На беларусаў праліўся грашовы дождж? Што адбываецца з заробкамі
Насельніцтва адчула магутны рост заробкаў, хваля ўздыму ахапіла ўсе буйныя тэрыторыі РБ, піша сайт banki24. Гаворка ідзе пра снежань 2022 года.
Паводле Белстата, сярэдні заробак па Мінску склаў 2728 беларускіх рублёў, пасля выплаты падаткаў і ўнёмскаў на руках могуць застацца 2350-2370 рублёў. Самую высокую зарплату ў сталіцы налічылі работнікам горназдабыўной прамысловасці (7921 рублёў), айцішнікам (7340 рублёў), работнікам трубаправоднага (5412 рублёў) і паветранага (5329 рублёў) транспарту.
Афіцыйная статыстыка малюе карціну зарплатнага раю ў Беларусі. А што на самай справе? Запыталіся ў эканаміста Льва Марголіна.
— Я б назваў сітуацыю не зарплатным раем, а грашовым дажджом, які не першы год у снежні праліваецца на беларусаў. Менавіта ў снежні, у апошні месяц года, прадпрыемствы выплочваюць сваім работнікам шматлікія бонусы, 13-ы заробак: бюджэтнікі стараюцца выкарыстаць выдзеленыя сродкі да 1 студзеня, інакш яны вернуцца туды, адкуль прыйшлі.
Менавіта па гэтай прычыне на беларусаў праліўся дабраславёны дождж. Але перш чым рабіць далёкасяжныя высновы, я б дачакаўся звестак па заробках за студзень. І калі ў студзені заробкі не знізяцца, тады сапраўды можна рабіць высновы пра тое, што нейкай частцы сушы планета Зямля наступіў зарплатны рай.
Але мяне раздзіраюць смутныя сумневы, што студзеньская зарплата будзе такой жа. Можна правесці маленьткі эксперымент: абысці з дзясятак суседзяў і запытацца, які заробак яны атрымалі за снежань, ці павялічыўся ён.
— То-бок, аб’ектыўных падстаў для росту заробкаў у эканоміцы няма?
—Звесткі беларускай статыстыкі няпоўныя, урыўкавыя, многія пазіцыі калі не засакрэчаныя, то не афішыюцца. Падобныя рэчы варта параўноўваць у часавым вымярэнні: снежань 2022 года са снежнем 2021 года і глядзець, што тады прынёс студзень 2022 года. Інакш мы атрымліваем некарэктныя лічбы, з-за якіх робім няправільныя высновы.
Асабіста я не бачу аб’ектыўных падстаў для росту заробкаў. Што адбылося ў мінулым снежні, я дакладна сказаць не магу, я выказаў толькі свае дапушчэнні. Але тэндэнцыя відавочная: няма пастаў для зпэўненага, паступовага росту заробкаў.
Адна-адзіная верагодная падстава для росту заробкаў – гэта скарачэнне колькасці працоўных. Калі скарачэнне колькасці рабочых адбываецца за кошт увядзення тэхналагічных навацый ці за кошт павышэння кваліікацыі кадраў, тады можна казаць пра перспектывы росту заробкаў на асобным канкрэтным прадпрыемстве.
— Якую траекторыю паводзін прадэманструе сярэдні заробавк у бліжэйшай перспектыве? Інфармацыі для аналізу амаль няма, але якія тэндэнцыі?
— Інфармацыі для аналізу сапраўды няма. Але ёсць разуменне працэсаў, якія адбываюцца ў эканоміцы, у прыватнасці, у прамысловасці.
Доўгія гады сярэдні заробак па краіне круціцца вакол лічбы 500 долараў, і разарваць гэтае зачараванае кола не атрымліваецца. Летась сярэдні заробак у доларавым вымярэнні перавышаў лічбу 500 долараў, аднак гэта, хутчэй, сведчыць пра становішча долара, пра яго недаацэненасць. Калі курс долара наблізіцца да больш-менш рэальнага курсу, дасягне 2.70-2.80 рубля, то доларавыя заробкі пачнуць здувацца.
Не бачу падстаў для росту заробку ў цяперашняй сітуацыі, дай Бог, каб заробкі не падалі.