Міністэрства эканамічнага аптымізму

Калі хтосьці крытыкуе праект беларускага бюджэту за тое, што ў ім замала даходаў і зашмат даўгоў, то вельмі дарма. Гэта выдатны праект бюджэту. З новым праектам бюджэту — нам жыць бы ды жыць, — саркастычна піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_horad___zycce___tvorczasc__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Учора расійскі Мінфін паскардзіўся на выкананне бюджэту. Ну не выхваляўся ж ён на самай справе. Выхваляцца там дакладна няма чым. Праз столь коштаў на нафту ў студзені даходы ад яе продажу ўпалі на 55 працэнтаў у параўнанні са снежнем. Як палічылі разумныя людзі, з улікам гэтага дэфіцыт расійскага бюджэту сёлета можа скласці 3,8 працэнты ад ВУП. А планавалі ж — 2 працэнты. Але выйсці на два працэнты ўжо не атрымліваецца, так што Расіі трэба будзе скарачаць выдаткі, прадаваць рэзервы, а можа нават — павышаць падаткі.

І гэта ім яшчэ не ўстанавілі столі коштаў на паліва. Вось ў пятніцу якраз увялі — 100 долараў на прэміяльныя пастаўкі і 45 — на продаж са зніжкай. Так што цяпер прычын, каб скардзіцца, будзе яшчэ больш.


Таму што расійскі бюджэт — гэта такі бюджэт, з якога беларускі бюджэт разлічваў сёлета атрымаць крэдытную дапамогу на чатыры мільярды долараў. І гэта калі не лічыць двух мільярдаў, якія ён хоча атрымаць бязвыплатна — гэта значыць зусім дарма. Большая частка там, праўда, прыпадае на адтэрміноўку старых даўгоў, якія Беларусь усё роўна не змагла б вярнуць. Але хаця б нейкую малую частку хацелася б атрымаць і сапраўднымі грашыма. Таму што беларускаму Мінфіну таксама няма чым выхваляцца. Хоць ён усё роўна выхваляецца.

Вось на гэты год беларускі Мінфін склаў бюджэт, разлічваючы, што сярэдні кошт нафты будзе 80 долараў за барэль. Нават уявіць сабе не магу, хто налічыў Мінфіну такую сярэднюю цану. Таму што вось, напрыклад, у студзені гэтая сярэдняя цана была 49 долараў за барэль. І з улікам уведзенай столі коштаў восемдзесят долараў магло налічыць толькі Міністэрства эканамічнага аптымізму.


У найлепшыя часы Беларусь экспартавала нафтапрадуктаў і ўгнаенняў на 5-6 мільярдаў долараў. Потым часы пагоршыліся (у сэнсе, здарыліся санкцыі) — і гэты экспарт прасеў. За мінулы год ён складзе, мабыць, 3,5 мільярды. Але, зноў жа, гэта ў іх яшчэ столі коштаў на нафтапрадукты не было. Дый столь коштаў на нафту пачала дзейнічаць толькі ў канцы мінулага года.

Так што калі хтосьці крытыкуе праект беларускага бюджэту за тое, што ў ім замала даходаў і зашмат даўгоў, то вельмі дарма. Гэта выдатны праект бюджэту. Гэта цудоўны праект бюджэту. Гэта, можа, наогул лепшы праект бюджэту, які можна было сабе прыдумаць. З такім праектам бюджэту жыць бы ды жыць. А вось з выкананнем праекта могуць быць некаторыя праблемы…