Расследаванне: Кашалёк Лукашэнкі робіць мільённы бізнес у Еўропе, а страты — за кошт беларускага бюджэту

Аляксандр Шакуцін, які трапіў пад санкцыі ЕЗ як кашалёк Лукашэнкі, працягвае весці прыбытковы бізнес у Германіі. Гэтай кампаніяй ён утоена кіруе праз літоўскую фірму, дзейнасць якой у Літве забароненая, а актывы — замарожаныя.

Аляксандр Лукашэнка (злева), Аляксандр Шакуцін (справа)

Аляксандр Лукашэнка (злева), Аляксандр Шакуцін (справа)




Еўропа-карміцелька

У 2020 годзе бізнесмен Аляксандр Шакуцін патрапіў пад санкцыі ЕЗ за падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
Пасля гэтага дзейнасць яго кампаній у Еўразвязе павінна была быць спынена. Аднак расследаванне «Belarusian Investigative Center» паказала, што ў Германіі ў Шакуціна ёсць кампанія, якая працягвае функцыянаваць і прыносіць прыбытак.
Фірма SV MASCHINEN займаецца пастаўкамі сельгастэхнікі ва Усходнюю Еўропу. Сярод яе партнёраў – Amazone, New Holland і Lemken. Калега расследвальнікаў з Германіі пад выглядам кліента патэлефанаваў у кампанію з просьбай аформіць пастаўку ў Беларусь партыі імпартных камбайнаў. Менеджэрка нямецкага офіса пацвердзіла, што гэта магчыма. Вывучыўшы фінансавыя справаздачы фірмы, расследвальнікі высветлілі, што яе валавы прыбытак у 2020 годзе — €3,5 мільёна.
Апытаныя БРЦ эксперты лічаць, што SV MASCHINEN удалося абысці санкцыйнае заканадаўства ЕЗ дзякуючы заблытанай структуры ўласнікаў. Яна змянілася ў верасні 2020 года, незадоўга да ўвядзення абмежаванняў супраць Шакуціна. Першапачаткова ён валодаў кампаніяй разам з даўнімі партнёрамі: Яраславам Буяльскім, Ігарам Субоціным, Віталём Варатніцкім і Валянцінам Ягоравым.
Цяпер жа сярод уласнікаў з іх застаўся толькі Ягораў, якому належыць 30% фірмы. Астатнія 70% — у літоўскай кампаніі EM SYSTEM.
Гэтая фірма трапіла пад нацыянальныя санкцыі Літвы, і яе актывы на €8 мільёнаў аказаліся замарожаныя, як і яшчэ €6 мільёнаў неразмеркаванага прыбытку.
Прычынай таму — Аляксандр Шакуцін, які саўладае кампаніяй разам з Ігарам Субоціным.
З-за сувязі з EM SYSTEM пад санкцыі патрапіла яшчэ адна літоўская кампанія — Amkodor Baltic. Яе рахункі заблакавалі менавіта за сувязі з Шакуціным, пра што стала вядома з электроннага паведамлення юрыста «Амкадора», якое трапіла ў інтэрнэт.
У Германіі ж сувязь доччынай кампаніі EM SYSTEM з Шакуціным не прасачылі, і яна пазбегла абмежаванняў. Працягвае працу і яе прадстаўніцтва ў Менску: у 2021 годзе яго чысты прыбытак склаў каля $1 мільёна.
Такім чынам, Аляксандр Шакуцін ужо два гады працягвае весці дзейнасць у ЕЗ, нягледзячы на забарону Бруселя. Мы звярнуліся ў Міністэрства фінансаў Германіі за афіцыйным каментаром і чакаем адказ.

Кветкавы атрад

У 2017 годзе Аляксандр Шакуцін ажаніўся другі раз.

132_2.png


Абранніцай 58-гадовага бізнесмена стала 22-гадовая Марыя Сакіркіна, выпускніца БДЭУ і ўдзельніца конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева Вясна». Праз тыдзень пасля вяселля яны накіраваліся ў ААЭ ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі.

