МАК прапанаваў дапусціць да спаборніцтваў спартоўцаў з Беларусі, якія не падтрымліваюць вайну
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) пацвердзіў уведзеныя раней абмежаванні супраць беларускіх і расійскіх спартоўцаў і нават заклікаў да іх узмацнення. Але прапанаваў дапусціць да спаборніцтваў у нейтральным статусе тых, хто не падтрымаў вайну ва Украіне.
Такія захады ўтрымліваюцца ў апублікаванай заяве МАК ад 25 студзеня аб салідарнасці з Украінай, санкцыях супраць Беларусі і Расіі і статусе спартоўцаў з гэтых краін.
У дакуменце падкрэсліваецца, што ў Расіі і Беларусі не могуць праводзіцца ніякія міжнародныя спаборніцтвы, якія арганізуюцца або падтрымліваюцца міжнароднымі федэрацыямі або нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі. Акрамя таго, сцяг, гімн, колеры або любыя іншыя апазнавальныя знакі Расіі і Беларусі не павінны дэманстравацца ні на адным спартыўным мерапрыемстве, у тым ліку на аб'екце яго правядзення.
Што тычыцца атлетаў з расійскім ці беларускім грамадзянствам, у арганізацыі заявілі, што «ні аднаму спартсмену нельга перашкаджаць у спаборніцтвах толькі з-за яго пашпарта». Прапануецца дадаткова вывучыць магчымасць удзелу спартсменаў з Беларусі і РФ у спаборніцтвах, аднак пры пэўных умовах.
Так, спаборнічаць у нейтральным статусе змогуць толькі тыя спартсмены, якія цалкам выконваюць алімпійскую Хартыю — не выступалі супраць міратворчай місіі МАК, не выказалі актыўную падтрымку вайне ва Украіне, а таксама выконваюць правілы Сусветнага антыдопінгавага кодэкса. Пры гэтым спартсменам у любым выпадку прыйдзецца прайсці індывідуальную праверку.
«У выпадку невыканання спартсменам крытэрыяў допуску або строгіх умоў удзелу міжнародныя федэрацыі або арганізатары спаборніцтваў павінны неадкладна зняць яго са спаборніцтваў, адхіліць ад далейшых выступленняў і паведаміць пра інцыдэнт у МАК», — гаворыцца ў заяве.
У МАК таксама выказалі аднадушную падтрымку ўкраінскім спартсменам і алімпійскай супольнасці Украіны.
Нагадаем, што ў канцы лютага мінулага года МАК рэкамендаваў не дапускаць спартсменаў з Расіі і Беларусі на міжнародныя спаборніцтвы з-за падзей ва Украіне. Большасць федэрацый падтрымала і выконвае гэтыя рэкамендацыі.
19 чэрвеня кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах заявіў, што МАК у бліжэйшы час не плануе адмяняць рэкамендацыі аб адхіленні ад спаборніцтваў расійскіх і беларускіх спартсменаў.