Праз санкцыі еўрапейскія кампаніі адмаўляюцца супрацоўнічаць з «Амкадорам»
Пасля ўвядзення санкцый супраць Аляксандра Шакуціна, аднаго з галоўных акцыянераў «Амкадора», ад супрацоўніцтва з кампаніяй пачынаюць адмаўляцца еўрапейцы, гэта ўжо адчуваецца ў Беларусі. Разам з няпэўным становішчам «пры двары» будучыня яго бізнес-імперыі выглядае туманна, піша «Наша Ніва».
Хоць пакуль не ўводзіліся санкцыі супраць юрыдычных асоб, падкантрольных Шакуціну, заходнікі вельмі часта спыняюць супрацоўніцтва з кампаніямі таксічных уласнікаў. І пытанне не толькі ў рэпутацыйных і палітычных рызыках.
Калі супраць кампаній падсанкцыйнага бізнесмена ўсё ж увядуць абмежаванні, то немагчымасць праз гэта выканаць кантракты перад контрагентамі пацягне вялікія штрафы. Таму заходнікі страхуюцца.
І хаця Шакуцін у размове з прэсай працягвае настойваць на «неадчувальнасці санкцый», ужо вядомыя канкрэтныя прыклады адмаўлення ад супрацоўніцтва.
Падобная інфармацыя, напрыклад, прыходзіць з завода «Амкадора» ў Маладзечне.
«Ёсць праблемы з камплектуючымі з Еўропы. У Маладзечна ўжо дакладна няма паставак з заводу фінскай кампаніі Kesla, — кажуць работнікі завода. — Іх дэталі патрэбныя для кабін лесапрамысловага комплексу, якія пастаўляюцца ў Карэлію.
Пэўны запас камплектуючых ёсць, пакуль завод працуе з імі, але яны хутка скончацца і будзе праблема: ці шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў вялікіх і складаных дэталей — а гэта няпроста, ці пераарыентоўвацца на выраб нечага іншага».
Таксама ў рэдакцыю «Нашай Нівы» трапіў англамоўны ліст ад «калектыва работнікаў холдынга "Амкадор"» да еўрапейскіх партнёраў кампаніі.
У ім канстатуецца:
— абмежаванне работы холдынга на тэрыторыі ЕС і немагчымасць усіх фінансавых аперацый;
— абмежаванне закупак інструментаў і камплектуючых.
У размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» па пытаннях еўрапейскіх паставак Аляксандр Шакуцін адказваў узаемавыключэннямі.
«Ні з чым няма праблем, у Маладзечне няма ніякіх праблем, — сказаў ён, але адразу ж удакладніў: — З еўрапейцамі праблемы ёсць, але гэта тыя праблемы, якія прымушаюць нас хутчэй ствараць уласныя камплектуючыя і не звяртаць увагі на Захад».
Разам з тым Шакуцін накінуўся на тых, хто ўводзіць санкцыі.
«Тыя, хто ўводзяць санкцыі, злачынцы! Людзі без гонару і сумлення, вядуць злачынную дзейнасць у дачыненні да беларускага народа: людзі недаатрымліваць грошы, бюджэт таксама, пенсіі недафінансуюцца. Яны амаральныя [людзі], і гэта пахне не дэмакратыяй, а экстрэмізмам», — выгаварыўся Шакуцін.
Журналісты таксама спыталіся ў яго пра лёс сервісных цэнтраў «Амкадора» ў Еўрасаюзе, дзе абслугоўваецца тэхніка прадпрыемства. Паводле інфармацыі карэспандэнтаў, іх усяго восем. Сэрвісныя цэнтры высокарэнтабельныя. Але толькі пры іх існаванні для еўрапейскіх фермераў мэтазгодная масавая закупка беларускай тэхнікі. Калі цэнтры закрыюцца, рамантавацца не будзе як, логіка ў набыцці тэхнікі «Амкадора» згубіцца.
«Ну, там жа заходнія рабочыя працуюць. Калі закрыюць цэнтры, то яны пойдуць на вуліцу. А тыя, хто купіў тэхніку, будзе з ёй прастойваць», — адказаў Шакуцін, не канкрэтызаваўшы, якая канкрэтна цяпер сітуацыя з сэрвіснымі цэнтрамі, ці працуюць яны цяпер.
Таксама Шакуцін сцвярджае, што ўпаў кошт акцый тых партнёраў, якія перасталі з ім працаваць.
«Мы мала залежым ад Захада, іх доля камплектуючых ад 5 да 7 працэнтаў. Трэба — пачнём рабіць самі, я праблем не бачу», — запэўнівае Шакуцін.
Аб тым, што «праблем у яго няма» бізнесовец сказаў з дзясятак разоў цягам пяці хвілін. Праўда, яшчэ ў дакрызісным 2019-м, паводле дадзеных аўдыту, холдынгу патрабаваліся маштабныя фінансавыя ўліванні, каб неяк ажыць.
Але нават калі абмежавацца ад гісторыі з «Амкадорам», складана знайсці прыклад поспеху.
У 2018-м Шакуцін страціў адзін са сваіх узорных актываў: пакет «Амкадора» ў шклоўскім сельскагаспадарчым холдынгу ТАА «Купалаўскае» аказаўся ў дзяржаўнай уласнасці, хоць інвестыцыі ў тыя комплексы з боку Шакуціна былі шматмільённыя.
Як пляткараць у бізнес-колах, гэтая дзіўная змена ўласнасці мае сувязь са «справай медыкаў», у якую зацягнула брата Шакуціна, дырэктара фарамацэўтычнай кампаніі «Іскамед» Сяргея Шакуціна (фармацыя перайшла яму ў «спадчыну» ад Аляксандра — ён займаўся ёю да сыходу ў вытворчасць).
Шакуцін стварыў у Магілёўскай вобласці паспяховы сельскагаспадарчы комплекс, уваліў процьму грошай, але ў выніку ўласнасць адышла дзяржаве
Незразумелы таксама лёс гіганцкага комплекса «Шантэр-Хіл» на праспекце Пераможцаў, які Шакуцін пачынаў будаваць яшчэ ў 2016-м годзе.
У 2021-м, ва ўмовах краху эканомікі, незразумела, што рабіць са 142 тысячамі квадратных метраў. Як вядома «Нашай Ніве», перапрафіляваць комплекс пад жыллё — адзінае, што рэальна цяпер прадаць, — у Шакуціна не атрымалася.
Паводле слоў Шакуціна «Народнай Волі», таксама вядома, што ён нясе адказнасць па даўгах правальнага холдынга «Салеа», дзе быў гарантам. У выніку на прыватную маёмасць Шакуціна ў Беларусі накладзены арышт, выезд за мяжу забаронены.
Калі не здарыцца нечага эсктраардынарнага, Шакуцін рызыкуе паўтарыць лёс Юрыя Чыжа. У першай палове 2010-х яны займалі першае і другое месца ў рэйтынгу самых паспяховых бізнесменаў краіны. За наступныя гады Чыж пазбавіўся кампаній, захрас у даўгах, перастаў быць уплывовай бізнес-фігурай.
Шакуцін жа ўжо апусціўся на 20-е месца.