Чалец МАК назваў малаверагоднымі шанцы беларусаў і расійцаў на ўдзел у Алімпіядзе-2024

Расійскія і беларускія спартсмены наўрад ці змогуць прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы з-за адхілення ад міжнародных спаборніцтваў, што робіць немагчымым іх удзел у адборы на Гульні. Такое меркаванне The Guardian выказаў былы кіраўнік Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA), член МАК Крэйг Рыдзі.

«Баюся, прыйдзецца прымаць рашэнне аб тым, што рабіць з кожнай з гэтых дзвюх краін. І я мяркую, што агульнае меркаванне будзе заключацца ў тым, што яны не павінны адбірацца на Гульні, — сказаў Рыдзі. — Думаю, што большасць цяпер спрабуе зразумець, як мы маглі б дамагчыся некаторай ступені прадстаўніцтва гэтых краін. На дадзены момант няма выразнага спосабу зрабіць гэта. Таму падтрымліваецца статус-кво».

Паводле слоў Рыдзі, праблема ў тым, што цяпер, прыкладна за два гады да Гульняў у Парыжы, пачынаецца кваліфікацыйны перыяд, афіцыйна ўстаноўлены міжнароднымі федэрацыямі і МАК. «Узнікае рэальная праблема для федэрацый, якія дзейнічаюць па выразнай інструкцыі не запрашаць расійцаў і беларусаў для ўдзелу ў спаборніцтвах. Таму на першы погляд малаверагодна, што хтосьці з іх зможа прайсці кваліфікацыю, акрамя як у трох відах спорту, якія дзейнічалі інакш. І ці змогуць яны нават кваліфікавацца? Я не ўпэўнены», — адзначыў Рыдзі.

Рыдзі адзначыў, што спартсменам з дзвюх гэтых краін будзе складана пачаць выступаць у кваліфікацыйных спаборніцтвах, калі яны ўжо пачаліся. «Калі думаць пра спартоўцаў з іншых краін, то вельмі складана будзе сказаць ім на паўдарогі: «Усе вы, хто ўжо прайшоў кваліфікацыю, мы змянілі правілы», — дадаў Рыдзі.

МАК у канцы лютага рэкамендаваў не дапускаць спартсменаў з Расіі і Беларусі на міжнародныя спаборніцтвы з-за падзей ва Украіне. Большасць федэрацый падтрымала гэтыя рэкамендацыі. 

19 чэрвеня кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах заявіў, што МАК у бліжэйшы час не плануе адмяняць рэкамендацыі аб адхіленні расійскіх спартсменаў.

Паводле РБК.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: