344-ы дзень вайны. Украіна рыхтуецца да абвастрэння, але ўварванне з Беларусі малаверагоднае
Аналітыкі Амерыканскага інстытута вывучэння вайны (ISW) упэўненыя, што ўварванне з Беларусі малаверагоднае.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага
Ноччу рускія завезлі да 20 танкаў у вёскі на поўнач ад Марыупаля. Пра гэта паведаміў дарадца мэра горада Пётр Андрушчанка. Паводле яго слоў, расіяне, што раскватараваныя вакол Нікольскага і ў раёне ў напрамку Валновахі адкрыта распавядаюць мясцовым жыхарам, што атрымалі загад на працягу лютага ўзяць Вуглядар і Запарожжа.
Расія рыхтуецца да наступу ў Луганскай вобласці ў лютым-сакавіку. Пра гэта паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Гайдай: «Ужо мы назіраем, што пачынаецца некаторае павелічэнне — не наступ, але аналіз. Яны спрабуюць знайсці слабыя месцы ў нашай абароне, павялічылася колькасць нападаў на Сватаўска-Крамянскім кірунку. Чакаем, у лютым скончыцца падрыхтоўка акупантаў, якраз 2–3 тыдні на заканчэнне навучання і пару тыдняў — каб іх перакінулі на Луганшчыну». Сітуацыю ў вобласці ён назваў «цяжкай, але кантраляванай, не крытычнай».
У выніку ўчорашняга расійскага ўдару па Краматорску загінулі тры чалавекі, паведаміў кіраўнік Данецкай вобласці Павел Кірыленка. Яшчэ 22 чалавекі атрымалі раненні.
У Нацыянальнай паліцыі Украіны распавялі, што вечарам 1 лютага расійскія войскі ўдарылі па жылому сектару Краматорска ракетай «Іскандэр-К». Пашкоджаныя прынамсі восем шматкватэрных дамоў, адзін з іх цалкам разбураны. Разбор завалаў працягваецца і цяпер.
У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі з-за расійскіх абстрэлаў чатыры чалавекі атрымалі раненні, паведаміла АВА.
У Харкаўскай вобласці параненыя два чалавекі.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты рускай арміі на раніцу 2 лютага — асабовага складу каля 129 030 (+610) чалавек.
Расійскае войска актыўна вядзе разведку, на асобных напрамках рыхтуецца да наступу. Нягледзячы на вялікія страты, працягвае спробы наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім кірунках, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
За мінулыя суткі сілы абароны Украіны адбілі атакі расіян у раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае, Плошчанка, Неўскае, Чырвонапапоўка, Дзіброва, Кузьміна і Белагораўка Луганскай вобласці і Спорнае, Белагораўка, Васюкоўка, Чырвоная Гара, Бахмут і Кляшчэеўка Данецкай вобласці.
У горадзе Горлаўка Данецкай вобласці кіроўцаў прымушаюць атрымліваць новыя пасведчанні па расійскім стандарце, што пры адсутнасці пашпарта грамадзяніна РФ немагчыма. Работнікам транспартных прадпрыемстваў акупанты вызначылі тэрмін да 1 траўня. Тых, хто не выканае патрабаванні, будуць звальняць.
У адным з падраздзяленняў арміі РФ, якія дзейнічаюць у Луганскай вобласці, па стане на 9 студзеня завяршыліся трохмесячныя кантракты. Таму каля 300 ваеннаслужачых гэтага фарміравання не атрымліваюць грашовае забеспячэнне, а звольніцца з ваеннай службы не могуць з-за абвешчанай мабілізацыі.
Расія мабілізавала блізу 500 тысяч чалавек і рыхтуецца да наступу, заявіў Рэзнікаў у эфіры французскага тэлеканала BFMTV. «Афіцыйна заяўлена 300 тысяч, але калі мы бачым войскі на межах, паводле нашых ацэнак, гэта значна больш», — адзначыў украінскі міністр.

У Кіеў раніцай прыбылі прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен і кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль. Яны прымуць удзел у саміце Украіна — ЕС, які пройдзе ва ўкраінскай сталіцы 3 лютага.
