Цяпер афіцыйна: ЗША абвясцілі ПВК Вагнера транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй

Злучаныя Штаты Амерыкі не прымусілі сябе чакаць у выкананні абяцання, дадзенага наконт самай бесчалавечнай вайсковай групоўкі, што ваюе ва Украіне. Вашынгтон прызнаў так званую прыватную ваенную кампанію Вагнера транснацыянальнай злачыннай арганізацый. То бок фактычна паставіў «прыгожынскіх» у адзін шэраг з сумнавядомай «Аль-Кайдай».

1673730708_5.jpg

Міністэрства фінансаў ЗША абвясціла ПВК Вагнера транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй.

«Сённяшнія пашыраныя санкцыі супраць групы Вагнера, а таксама новыя санкцыі супраць яе саўдзельнікаў і іншых кампаній, якія спрыяюць развіццю расійскага ваеннага комплексу, яшчэ больш абмяжуюць магчымасці Пуціна па ўзбраенні і аснашчэнню сваёй ваеннай машыны», — заявіла міністр фінансаў ЗША Джэнет Елен.

Мінфін ЗША таксама ўвёў санкцыі ў дачыненні да кампаній з Расіі, Кітая, Люксембурга і ААЭ, якія звязваюць з ПВК Вагнера. У прыватнасці, пад санкцыі трапіла кітайская кампанія Spacety China, якая, паводле версіі Злучаных Штатаў, прадавала ПВК спадарожнікавыя здымкі Украіны.

У санкцыйны спіс Мінфіна ЗША сярод іншага патрапілі кіраўнік Мінпрамгандлю РФ Дзяніс Мантураў, кіраўнік Татарстана Рустам Мініханаў і шэраг кампаній расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен, у сваю чаргу, паведаміў, што ЗША ўвядуць візавыя абмежаванні ў дачыненні да 531 расійскага вайскоўца, звязанага з уварваннем ва Украіну. Акрамя таго, Дзярждэп збіраецца ўвесці санкцыі супраць траіх кіраўнікоў Федэральнай службы выканання пакаранняў (ФСВП) Расіі, якая дапамагала ПВК Вагнера вербаваць расійскіх зняволеных для ўдзелу ў вайне. Сярод іх — дырэктар ФСВП Аркадзь Госцеў.

Прадстаўнік Белага дома Джон Кірбі казаў 20 студзеня, што ЗША плануюць абвясціць ЧВК Вагнера транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй, паколькі дзеянні ваенізаванай структуры «пацвярджаюць транскантынентальную пагрозу, якую ўяўляе сабой ПВК Вагнера, у тым ліку ў сувязі з сур'ёзнай злачыннай дзейнасцю».

Уладальнік ПВК Яўген Прыгожын, каментуючы раней планы ўладаў ЗША, заявіў, што ПВК Вагнера і ЗША сталі «калегамі». «Нашы ўзаемаадносіны з гэтага часу можна называць "разборкай злачынных кланаў"», — казаў Прыгожын.

Байцы ПВК Вагнера прымаюць актыўны ўдзел у баявых дзеяннях ва Украіне, фармальна не падпарадкоўваючыся Мінабароны РФ. Акрамя таго, групоўка дзейнічае ў розных краінах Афрыкі.

Вагнераўцы не грэбуюць самымі бруднымі метадамі вядзення вайны. У прыватнасці, вядомыя выпадкі сярэднявечных пакаранняў, якія яны выкарыстоўваюць супраць сваіх жа байцоў, нібыта заўважаных у здрадзе. Адзін з апошніх такіх прыкладаў — забойства аднаго з завербаваных зэкаў з дапамогай кувалды.

Паводле «Медузы».