Фрыдман: У пэўным сэнсе Лукашэнка ёсць позні Сталін
Стварэнне партыі ўлады «Белая Русь» выглядае як эксперымент, бо Лукашэнка не пойдзе на ўвядзенне нават імітацыйнай «кіраванай дэмакратыі» па расійскім узоры.
Партыі яшчэ няма, а яе ўжо назвалі цэнтрысцкай «партыяй улады». Паняцце надзвычай шырокае: ці то яна аб’яднае найбольш бачных персон вертыкалі, ці то Лукашэнка падзеліцца з ёй уладай… Дык навошта Лукашэнку свая партыя? Як яна ўпішацца ў абноўленую піраміду ўлады? І чым беларускі рэжым падобны да сталінізму? «Новы Час» пагутарыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Лукашэнка не пойдзе на «кіраваную дэмакратыю»
— Ужо створаны аргкамітэт партыі «Белая Русь» пры аднайменным грамадскім аб’яднанні. Цяпер існуе 15 зарэгістраваных партый, мінімум палова з іх — праўладныя. Дык навошта яшчэ адна?
— Я думаю, гэта звязана з тым, што Лукашэнка пачаў будаваць не проста яшчэ адну маргінальную партыю, а партыю ўлады. І абапіраецца на прыклады тых краін, з якімі цесна супрацоўнічае: Расія, Кітай (кітайская мадэль, дзе галоўную ролю адыгрывае Камуністычная партыя Кітая, яму відавочна падабаецца). Толькі нядаўна Лукашэнка вярнуўся з Зімбабвэ, дзе таксама прысутнічае кіроўная партыя, якая дзесяцігоддзі знаходзіцца ва ўладзе і мае моцныя пазіцыі, так бы мовіць, пранізвае ўсю палітычную сістэму. Падчас сустрэчы Лукашэнкі з прэзідэнтам Мнангагвай адбыўся цікавы момант, пра які ў Беларусі не паведамлялі, а вось зімбабвійская прэса асвятляла.
Увогуле галоўная падзея гэтага візіту з зімбабвійскага пункту гледжання — не прыезд самога Лукашэнкі, а тое, што Мнангагва абвесціў пра выбары ў ліпені. У Зімбабвэ таксама назіраюцца выразныя аўтарытарныя тэндэнцыі, а Мнангагву абвінавачваюць у пераследзе апазіцыі (ёсць палітзняволеныя, ёсць санкцыі), але, адказваючы на пытанне пра стан дэмакратыі, ён сказаў, што ў апошніх парламенцкіх выбарах удзельнічалі 59 палітычных партый, а на прэзідэнцкіх выбарах былі 23 кандыдаты. І потым так з усмешкай падкрэсліў: чым больш партый, чым больш кандыдатаў — тым весялей. Усё гэта гаварылася ў прысутнасці Лукашэнкі. Магчыма, таму Лукашэнка захапіўся рыторыкай афрыканскага калегі.
Пытанне ў тым, на якую мадэль будзе арыентавацца Лукашэнка: расійскую, кітайскую ці нейкую іншую. А можа, пойдзе шляхам былых краін сацыялістычнага лагера, у прыватнасці, ГДР, дзе побач з галоўнай — Сацыялістычнай адзінай партыяй Германіі — адначасова існавалі і хрысціянска-дэмакратычная, і ліберальна-дэмакратычная, і іншыя партыі. Усе гэтыя партыі выступалі адзіным «нацыянальным фронтам», але фармальна існавала галоўная партыя і іншыя — як дэкарацыя, ілюстрацыя некаторых частак грамадства. Магчыма, у такім кірунку пойдзе і Лукашэнка: ёсць галоўная партыя, але ёсць і такія спецыфічныя партыі, як ліберальныя дэмакраты Гайдукевіча альбо нейкая партыя, якую будзе ствараць той жа Васкрасенскі. Сур’ёзнай ролі яны не будуць адыгрываць, але прымуць удзел у гэтым спектаклі.
Я не ўпэўнены, што Лукашэнка выбера кітайскую мадэль з адзінай партыяй, думаю, нават рыс расійскай мадэлі не будзе, бо ён не дапусціць узнікнення ў Беларусі палітычных сіл, якія б абапіраліся на сур’ёзную колькасць выбарцаў, як тыя ж камуністы ці ЛДПР у Расіі. Гэтыя партыі дзейнічаюць пад кантролем Крамля, але яны маюць пэўны электарат і нават сваіх прадстаўнікоў сярод губернатараў. Думаю, нават на такую «кіраваную дэмакратыю» Лукашэнка не пойдзе. Хутчэй, ён выбера варыянт са стрыжнявой партыяй «Белая Русь», дзе будзе выхоўвацца лукашэнкаўская эліта і эліта постлукашэнкаўскай эпохі, а астатнія партыі пойдуць прыдаткам.