Прычым прадстаўнікі Еўрасаюза на маючым адбыцца саміце Украіна — ЕС могуць не апраўдаць надзеі Украіны на больш хуткае ўступленне краіны ў Садружнасць, піша Politico. Паводле выдання, у праекце заявы саміту будзе ісці гаворка пра тое, што Украіну прымуць у ЕС пасля выканання ўсіх умоў Еўракамісіі. Некаторыя афіцыйныя асобы ЕС на ўмовах ананімнасці паведамілі, што такое рашэнне прынята з-за таго, што некаторыя ўрады выступаюць супраць хуткага далучэння Украіны да Еўрасаюза.
Жазэп Барэль заявіў, што адпраўка знішчальнікаў ва Украіну не стаіць на парадку дня ў Еўропе. Паводле яго слоў, гэтае пытанне спараджае рознагалоссі сярод чальцоў ЕС і з'яўляецца «вельмі спрэчным».
ЗША могуць дазволіць іншым краінам перадаць Украіне F-16, аднак самі наўрад ці будуць гэта рабіць, піша Politico са спасылкай на прадстаўніка Пентагона.
Адпраўка знішчальнікаў Украіне «не была б правільным падыходам», аднак канчатковага рашэння на гэты конт яшчэ няма, заявіў міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес. «Што можа зрушыць гэты канфлікт з мёртвай кропкі ў гэтым годзе, дык гэта здольнасць украінцаў разгарнуць заходняе зброю супраць Расіі», — лічыць ён.
Брытанская выведка мяркуе, што вайна ва Украіне, а таксама антырасійскія санкцыі прывядуць да падрыву ролі РФ як надзейнага экспарцёра зброі. Аналітыкі адзначаюць, што яшчэ да ўварвання доля Расіі на міжнародным рынку ўзбраенняў скарачалася, а цяпер краіна амаль напэўна аддасць прыярытэт забеспячэнню сваіх сіл ва Украіне, а не пастаўкам партнёрам.
Выведка таксама адзначае, што дэфіцыт камплектуючых, верагодна, адбіваецца на вытворчасці бронетэхнікі, ударных верталётаў і сістэм СПА. Акрамя таго, здольнасць Расіі аказваць паслугі падтрымкі існуючых экспартных кантрактаў — такіх, як пастаўка запасных частак і тэхнічнае абслугоўванне, — верагодна, будзе сур'ёзна падарваная па меншай меры на працягу наступных трох-пяці гадоў.
У Пентагоне мяркуюць, што ўкраінскія войскі наўрад ці змогуць адваяваць Крым у агляднай будучыні. Пра гэта заявілі чатыры высокапастаўленых чыноўніка Мінабароны ЗША падчас закрытага брыфінгу для чальцоў Камітэта па пытаннях узброеных сіл Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША, піша Politico.
Пасля ўварвання ва Украіну сітуацыя з дэмакратыяй у Расіі істотна пагоршылася, краіна набывае характэрныя рысы дыктатуры, гаворыцца ў штогадовым даследаванні індэкс дэмакратыі часопіса The Economist. Паводле ацэнак аналітыкаў, толькі 45,3% насельніцтва планеты жывуць ва ўмовах дэмакратыі, 36,9% (у асноўным у Расіі і Кітаі) — ва ўмовах аўтарытарнага праўлення. Крыху менш за 8% насельніцтва жыве ва ўмовах поўнай дэмакратыі — гэта больш за 20 краін, у тым ліку Канада, Швецыя і Уругвай.
Эксперты адзначаюць, што пасля ўварвання ва Украіну дэмакратычныя паказчыкі РФ прадэманстравалі самае рэзкае падзенне сярод усіх краін свету. РФ ужо доўгі час знаходзіцца на траекторыі адыходу ад дэмакратыі і цяпер набывае многія характэрныя рысы дыктатуры, адзначаюць аналітыкі.
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што Пуцін стварае ўмовы для расійскіх рэйдаў праз мяжу ў паўночна-ўсходнія раёны Украіны, каб адцягнуць украінскія сілы ад крытычных кірункаў наступу, заціснуўшы іх у паўночна-ўсходніх памежных раёнах. Пры гэтым аналітыкі ўпэўненыя, што ўварванне з Беларусі малаверагоднае. На іх думку, адпаведная інфармацыйная аперацыя Крамля, падобна, дае збоі, паколькі ўкраінскія афіцыйныя асобы ўсё часцей лічаць малаверагоднай пагрозу ўварвання.
Паводле korrespondent.net, www.pravda.com.ua, Украінская служба РБК