Лукашэнка зноў абмяркоўваў з Пуціным, адкуль рыхтуецца напад
Аляксандр Лукашэнка сёння на цырымоніі ўшанавання выпускнікоў ваенных ВНУ і вышэйшага афіцэрскага складу падзяліўся некаторымі падрабязнасцямі ўчорашняй размовы з Уладзімірам Пуціным. Аказалася, што ён зноў абмяркоўваў, адкуль рыхтуецца напад.
«У апошні час (і мы гэта падрабязна абмяркоўвалі ўчора з
прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі) распрацоўваюцца стратэгічныя планы нападу на
Расію. І галоўны кірунак ўдару (гісторыя паўтараецца) — праз Украіну і праз
Беларусь», — цытуе Лукашэнку reform.by са спасылкай на яго прэс-службу.
Нагадаем, неўзабаве пасля нападу Расіі на Украіну адбылася
сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Падчас гэтай сустрэчы
Лукашэнка заявіў, што прывёз Пуціну карты, каб паказаць, «адкуль рыхтаваўся
напад». Відэа стала мемам.
Сёння Лукашэнка таксама патрабаваў ад ваенных большага інтэлекту і ведаў і абяцаў ім рост сацыяльнай падтрымкі ўжо з наступнага года. Таксама ён даў характарыстыку ваенна-палітычнай абстаноўцы і зноў папракнуў саюзнікаў па АДКБ у «чакальнай пазіцыі».