Беларусі за трактары заплацяць зімбабвійскімі доларамі?

У беларускіх улад ёсць спадзяванне на плённае супрацоўніцтва з Зімбабвэ. Але прыгадаем, што там адносна нядаўна былі ў абарачэнні банкноты наміналам у сто трыльёнаў долараў, аднак потым 12 нулёў прыбралі з-за дэнамінацыі.

_traktar___haspadarka___selhaspraca__fota_lzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__14__logo.jpg

ВУП Беларусі і Зімбабвэ параўноўвае аўтар тэлеграм-канала «Нашы грошы».

Памятаеце вядомую мудрасць, якая абвяшчае: «Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты»? Цяпер гэтай формулай можна добра апісаць знешнеэканамічную дзейнасць урада нашай краіны.

Перад беларускай прадукцыяй пасля 2020 года сталі закрывацца многія замежныя рынкі, у першую чаргу — заходніх краін. Але гэта толькі паўбяды — наша эканоміка апынулася таксама адрэзанай і ад рынкаў многіх краін трэцяга свету, таму што мы страцілі доступ да найбліжэйшых партоў.

Вайна ва Украіне — дакладней, бок, які ў ёй заняла Беларусь — адрэзала для беларускіх тавараў і паслуг доступ на вельмі важны дня нас мясцовы рынак.

Страты, якія панесла Беларусь у 2022 годзе, асабліва прыкметныя на фоне «экспартнага цуду» 2021 года: месяц да месяца зніжэнне магло дасягаць да чвэрці ад аб'ёму гандлю ў папярэднім годзе.

У адказ на сітуацыю, якая склалася, беларускаму бізнесу прапанавалі шукаць новыя рынкі збыту, маўляў, «Трэба ісці ў іншыя месцы, дзе нас не ведаюць, дзе нас чакаюць, і гандляваць — дзесяццю трактарамі, адным камбайнам, хоць нават па чайнай лыжцы цукар вазіць». Відавочна, што ў першую чаргу істотна вырасла значэнне расійскага кірунку, куды стала сыходзіць яшчэ больш беларускіх тавараў і паслуг, а звыш таго яшчэ і паток падсанкцыйных тавараў, якія наўпрост увозіць у Расію забаронена.

Акрамя гэтага, бізнес арыентуюць на новыя рынкі, у тым ліку вельмі экзатычныя. Напрыклад, візіт дэсанта беларускіх чыноўнікаў у Зімбабвэ павінен прадэманстраваць новыя прарыўныя напрамкі айчыннага гандлю. Але ў гэтым выпадку важна раздзяляць жаданае і магчымае.

Эканоміка гэтай афрыканскай краіны сапраўды мае патрэбу ў беларускіх таварах. Трактары, угнаенні, камбайны і самазвалы БелАЗ будуць вельмі запатрабаваныя ў Зімбабвэ. Пытанне чакана ўпіраецца ў фінансавыя магчымасці афрыканскага боку. А гэтыя магчымасці вельмі і вельмі сціплыя.

photo_2023_02_08_14_43_29.jpg


За апошнія тры дзясяткі гадоў ВУП на душу насельніцтва ў гэтай краіне вырас з $868 да $1774. Гэты паказчык за 2021 год аказаўся ў 4 разы ніжэйшым за беларускі, які за гэты ж перыяд вырас у 3,4 разы. Пытанне фінансавання нашага экспарту ў Зімбабвэ можа вырашацца крэдытамі, але ці здолее іх абслугоўваць афрыканскі бок?

Ёсць варыянты: бедным краінам часта прыходзяць на дапамогу міжнародныя фінансавыя інстытуты, аднак яны наўрад ці будуць працаваць з беларускімі пастаўшчыкамі з улікам таго, што іх дзейнасць у Беларусі была не самым прыгожым чынам спынена — крэдыты перад імі Беларусь прапанавала выплачваць рублямі.

Таму можна меркаваць, што ў аплату за збытую тэхніку нашым пастаўшчыкам прапануюць долары ... зімбабвійскія. А чаму б і не? Беларусь практыку пагашаць даўгі ў моцнай валюце сваімі рублямі лічыць не ганебнай. Застаецца спадзявацца, што беларускім афіцыйным асобам распавялі, што ў Зімбабвэ адносна нядаўна хадзілі банкноты наміналам у сто трыльёнаў долараў, але потым 12 нулёў прыбралі ў выніку чарговай дэнамінацыі.