142_1.png

А ўжо ў 2020 годзе Марыя пачала займацца бізнесам. Разам са сваім бацькам, а таксама пасынкам, Аляксандрам Шакуціным-малодшым, яна стала саўладальніцай кампаніі «Белмытвілія». Іх агульная доля — 71,25%. Астатняя частка была падзеленая паміж ТАА «Спамаш», якое належыць бацьку і сыну Шакуціным, і венгерскай кампаніяй Lucky Trade Group Hungary, якая была ліквідаваная летась.

152_3.jpg

163_1.jpg


«Белмытвілія» была зарэгістраваная ў Вілейцы, і ў 2020 годзе — калі акцыянерамі кампаніі сталі Шакуціны — эканамічная актыўнасць гэтага раёну рэзка павялічылася. За студзень-верасень экспарт вырас у 7 разоў ($94 мільёны), у параўнанні з тым жа перыядам 2019, а імпарт — у 47 разоў ($204 мільёны).
У 2021 годзе ў тыя ж дзевяць месяцаў раён працягваў нарошчваць знешні гандаль. Агульны абарот тавараў да верасня склаў $362 мільёны. З іх экспарт — $125, а імпарт $236 мільёнаў.
Але ўжо напрыканцы 2021 года Вілейка перастала дэманстраваць анамальную эканамічную актыўнасць, і гэта супала з пераездам з раёну «Белмытвіліі».
Кампанія працавала ў Вілейцы з моманту заснавання ў 2007 годзе, але яе дзейнасць была даволі сціплай, а ў 2019 годзе — нават стратнай. З прыходам у кіраўніцтва Шакуціных фірма паказала рэзкі рост: выручка вырасла ў 1878 разоў, дасягнуўшы амаль 300 мільёнаў рублёў, а чысты прыбытак склаў 11,3 мільёна рублёў.
У 2021 годзе выручка «Белмытвіліі» дасягнула 362 мільёнаў рублёў.
Згодна з матэрыяламі расейскіх арбітражных судоў, сфера дзейнасці фірмы — рээкспарт кветак у Расею. Гэты бізнес расквітнеў у 2011 годзе, калі Аляксандр Лукашэнка сваім указам стварыў ільготы для імпарту з мэтай рээкспарту. Пастанова поўнасцю вызваліла імпарцёраў ад выплаты ПДВ, пры ўмове, што тавар будзе вывезены з Беларусі. Гэта дазваляла беларускім рээкспарцёрам не выплачваць падаткі ў дзяржбюджэт і зарабляць на гэтым звышпрыбыткі.
З гэтага пачаўся масавы рээкспарт кветак з Беларусі ў Расею. Там ПДВ плаціць было трэба, таму пры пастаўках кошт тавараў у разы заніжаўся. Удзельнічалі ў гэтай схеме і Аляксандр Шакуцін разам з сынам праз іх фірму «Логекс».
Пастановай рады міністраў Беларусі фінансавая справаздачнасць гэтай кампаніі была ўтоеная.
Але звышпрыбытак новага кветкавага бізнесу Шакуціных расследавальнікам удалося ацаніць.
Выручка «Белмытвіліі» за два гады кіраўніцтва Шакуціных склала $264 мільёны. 20% ад гэтай сумы жонка, сын і цесць Шакуціна павінны былі заплаціць у дзяржбюджэт як ПДВ пры імпарце, але Лукашэнка сваім указам асабіста вызваліў іх ад гэтага.

Рука руку мые

Аляксандра Шакуціна неаднаразова заўважалі ў блізкім асяроддзі Аляксандра Лукашэнкi. Ён нават ездзіў да яго цешчы і збіраў з ім бульбу.

