Барэль: Еўрасаюз разглядае магчымасць далейшых санкцый у дачыненні да Беларусі
Еўрасаюз разглядае магчымасць прыняцця далейшых санкцый у дачыненні да Беларусі, заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль 22 лютага на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы Савета міністраў замежных спраў краін ЕС у Бруселі.
— У Беларусі працягваецца ўзмацненне рэпрэсій, працягваюцца пераследы людзей і грамадзянскай супольнасці, — сказаў ён. — Мы разглядаем магчымасць прыняцця далейшых санкцый, а тым часам мы працягнем падтрымку беларускага народа ў яго законным імкненні да дэмакратыі, падтрымліваючы грамадзянскую супольнасць і ўводзячы санкцыі супраць тых, хто адмаўляе асноўныя палітычныя правы.
Раней каманда Святланы Ціханоўскай заяўляла, што чакае
разгляду чацвёртага пакета санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў у
канцы лютага — пачатку сакавіка. У новым спісе, які рыхтуецца для зацвярджэння
санкцый — 165 імёнаў. Гэта ў дадатак да тых 90 фізічных і юрыдычных асоб,
якія ўжо ўнесены ў абмежавальныя спісы. Сярод іх — Мікалай Карпянкоў, начальнікі
РУУС.
Як патлумачыў TUT.BY дарадца Ціханоўскай па міжнародных
справах Франак Вячорка 22 лютага, пакуль праекта чацвёртага пакета санкцый
няма.
— Зараз няма нават праекта санкцый, мы працуем над тым, каб
міністры замежных спраў краін ЕС сабраліся па гэтым пытанні ў сакавіку, — сказаў Франак Вячорка.
Нагадаем, з кастрычніка мінулага года ЕС увёў ўжо тры пакеты санкцый супраць Беларусі.
У першым санкцыйным пакеце супраць Беларусі, які быў прыняты
ЕС 2 кастрычніка, значылася 40 беларускіх афіцыйных асоб — сілавікоў
(прадстаўнікоў МУС і КДБ) і сябраў ЦВК, у дачыненні да якіх былі ўведзеныя
персанальныя абмежаванні.
Другі пакет санкцый быў прыняты 6 лістапада: Еўрасаюз увёў
абмежаванні ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і 14 высокапастаўленых
чыноўнікаў, у тым ліку да памочніка прэзідэнта Віктара Лукашэнкі, кіраўніка
Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сяргеенкі, кіраўніка КДБ Івана Церцеля, начальніка
Следчага камітэта Івана Наскевіча, кіраўніка ААЦ Андрэя Паўлючэнкі,
прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і іншых.
17 снежня Еўрасаюз прыняў трэці пакет санкцый у дачыненні да
беларускіх улад і бізнесу. У спіс увайшлі 29 фізічных і сем юрыдычных асоб, у
тым ліку ААТ «140-ы рамонтны завод», ААТ «Агат — электрамеханічны завод», ААТ
МЗКЦ, ЗАТ «Белтэхэкспарт», дзяржаўная ўстанова «Галоўная гаспадарчая ўправа»
Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Dana Holdings і ТАА
«Сінезіс».