Якое падзенне чакае эканоміку Беларусі ў 2023 годзе? Прагнозы экспертаў ААН

Дэпартамент па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН (DESA) выпусціў даклад «Сусветная эканамічная сітуацыя і перспектывы 2023 года», дзе спецыялісты ў тым ліку спрабуюць спрагназаваць тое, як будуць ісці справы ў гаспадарчым жыцці Беларусі ў бліжэйшыя два гады.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg

У цэлым ААН чакае менш прыкметны спад, чым летась, а ўжо ў 2024 годзе ВУП нашай краіны зноў павінен вярнуцца да росту, піша «MYFIN».

У адпаведнасці з базавым прагнозным сцэнарыем экспертаў, беларускі ВУП у гэтым годзе павінен скараціцца на 1,2%, а ўжо ў 2024 павінен здарыцца прырост на 1,5%. Варта адзначыць, што частковая ацэнка аналітыкаў DESA паказвае на тое, што беларуская эканоміка ў 2022 годзе скарацілася на 4,8%, а афіцыйная статыстыка кажа пра падзенне на 4,7%.

Варта згадаць, што, паводле нядаўняга прагнозу Сусветнага банка, беларускі ВУП упадзе ў 2023 годзе на 2,3%, а ў 2024 яго рост можа дасягнуць 2,5%.

Эксперты ААН чакаюць, што інфляцыя ў Беларусі ў 2023 годзе будзе на ўзроўні 9,2%, а ў 2024 годзе замарудзіцца да 7%.

Сярод прычын скарачэння беларускай эканомікі ў 2022 годзе ў дакладзе пазначаны праблемы з экспартам (у тым ліку такі важны артыкул, як угнаенні), выкліканыя сітуацыяй ва Украіне, санкцыямі і змяненнем маршрутаў паставак праз Еўропу. Аналітыкі таксама ўказваюць на адток працоўнай сілы з нашай краіны, уключаючы IT-сектар, і на кепскі патэнцыял атрымання фінансавых рэсурсаў: праз немагчымасць ажыццяўляць купонныя выплаты па сваім абавязацельстве ў доларах ЗША ў сувязі з пазіцыяй аплатнага агента Беларусь знаходзіцца ў стане выбарачнага дэфолту, а магчымасці запазычанняў абмежаваны толькі расійскім кірункам. 

А што ў суседзяў і ў астатнім свеце?

У дакладзе дэпартамента ААН гаворыцца пра тое, што тэмпы росту глабальнай эканомікі ў гэтым годзе будуць зніжацца: калі ў 2022 годзе сусветны ВУП павялічыўся на 3%, то ў 2023 годзе ён павінен вырасці толькі на 1,9%. Праўда, у 2024 годзе свет павінен часткова справіцца з крызіснымі з'явамі — рост павінен скласці 2,7%.

Аналітыкі DESA чакаюць ад найбуйнейшых сусветных эканомік наступных вынікаў:

ЗША — рост на 0,4% у 2023 годзе, на 1,7% у 2024 годзе;

Кітай — рост на 4,8% у 2023 годзе, на 4,5% у 2024 годзе;

Еўрасаюз — рост на 0,2% у 2023 годзе, на 1,6% у 2024 годзе;

Японія — рост на 1,5% у 2023 годзе, на 1,3% у 2024 годзе;

Германія — скарачэнне на 0,4% у 2023 годзе, рост на 1,6% у 2024 годзе;

Індыя — рост на 5,8% у 2023 годзе, на 6,7% у 2024 годзе;

Вялікабрытанія — скарачэнне на 0,8% у 2023 годзе, рост на 1% у 2024 годзе;

Францыя — рост на 0,1% у 2023 годзе, на 1,4% у 2024 годзе;

Канада — рост на 0,8% у 2023 годзе, на 1,9% у 2024 годзе.

ВУП Расіі, паводле даных даклада, у 2023 годзе скараціцца на 2,9%, а ўжо ў 2024-м вернецца да росту ў памеры 1,5%. Адносную ўстойлівасць расійскай эканомікі эксперты тлумачаць дзеяннямі Цэнтрабанка краіны, якія дапамаглі стабілізаваць сітуацыю на фінансавым рынку — гэта, а таксама істотнае павелічэнне прафіцыту рахунку бягучых аперацый прывяло да ўмацавання нацыянальнай валюты, утрымання на прымальным узроўні інфляцыі і ажыўлення прыватнага бізнесу.

У іншых партнёраў нашай краіны па ЕАЭС справы ідуць значна лепш: ВУП Арменіі павінен вырасці ў гэтым годзе на 4%, Казахстана — на 3,4%, а Кыргызстана — на 6%. У цэлым сукупная эканоміка краін СНД і Грузіі ўпадзе ў гэтым годзе на 1%, а ў 2024 годзе вырасце на 2,3%.