Канешне, трэба паглядзець на ідэалагічную афарбоўку: пакуль галоўная партыя выглядае як партыя Лукашэнкі, бо цяперашнія яе характарыстыкі ні пра што — гэта цэнтрысцкая партыя, большасць якой падтрымлівае Лукашэнку. Выглядае, што ідэалогіяй гэтай партыі будзе Лукашэнка.
Безумоўна, трэба дачакацца ідэалагічнага напаўнення партыі. Але нічога прынцыповага ў гэтай сістэме я не бачу: ідзе касметычнае паднаўленне дыктатарскага рэжыму пры захаванні галоўнай ролі самога Лукашэнкі.
— Якую ролю і месца зойме «партыя ўлады» ў сістэме ўлады?
— Пакуль не зразумела. Трэба паглядзець, як зменіцца выбарчае заканадаўства, ці будуць уведзены выбары па партыйных спісах, як будзе праходзіць партыйнае будаўніцтва. Ці стане членства ў «Белай Русі» фактычна абавязковай умовай для таго, каб патрапіць на Усебеларускі народны сход? Пакуль невядома, як партыя будзе ўбудоўвацца ў сістэму.
Але прымусова загнаць у партыю некалькі мільёнаў чалавек магчыма, ды і што гэта дасць рэжыму? Сістэма дзейнічае старымі метадамі: яна мае ўладу, рэпрэсіўныя інструменты, з дапамогай якіх сапраўды можна загнаць у партыю паўкраіны. Але ты ж не можаш атрымаць пад прымусам сапраўдную павагу і любоў. Калі б яны працавалі не рэпрэсіўнымі метадамі, а стараліся заваяваць увагу гэтых людзей, іх павагу, то ніякай вялікай моцнай партыі не атрымалася б. Улада будзе відавочна арыентавацца на прымус. Мне здаецца, што Лукашэнка пакуль кантралявана эсперыментуе: стварылі партыю — паглядзіць, як гэта працуе, а не спадабаецца, дык ідэя з партыяй і зглохне. То-бок я б не перабольшваў і не пераацэньваў гэтую падзею.
Рэжым выглядае абсалютна маналітным, нават у параўнанні з Расіяй
— Пасля лютаўскага рэферэндуму ў сістэме дзяржаўнай улады адбыліся заўважныя зрухі, прынамсі, знешнія. Як выглядае цяпер піраміда персанальнай улады Лукашэнкі? Наверсе, вядома, сам Лукашэнка ў выглядзе пяціканцовай зоркі… Ці маеце вы ўяўленне, як будзе выглядаць піраміда ўлады пад ім?
— Лукашэнка па-ранейшаму знаходзіца на самым версе, з правам вета, яго слова з’яўляецца апошнім. Але, можа, ён сапраўды стаміўся (ужо чалавек у сталым узросце), можа, ужо здароўе не дазваляе, можа, проста хоча пажыць для сябе. Ён паступова займаецца тым, што розныя часткі адказнасці, якія раней былі заточаны пад яго, імкнецца дэлегаваць, аддае іншым: нешта атрымлівае ўрад, нешта, як у выпадку са спецкамісіяй па вяртанні беларусаў, перадаў Шведу, за пытанні бяспекі адказвае Вальфовіч. Усе органы і фігуры, якія ёсць, атрымліваюць нешта, іх уплыў падвышаецца. Але Лукашэнка па-ранейшаму сочыць за тым, каб захоўваўся патрэбны яму баланс.
