Украіна можа байкатаваць Алімпіяду-2024, калі туды дапусцяць расійцаў і беларусаў
Украіна выступае катэгарычна супраць допуску на спаборніцтвы расійскіх і беларускіх спартсменаў. У адказ на магчымы допуск расійскіх і беларускіх атлетаў да Гульняў-2024 у Парыжы ў Кіеве заявілі, што разглядаюць магчымасць байкоту спаборніцтваў.
Украіна можа байкатаваць летнія Алімпійскія Гульні-2024 у Парыжы з-за пазіцыі Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) дапусціць да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах спартсменаў РФ і Беларусі. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, міністр моладзі і спорту Украіны Вадзім Гутцайт.
«У рамках далейшых кансультацый, арганізаваных МАК, на
жаль, пытанне допуску расіян і беларусаў узнімалася большасцю НАК, — напісаў Гутцайт. — Украіна і
некаторыя дзяржавы-партнёры, якія бралі слова, выступілі супраць гэтага да заканчэння расійскай агрэсіі. Для ўсёй украінскай спартыўнай супольнасці — гэта прынцыповае
пытанне! У гэтым нас падтрымлівае і прэзідэнт нашай дзяржавы і грамадства.
Частка міжнародных федэрацый абурылася спробай МАК
прасоўваць вяртанне расійцаў і беларусаў. Іх лідары ігнаравалі запрашэнне на
Алімпійскі саміт і заявілі аб сваёй пазіцыі на адпаведных кансультацыях МАК.
Недапушчальная такая сітуацыя і для нашай дзяржавы. Мы звярталіся і будзем
звяртацца да ўсіх міжнародных арганізацый, якія могуць паўплываць на сітуацыю і
да меркавання якіх могуць прыслухацца члены МАК. Наша пазіцыя нязменная: пакуль
ва Украіне працягваецца вайна, расійскіх і беларускіх спартсменаў не павінна
быць на міжнародных спаборніцтвах!
У цяперашні час ідзе праца над магчымымі далейшымі крокамі і
першачарговымі мерамі для падаўжэння санкцый і нядопуску расійцаў і беларусаў да
міжнародных спаборніцтваў. Калі нас не пачуюць, я не выключаю магчымасці, што
мы будзем байкатаваць і адмовімся ад удзелу ў Алімпіядзе».
Раней Алімпійскі камітэт Азіі (OCA)
запрасіў спартсменаў з Расіі і Беларусі прыняць удзел у Азіяцкіх гульнях-2023.
Нагадаем, што пра ўдзел расійскіх і беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах гаворка цяпер вядзецца ў кантэкце спецыяльных умоў, якія атлеты дзвюх краін-суагрэсараў мусяць выканаць. Па-першае, яны не павінны быць заўважаныя ў падтрымцы вайны. Па-другое, удзельнічаць у турнірах ім будзе дазволена (калі будзе) толькі ў нейтральным статусе — то бок без аніякіх знакаў прыналежнасці да сваёй краіны (без гімнаў, сцягаў і г.д.).