Набылі моц дадатковыя санкцыі ЕС — у тым ліку і па транзіце праз Калінінград
Абмежаванні датычацца ўвозу расійскай прадукцыі на тэрыторыю Еўрапейскага саюза.
Забарона на ўвоз цэменту, спірту і іншых тавараў расійскай вытворчасці была прадугледжаная 4-м пакетам еўрапейскіх санкцый. У дакуменце ўказваецца, што Расія атрымлівае значны даход ад гэтых тавараў і таму можа ажыццяўляць дзеянні, якія дэстабілізуюць сітуацыю ва Украіне. Пэўныя выключэнні прадугледжаныя толькі для хлорыстага калія і мінеральных або хімічных угнаенняў, якія змяшчаюць азот, фосфар і калій. З 5 снежня 2022 года і ў лютым наступнага года санкцыі ЕС таксама павінны распаўсюджвацца на расійскую нафту і адпаведныя нафтапрадукты (з асаблівымі ўмовамі).
Чакалася, што абмежаванні не закрануць транзіт праз Калінінградскую вобласць РФ, але Еўрапейская камісія вырашыла інакш — і транзіт падсанкцыйных тавараў ад 10 ліпеня з Расіі праз Калініград таксама немагчымы.
МЗС Літвы, каментуючы гэтае пытанне, падкрэслівае, што гаворка не ідзе пра поўнае спыненне транзіту: «Транзіт пасажыраў і грузаў, не якія падпалі пад санкцыі ЕС, працягваецца. Літва не ўводзіла аніякіх аднабаковых, індывідуальных ці дадатковых абмежаванняў на гэты транзіт».
Прадстаўніца Мытнага дэпартамента па сувязях са СМІ Ліна Лаўрынайцітэ-Грыгенэ паведаміла, што заканчэнне пераходнага перыяду для ўвозу і вывазу рсійскіх тавараў не з'яўляецца нечаканасцю.
«Гэтыя санкцыі былі ўведзеныя 9 красавіка 2022 года. Дагляд грузаў як пры кантролі выпадкаў магчымай кантрабанды, так і пры ажыццяўленні санкцыйнага кантролю адбываецца аналагічным чынам. З уступленнем у сілу новага спісу падакцызных тавараў аб'ём працы павялічваецца, бо даводзіцца аналізаваць большы аб'ём інфармацыі. Мытня гатовая да рэалізацыі санкцый», — сказала яна.
Наступнае пашырэнне абмежаванняў чакаецца 10 жніўня 2022 года, калі павінен уступіць у сілу забарона на вугаль і іншыя віды цвёрдага выкапнёвага паліва.
Нагадаем, 18 чэрвеня Літва ўвяла забарону на чыгуначны транзіт праз сваю тэрыторыю ў Калінінградскую вобласць тавараў, якія трапілі пад еўрапейскія санкцыі. У МЗС Літвы патлумачылі, што гэта не азначае поўную забарону транзіту тавараў паміж Калінінградскай вобласцю і Расіяй. Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс тады заявіў, што абмежаванні былі ўведзеныя пасля кансультацыі з Еўракамісіяй. У Крамлі таксама паабяцалі меры ў адказ на «блакаду» Калінінграда.