І пачувае ён сябе, як мне падаецца, вельмі ўпэўнена: упэўнены ў тым, што ўсе гэтыя асобы да яго лаяльныя, упэўнены ў тым, што сістэма працуе бездакорна. Інакш цяжка патлумачыць, чаму ён дазволіў сабе дзесяцідзённую адсутнасць у краіне — гэта надзвычайная сітуацыя. На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца замежныя войскі, у краіне засталіся Вальфовіч (у розных канспіралагічных тэорыях называўся ў якасці стаўленіка Масквы — чалавека, якога Крэмль рыхтуе на ролю пераемніка Лукашэнкі), Галоўчанка, Качанава, Кубракоў, Церцель, а ён паехаў з 10-дзённым візітам, цалкам упэўнены, што нічога не здарыцца. Падаецца, ён упэўнены, што мае справу з людзьмі, адданымі яму, якія і далей гатовы працаваць пад яго кіраўніцтвам да апошняга. Раз-пораз укідваецца версія пра тое, што Лукашэнка вось-вось сыдзе і пачнецца ўнутранае змаганне за ўладу — не бачна аніякага змагання за ўладу.
Гэты рэжым выглядае маналітным, нават у параўнанні з Расіяй. Калі кажуць, што ў Расіі розныя групоўкі пачынаюць змаганне за ўладу ў постпуцінскай Расіі, то, хутчэй за ўсё, гэта сапраўды так. А ў Беларусі гэтага няма. У Лукашэнкі атрымалася сістэма, якая больш-менш працуе, і ён наверсе, ён той чалавек, які ў любы момант можа ўмяшацца ў працэс і ўсё змяніць.
У пэўным сэнсе я б параўнаў лукашэнкаўскую сістэму са сталінскай сістэмай. У тым сэнсе, што да самага апошняга моманту Сталін не адмаўляўся ад поўнага кантролю і ўлады. А Лукашэнка ў гэтым сэнсе сталініст. Ён таксама не пазбаўляецца ад ўлады, ён проста робіць менш, але кантроль захоўвае.
Сталінская сістэма працавала роўна столькі, колькі Сталін быў на чале і фізічна быў у стане кіраваць. І тыя людзі, якіх ён абражаў, зневажаў, з якіх адкрыта здзекваўся, а іх родных адпраўляў у ГУЛАГ, гэтыя людзі яму верна служылі амаль да апошняга. І толькі калі Сталін у адзін момант (у сакавіку споўніцца 75 гадоў з моманту смерці) перанёс інсульт, ляжаў бездапаможны, толькі тады яны яму не дапамаглі. Яны пабачылі, што магутны звер, які вырашаў лёсы, усё ляжыць і больш нічога не можа зрабіць — яму проста далі памерці. А да інсульту супраць Сталіна ніхто нічога не памкнуўся зрабіць: усе глядзелі яму ў рот. Ён быў для іх галоўным аўтарытэтам.
Лукашэнка набліжаецца да сталінскага ўзросту
— У пэўным сэнсе такім познім Сталіным з’яўляецца і Лукашэнка. Вышэйшыя чыноўнікі маюць уладу, яны трымаюць яе ў руках: і Церцель, і Вальфовіч, і іншыя. Канешне, у сталінскія часы культ асобы быў зусім іншай якасці, чым у сённяшняй Беларусі. Але гэтае захапленне, гэтая павага, права апошняга голасу, ды нават фразы за Лукашэнкам паўтараюць — усё гэта мае агульныя рысы з познім сталінізм пачатку 1950-х гадоў.
Магчыма, такая ацэнка звышаптымістычная. Мне падаецца, пасля рэпрэсій 2020-2021 гадоў розныя аглядальнікі (першым, калі я не памыляюся, быў Павел Мацукевіч) адзначалі, што ў Беларусь прыйшоў 37-ы год. І тут пытанне: ці сапраўды гэта 37-ы год ці ўсё-такі 52-гі? 1951-1952 гады — гады рэпрэсій, а ў 53-ім Сталіна не стала. Вось і сённяшняе пытанне: рэпрэсіі, якія цягнуцца ў Беларусі з 20-га года і не спыняюцца, — гэта сапраўды 37-ы год ці ўсё ж такі набліжэнне 53-га? Я схіляюся да думкі, што сітуацыя больш нагадвае пачатак 1950-х. 1937 год — не пачатак сталінізму, а ягоны росквіт.
Росквіт лукашызму ўжо ў мінулым. І Лукашэнка, і Пуцін набліжаюцца да крытычнага для дыктатараў узросту: Брэжнеў памёр на 76-м годзе жыцця, Сталіну ў 1953 годзе было 74. Лукашэнку ўжо амаль 70, Пуціну 70 ужо споўнілася. Лукашэнка і Пуцін — людзі ў сталым узросце — пачалі займацца перабудовай свету. Звычайна такія праекты робяць маладыя палітыкі, а гэта ўжо даўно не маладыя людзі, але з вялікімі амбіцыямі.