Беларуская эканоміка адкацілася на 10 гадоў назад
А IT-сектар страціў два гады развіцця.

Па выніках года
ВУП Беларусі скараціўся на 4,75% у адносінах да папярэдняга года. Такім чынам,
мы адкаціліся да ўзроўню 2011–2012 гадоў, піша «Thinktanks.by».
У снежні ВУП апусціўся (з ліквідацыяй сезоннасці) нават у параўнанні з восеньскімі месяцамі, а падзенне год да года ацэньваецца прыкладна ў 5 працэнтаў. Пра гэта гаворыцца ў экспрэс-аналізе эканамічнай актыўнасці «BEROC».
«Гэта паказвае на тое, што беларуская эканоміка ўсё яшчэ знаходзілася ў працэсе адаптацыі да новых умоў, нягледзячы на мяккую манетарную палітыку, крэдытную падтрымку дзяржсектара, паступовае наладжванне гандлёва-лагістычных ланцужкоў і параўнальна спрыяльную знешнюю кан'юнктуру», — патлумачылі эканамісты.

Эксперты мяркуюць, што тэмп скарачэння ВУП застанецца каля 4–5% у пачатку 2023 года ў параўнанні з мінулым, але можа запаволіцца ў сакавіку-красавіку: моцны спад сакавіка-красавіка 2022 года перастане ўплываць на гадавы паказчык.
IT-сектар жа па выніках 2022 года страціў два гады развіцця. У чацвёртым квартале 2022 года ВУП IT-сектара склаў 11%. «Такім чынам, прыбавачная вартасць IT упала да ўзроўню другой паловы 2020 года з прычыны рэлакацыі бізнесу і спецыялістаў», — пішуць спецыялісты «BEROC».