Хопіць паліць! У Беларусі за 2022 год адкрылі больш за 100 «Табакерак»

Сетка «Табакерак» летась у Беларусі прырасла больш чым на сотню аб'ектаў гандлю. У асноўным гэта былі шапікі па продажы тытунёвых вырабаў, вынікае з даных гандлёвага рэестра. Актыўней за ўсё свае пункты продажу сям'я «тытунёвага кашалька Лукашэнкі» адкрывала ў сталіцы.

tabakerka_2_1.jpg

У 2022 годзе кампанія «Энерга-Оіл», якая належыць сям'і бізнесмена Аляксея Алексіна, адкрыла 112 новых гандлёвых кропак. Сярод іх 2 крамы, 3 аўтакрамы, 4 павільёны і 102 шапікі. Самым ураджайным для «тытунёвага караля» стаў чэрвень, калі пачалі працаваць адразу 26 аб'ектаў гандлю.
Новыя «Табакеркі» з'явіліся не толькі ў Мінску, але таксама 4 — у Барысаве, 7 — у Віцебску, 5 — у Гомелі, па дзве — у Наваполацку, Мазыры, Рэчыцы, Рудзенску, Бабруйску.

tabakerka_3_1.jpg

Дарэчы, за няпоўны студзень 2023 года кампанія адкрыла яшчэ два гандлёвыя аб'екты — у Івацэвічах і ў Клімавічах.
Усяго ў гандлёвым рэестры зараз налічваецца 3028 аб'ектаў «Энерга-Оіл». Абсалютная большасць з іх — шапікі.
Каму належыць кампанія «Энерга-Оіл»
Кампанія належыць сям'і Аляксея Алексіна. Сам бізнесмен, якога называюць набліжаным да Лукашэнкі, знаходзіцца пад санкцыямі. У студзені 2021 года стала вядома, што Алексін перапісаў кампаніі на сыноў, як мяркуецца, баючыся санкцый. На той момант у схеме бенефіцыярных уласнікаў на сайце «МТБанк» было паказана, што па 40% долі ў кампаніі прыпадае на Віталя і Дзмітрыя Алексіных, яшчэ 20% — на Іну Алексіну (жонку бізнесмена).
У жніўні 2021 года і сама кампанія апынулася пад санкцыямі. А ў красавіку мінулага года ўказам Лукашэнкі бізнес Алексіна выключылі са спісу кампаній, якія маюць выключнае права на імпарт тытунёвай сыравіны і вырабаў.