Крыніца: T*T.BY

Крыніца: T*T.BY


У 2020 годзе Шакуцін быў сярод запрошаных гасцей на «таемнай інаўгурацыі».
Акрамя таго, Лукашэнка дапамог Шакуціну з грашыма, калі той у 2016 годзе вырашыў узвесці шматфункцыянальны комплекс «Шантэр Хіл» плошчай 140 тысяч квадратных метраў побач з Драздамі і Мінск-Арэнай.
Галоўным інвестарам праекту была кітайская кампанія Citic Group, якая вылучыла на яго $120 мільёнаў. Шакуцін адзначыў, што крэдыт выдадзены «на льготных умовах і з добрым тэрмінам» і, зноў жа, не без дапамогі Аляксандра Лукашэнкі.
Таксама Шакуцін неаднаразова лятаў з Лукашэнкам на дзяржаўным борце №1. Паводле расследавальнікаў, дакладна вядома, што яны разам ляталі ў Кітай, Венесуэлу, Катар і ААЭ.
Напрыклад, у кастрычніку 2017 года Шакуцін і Лукашэнка адправіліся ў Абу-Дабі. Афіцыйна гэтая паездка называлася «працоўным візітам», але была больш падобная на адпачынак. Публічна аб візіце было абвешчана 27 кастрычніка, але дзякуючы «Кіберп*ртызанам» стала вядома, што «борт №1» вылецеў з Менска за два дні да гэтага. Пры гэтым кампанію Шакуціну і Лукашэнку склалі першая настаўніца Мікалая Лукашэнкі і яго выкладчыца фартэпіяна, а таксама – спявачка, лекарка і дзяўчына са службы пратаколу.
За 12 дзён, якія яны былі ў ААЭ, Лукашэнка меў дзве афіцыйныя сустрэчы. Адна – з наследным прынцам Абу-Дабі, другая – з тагачасным прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Большую частку свайго часу сям'я Шакуціных праводзіць у Беларусі. У прэстыжным менскім мікрараёне Вяснянка ў іх ёсць катэдж, які эксперты расследавальнікаў ацанілі ў $1 мільён.
Паводле інфармацыі СМІ, суседзі Шакуціных – былая кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова, бізнесмен Сяргей Цяцерын і артыст Анатоль Ярмоленка.
Акрамя таго, у 2016 годзе Аляксандр Шакуцін купіў кватэру на праспекце Пераможцаў у Лебядзіным. Яе кошт ацэньваецца ў $250 тысяч.
У Марыі Шакуцінай ёсць кватэра на яе малой радзіме, у Жлобіне. Яна атрымала яе ў падарунак у 2017 годзе, за два тыдні да вяселля.

Справа тэхнікі

Аляксандр Шакуцін вядомы як адзіны буйны бізнесмен у прамысловай галіне Беларусі. Больш за 20 гадоў ён савалодае холдынгам «Амкадор», які вырабляе пагрузчыкі, укладчыкі асфальту і тэхніку для меліярацыі. Каля трэці гэтай прадукцыі пастаўляецца на экспарт, у асноўным – у Расею. Да прыходу Шакуціна прадпрыемства працавала ўжо каля 70 гадоў і апошнія 10 з іх уяўляла сабой прыватную структуру з невялікай доляй дзяржавы. Разам з партнёрамі з Непала Шакуцін паступова выкупіў долі ў асобных акцыянераў і такім чынам атрымаў кантрольны пакет «Амкадора».


Прыватызацыя значна ўмацавала пазіцыі Шакуціна, і ў 2013 годзе яго назвалі другім найбольш уплывовым бізнесменам Беларусі. Для самога «Амкадора», аднак, у доўгатэрміновай перспектыве гэта мела адваротны эфект: прадпрыемства пачало працаваць у мінус. Кампенсуе страты холдынг з дапамогай пазык з дзяржбюджэту. На канец 2021 года доўгатэрміновы доўг дасягнуў прыкладна $120 мільёнаў. Непакрытыя страты — $42 мільёны.
У канцы таго ж 2021 года Аляксандр Лукашэнка выдаў указ «Аб стабілізацыі фінансавага стану арганізацый», вылучыўшы Шакуціну пазыку прыкладна на $50 мільёнаў пад адну другую стаўкі рэфінансавання (каля 4% гадавых). Акрамя таго, гэтую пазыку не абавязкова аддаваць грашыма. Указ прадугледжвае магчымасць узаемазаліку і пагашэнне доўгу акцыямі.
Наяўнасць рэгулярных дзяржсубсідый абвяргае ходкае ўяўленне, быццам «Амкадор» праяўляе «сацыяльную адказнасць», забіраючы стратныя прадпрыемствы ў дзяржавы ў свой холдынг. Бо сам ён часткова фінансуецца за кошт падаткаплацельшчыкаў.
Матэрыял створаны пры садзейнічанні JournalismFund