не заўважыўшы адсутнасці расійцаў і беларусаў, атлеты спаборнічаюць, радуюцца і засмучаюцца, зарабляюць вялікі прызавыя.
У футболе набірае хаду Ліга чэмпіёнаў. Біятланісты рыхтуюцца да новага сезону. Баскетбалісты нядаўна адгулялі першынства Еўропы. Не тое, каб гэта кепска, і ўсе павінны ўзяць у рукі зброю, каб бараніць Украіну, не — жыццё мусіць працягвацца. Хаця калі ў Крамлі дойдзе да выкарыстання ядзернай зброю, то будуць вам перамогі і паразы на пляцоўках. Проста калі гучаць абвінавачанні на адрас беларускіх атлетаў (апантаныя лукашысты тут па-за ўлікам), якія занадта пасіўныя, то варта згадваць і агульны кантэкст. А ён досыць ідэалістычны.
Так, Вікторыя Азаранка тут раўней за роўных: усё ж беларуска, то-бок ускосна датычная да саўдзелу Лукашэнкі ў вайне. Але ж колькі такіх датычных раскідана па абшарах так званай Саюзнай дзяржавы. І не ва ўсіх іх у кішэні пашпарт РБ ці РФ.
У расійскім і беларускім футбольных чэмпіянатах процьма замежнікаў. І пакуль футбалісты ва Украіне сядзяць у бамбасховішчах, чакаючы сканчэння паветранай трывогі, яны спакойна гуляюць. Іх не бянтэжаць нават Z-свастыкі, якімі аздобленыя ў Расіі стадыёны. Гэта не перашкаджае сербам, харватам, палякам, румынам, галандцам…
Гэта не перашкаджае чэшскаму трэнеру «Арэнбурга», уключыўшы дурня, казаць: «Я ніколі не цікавіўся палітыкай. Я спартовец, мая справа — футбол. Хтосьці можа асуджаць мяне за маё рашэнне, але яно такое».
Безумоўна, шмат легіянераў з’ехала з краін-агрэсараў пасля 24 лютага — гэта факт. Але шмат і засталося — гэта таксама факт.
Кантынентальную хакейную лігу пакінулі шматлікія (але не ўсе) еўрапейцы — працэс стымулявалі іх нацыянальныя федэрацыі. А вось адносна канадцаў аніякі адмінрэсурс на радзіме скарыстаны не быў. Хіба што нядаўна ўрад заклікаў іх пакінуць Расію і Беларусь, бо ці мала што. Здаецца, ніхто так не выехаў. Хаця пасля пачатку вайны не тое што легіянеры, цэлыя клубы пакідалі турнір — як фінскі «Ёкерыт» і рыжскае «Дынама».
Канадскіх хакеістаў у КХЛ шмат. Канада «экспартуе» іх, як Расія нафту і газ. У адным толькі мінскім «Дынама» выступаюць сямёра, і нікога не свярбіць ні ад рэпрэсій, ні ад разгортвання «сумеснай групоўкі», ні ад чутак пра мабілізацыю. Хлопцы займаюцца сваёй справай ды хваляць добрыя мінскія рэстарацыі. Гледзячы на іх, любы хакеіст-беларус лёгка супакоіць нервы: ну, вайна, але вось прадстаўнікі краіны NATO побач і не парацца.
Калі наўпрост цяпер нехта займеў жаданне назваць спартоўцаў беспрынцыпнымі эгаістамі, то называйце — яны наўрад ці пакрыўдзяцца. Бо такая іх прырода. Ад першых крокаў у спорце і асабліва пры выхадзе на добры прафесійны ўзровень яны дбаюць аб адным: каб найлепш рэалізаваць свае талент і працу (у тым ліку яшчэ дзіцячую) у поспехі. У перамогі, тытулы — і, вядома, грошы. Калі дзеля паляпшэння «асабістага брэнду» трэба будзе парупіцца недзе ў Мордары, яны адправяцца ў Мордар. Калі ад салідарнасці з украінцамі прыбудзе толькі лайкаў у сацсетках, то навошта тая салідарнасць?
Зоркі Галівуда нашмат больш разборлівыя. Некаторыя нават прыязджалі ва Украіну, нягледзячы на ўсе рызыкі.
Хутка ў Катары пройдзе футбольны чэмпіянат свету. Праваабаронцы ўжо колькі часу сігналізуюць пра парушэнні правоў чалавека ў гэтай краіне. Падлічана, што толькі пры будоўлі стадыёнаў адмыслова да ЧС там загінулі тысячы мігрантаў — арэны ўзводзілі хутка, на бяспеку закрывалі вочы, дый што там тыя мігранты… Вунь іх чарга стаіць. Футбалісты, канечне, ведаюць пра гэта і часам крытыкуюць сітуацыю. Але чэмпіянат пройдзе ў свой тэрмін, і лепшыя гульцы заб’юць важныя галы.

mw1_780x445.jpg


У 2020 годзе беларусы даведаліся, колькі ў краіне спартоўцаў, якім не ўсё роўна. Якія гатовы ахвяраваць кар’ерай дзеля справядлівасці і лепшай будучыні Беларусі. Іх дакладна аказалася болей, чым тых, хто на супрацьлеглым беразе прысягаў на вернасць лукашэнкаўскаму рэжыму. Яны паказалі, што беларускім спортам можна ганарыцца ў тым ліку за цвёрдую пазіцыю.
Але асноўная частка спартоўцаў прамаўчала тады, маўчыць цяпер і будзе маўчаць надалей. І ў гэтым няма нічога дзіўнага.