«А чым Украіну замяніць?» Эканаміст распавёў, як зніжаецца беларускі экспарт

Беларускі экспарт у Расію ў доларавым вымярэнні дасягнуў гістарычнага максімуму і цяпер складае больш за палову ад агульнага экспарту Беларусі. Але фізічныя паказчыкі экспарту пры гэтым упалі, нават у Расію, і замены ўкраінскаму і еўрапейскаму рынкам пакуль не знайшлося, расказаў «Н*шай Н*ве» эканаміст Зміцер Крук.

imgl1084_d305d.jpg

Фізічныя аб'ёмы скараціліся

Першае, на што звяртае ўвагу эканаміст BEROC Дзмітрый Крук, рэкорд пастаўлены выключна ў валютным вымярэнні, а не ў фізічным.

«Гэта вельмі важны момант, бо для ВУП, заробкаў, узроўню беспрацоўя і г.д. асноўнымі паказчыкамі з’яўляюцца менавіта фізічныя аб’ёмы. І тут аб’ём экспарту ў Расію не толькі не павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года, але і паменшаў на 5 працэнтаў. І хоць бягучыя аб'ёмы экспарту ў Расію застаюцца вялікімі, яны істотна меншыя за тыя пікі, якія назіраліся ў другой палове 2021 года», — адзначае эксперт.

У сваю чаргу, рост аб’ёмаў экспарту ў валютным вымярэнні з’яўляецца вынікам высокіх цэнаў на фоне рэкорднай глабальнай інфляцыі, якая дадаткова падштурхоўваецца цэнамі на харчовыя тавары і энерганосьбіты. Менавіта з гэтай прычыны атрымалася, што, нягледзячы на скарачэнні фізічных аб’ёмаў, у доларавым вымярэнні паказчыкі экспарту ў Расію паказалі прырост і абнавілі гістарычны максімум.

Экспарт у ЕС скараціўся больш, чым на палову

Вырасла і доля расійскага рынку ў беларускім экспарце.

Гэтыя змены адбыліся не за кошт нарошчвання аб’ёму продажаў у Расію, а праз значнае скарачэнне экспарту ў іншыя краіны. Раней (у 2015-2019 гадах) экспарт у РФ займаў каля 40 адсоткаў, цяпер гэта ўжо больш за 50%.

Экспарт з Беларусі ў краіны ЕС толькі ў валютным вымярэнні скараціўся на траціну. Калі мы будзем браць вымярэнні фізічныя, то сітуацыя яшчэ горшая.

«Калі параўноўваць красавік 2021 года з красавіком 2022-га, то мы бачым, што ў фізічных аб’ёмах экспарт з Беларусі ў ЕС скараціўся больш, чым на 50%.

Праблемы на еўрапейскім кірунку назіраліся яшчэ да вайны, бо пасля выбараў 2020 года на Беларусь ужо былі накладзены пэўныя санкцыі, якія не дазвалялі расці продажам у краіны ЕС. Аднак да снежня 2021 года — студзеня 2022-га аб’ёмы экспарту з Беларусі ў ЕС амаль не змяняліся, паколькі летась быў значны рост па ўсім свеце», — заўважае эксперт.

Імклівае падзенне аб’ёмаў экспарту ў ЕС адбылося пасля пачатку вайны. Апроч страты значнай часткі еўрапейскага рынку, Беларусь цалкам згубіла рынак Украіны, на долю якога летась прыходзілася больш за 13 адсоткаў нашага экспарту.

А чым Украіну замяніць?

Дзмітрый Крук адзначае, што спробы пераарыентацыі на іншыя рынкі (у першую чаргу гаворка ідзе пра Усход) таксама не маюць значных поспехаў.

«Галоўнымі мэтамі так званага перанакіравання з’яўляецца не Расія, дзе ёсць пэўныя зрухі, а азіяцкія, афрыканскія і паўднёваамерыканскія краіны. Але казаць пра нейкі значны рост экспарту па гэтых кірунках не выпадае, калі не браць краіны, дзе ён быў каля нуля, а цяпер мы туды нешта прадаем.

Пакуль няма такіх прыкладаў, каб можна было казаць, што дасягнуты нейкія поспехі. Як бачым, тое, што выпадае з ЕС і Украіны, прынамсі пакуль так і не знайшло новага спажыўца», — кажа эксперт.

На думку эканаміста, пры іншых палітычных абставінах Беларусь магла б перанакіраваць патокі на іншыя рынкі, паколькі кан'юнктура ў свеце хоць і пагаршаецца, але застаецца даволі прывабнай.

«Перанакіраванне патэнцыйна магчымае, але толькі не ў тых умовах, у якіх зараз знаходзіцца Беларусь, калі краіна пад санкцыямі, рэпутацыя знішчана, зруйнаваныя лагістычныя ланцугі, маюцца праблемы з разлікамі і г.д.

Пытанне перанакіравання ў асноўным залежыць не ад эканамічных чыннікаў, а хутчэй ад палітычных», — мяркуе эксперт.

«А чым Украіну замяніць? Няма чым», — ёміста сказаў супрацоўнік Міністэрства эканомікі, які пажадаў застацца ананімным.

Залежнасць ад Расіі будзе расці

Улічваючы ўсе акалічнасці, Беларусь апынулася ў сітуацыі, калі залежнасць ад Расіі павялічваецца, а кантакты з іншымі партнёрамі рвуцца. Праз гэтыя абставіны краіна сутыкнецца з сітуацыяй, што татальная залежнасць ад РФ і яе рынку, застанецца нават у тым выпадку, калі праз умоўныя 3-5 гадоў кардынальна зменіцца палітычная сітуацыя ў рэгіёне.

«Губляюцца сувязі, лагістычныя ланцужкі, у дадатак застануцца адгалоскі страты рэпутацыі краіны, таму нават пры такім пазітыўным сцэнары, як змена палітычнага строю, вяртанне на страчаныя за гэты час рынкі будзе вельмі складаным», — адзначае Зміцер Крук.