Ад Турцыі патрабуюць не прымаць і не запраўляць расійскія і беларускія самалёты

ЗША патрабуюць ад Турцыі забараніць беларускім і расійскім авіякампаніям лётаць на амерыканскіх самалётах у краіну, піша www.currenttime.tv. ЗША пагражаюць Турцыі санкцыямі.

_aeraport___samalet__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

ЗША ціснуць на Турцыю, каб турэцкія ўлады забаранілі расійскім і беларускім авіякампаніям лётаць самалётах амерыканскай вытворчасці. Пра гэта піша The Wall Street Journal.

WSJ адзначае, што высокапастаўленыя амерыканскія чыноўнікі папярэдзілі Турцыю пра наступствы (турэмныя тэрміны, штрафы і страту экспартных прывілеяў) наконт прадастаўлення паслуг кампаніям з Расіі і Беларусі. Гэта ў тым ліку дазапраўка і прадастаўленне запчастак самалётам. Нібыта такое паведамленне турэцкім чыноўнікам перадала памочнік міністра гандлю ЗША Тэя Розман Кендлер падчас снежаньскага візіту ў Турцыю.

Папярэджанне Турцыі з'яўляецца ключавым тэстам для ЗША і іх саюзнікаў у пытанні доўгатэрміновай ізаляцыі Расіі, таму што Масква і Мінск спрабуюць знайсці спосаб працягваць эканамічную дзейнасць з дапамогай трэціх краін.

Прадстаўнік Міністэрства гандлю ЗША заявіў, што ведамства не можа каментаваць канкрэтныя факты. Аднак адзначыў, што ўпраўленне па забеспячэнні захавання экспартных правілаў нядаўна папярэдзіла замежныя авіяцыйныя кампаніі аб захаванні амерыканскага экспартнага кантролю ў дачыненні да абслугоўвання расійскіх, беларускіх і іранскіх камерцыйных самалётаў.

Расійскія авіякампаніі працягваюць лётаць на самалётах Boeing — нягледзячы на намаганні ЗША і ЕС гэта забараніць. Дзейнічаюць санкцыі, якія абмяжоўваюць выхад расійскіх самалётаў у паветраную прастору заходніх краін, а таксама адкліканне кантрактаў на лізінг самалётаў і пастаўку запчастак, неабходных для абслугоўвання самалётаў.


Што да беларускай кампаніі «Белавія» — яна пад санкцыямі двойчы: за пасадку Ryanair і за напад на Украіну.

Расійскія і беларускія авіякампаніі з 1 кастрычніка 2022 года выканалі больш за 2100 рэйсаў у Турцыю на самалётах амерыканскай вытворчасці, уключаючы Boeing. Гэтыя рэйсы былі здзейсненыя з Масквы ў Стамбул, Ізмір, Анталію і іншыя гарады, адзначае выданне са спасылкай са спасылкай на звесткі Cirium.

Пасля ўварвання РФ ва Украіну Еўрасаюз закрыў неба для расійскіх самалётаў, а таксама забараніў пастаўкі запчастак для іх, тэхабслугоўванне, падтрымку і страхаванне і абавязаў лізінгавыя фірмы дамагчыся вяртання самалётаў, здадзеных у арэнду расійскім перавозчыкам.

У пачатку сакавіка найбуйнейшы амерыканскі вытворца авіяцыйнай тэхнікі Boeing спыніў тэхнічнае абслугоўванне і падтрымку расійскіх авіякампаній і пастаўкі ім запчастак, такія ж меры здзейсніў еўрапейскі вытворца Airbus. У канцы траўня Bloomberg паведамляў, што запасаў запчастак у авіякампаній з Расіі хопіць на тры месяцы.


Мінтранс Расіі прапанаваў не вяртаць замежныя самалёты без рашэння ўрадавай камісіі. Згодна з прапанаваным дакументам, вяртанне самалёта замежнаму лізінгадаўцу павінна ўхваліць спецыяльная ўрадавая камісія. Калі вяртанне не дазволенае, авіякампаніям прапанавана працягваць карыстацца самалётам да заканчэння тэрміну лізінгавага кантракту — і аплачваць яго ў рублях.