Новыя санкцыі: Ні мікраэлектронікі, ні імпартазамяшчэння, ні «беларускіх кампутараў»

Сяргей Чалы разважае пра новыя абяцаныя Беларусі санкцыі і кажа, што ў самым горшым выпадку будзе раўнаванне санкцыйнага рэжыму беларускага з расійскім. А яшчэ аналітык тлумачыць, чаму ў Беларусі ва ўпор не бачаць рэцэсію.

_belarus_zima_2023_horad_ljudzi_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4_.jpg

Нацыянальны банк Беларусі знізіў стаўку рэфінансавання да 11,5% — і спаслаўся на устойлівае запаволенне інфляцыі. Аднак эканаміст Сяргей Чалы лічыць гэта паказным «сімвалічным дзеяннем».

—  На самай справе, зніжэнне на паўпрацэнтнага пункта — гэта вельмі маленькі крок, —  кажа эксперт у новым выпуску праграмы «Чалы. Эканоміка», —  стаіць задача паказаць: маўляў, тэндэнцыя сапраўды пераламаная, і мы такім чынам яе замацоўваем.

Але анекдот заключаецца ў тым, што я ніколі яшчэ не бачыў такога дзіўнага і такога супярэчлівага стэйтмента, якім гэта рашэнне суправаджаецца. Гэта значыць, інфляцыя зніжаецца, кажа Нацбанк, у адказ на гэта зніжаюцца інфляцыйныя чаканні, і таму адбываецца прыток рублёвых сродкаў у банкаўскую сістэму, што ўвогуле лагічна.

Але разам з тым, тут жа дадае рэгулятар, на фоне зніжэння працэнтных ставак дэпазітнага рынку ашчадная актыўнасць застаецца стрыманай, у тым ліку «ў сілу падвышаных інфляцыйных чаканняў».

Як мы бачым, адзін за адным ідуць два сказы, якія супярэчаць адно аднаму. Альбо ў вас такі адбываецца паляпшэнне і інфляцыйныя чаканні памяншаюцца, альбо правільны другі сказ — і ашчадная актыўнасць застаецца слабой, таму што інфляцыйныя чаканні па-ранейшаму высокія.

Зрэшты, на думку аналітыка, такая відавочная супярэчнасць ні разу не здзіўляе, паколькі выдатна ўпісваецца ў паводзіны ўсіх беларускіх міністэрстваў ды органаў, якія рэгулююць і кіруюць.


— У іх цяпер перыяд здзяйснення «колаў пашаны», — працягвае эканаміст. —  Каго ні паслухаеш, напрыклад, намеснік міністра эканомікі Дзмітрыя Ярашэвіча, гучаць заявы тыпу «быццам бы ў нас ужо склаліся ўмовы для таго, каб эканоміка развівалася».

Асабліва смешна гэта чуць на фоне таго, што паслядоўна практычна ўсе аналітычныя цэнтры, уключаючы тыя, якія ацэньваюць сусветную эканоміку і яе ўплыў на беларускую, пагаршаюць прагнозы — і па сусветнай эканоміцы, і, адпаведна, па рэгіёне і па Беларусі.

Напрыклад, кажа Сяргей Чалы, каманда расійскага цэнтра макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання ўжо даволі доўга называе тое, што адбываецца, няўстойлівай рэцэсіяй:

— Было моцнае падзенне ў раёне красавіка 2022-га, і з тых часоў эканоміка «ляжыць» на адным і тым жа ўзроўні, гэта класічны сцэнар L-падобнай рэцэсіі.

А акрамя ўплыву сусветнай эканомікі, якая, нават калі атрымаецца пазбегнуць сур'ёзнай рэцэсіі, усё роўна запавольваецца, і расійскай, дзе рэцэсія застаецца, Беларусь сутыкаецца з уласнымі праблемамі. Так, ужо анансаваны новы раўнд эканамічных санкцый супраць рэжыму (паводле інфармацыі Bloomberg, абмежаванні могуць закрануць ключавыя тэхналогіі і энергетычны сектар краіны — Рэд.).


— У самым горшым выпадку, —  адзначае аналітык, —  гэта будзе раўнаванне санкцыйнага рэжыму беларускага з расійскім. І гэта зусім дрэнна, таму што тады мы ніякай мікраэлектронікі не ўбачым, ніякага імпартазамяшчэння, ніякіх, натуральна, «беларускіх кампутараў» на працэсары Intel.

Праз Беларусь усё яшчэ пастаўляюць камплектуючыя, якіх у Расіі няма, але гэтыя дзіркі хочуць закрыць. І гэта на самай справе ставіць пад пагрозу ўсю «бізнэс-мадэль» супрацоўніцтва з РФ па імпартазамяшчэнні, па адзінай прамысловай палітыцы і гэтак далей.

Беларусь і далей планавала перабудоўвацца пад патрэбы Расіі, галоўным чынам, абаронную прамысловасць, таму што сур'ёзна ні адна, ні другая краіна не здольныя адказаць на абмежаванні, звязаныя з спажывецкімі рэчамі (электроніка, аўтамабілі і т. п.) за выключэннем вузкіх нішаў.

Паводле gazetaby.com

Пераклад НЧ