Адвакат Крамля, уладальнік «пярсцёнка Пуціна» і нават прадракальнік
Беларуская прапаганда разбавіла мілітарысцкую рыторыку «саюзнай інтэграцыяй», каб пахваліцца хоць нейкімі поспехамі. Што б гэта значыла? Тлумачыць медыяэксперт.
Афіцыйная прапаганда знізіла градус мілітарысцкай рыторыкі, разбавіўшы яе паведамленнямі пра «поспехі саюзнай інтэграцыі». Пра асноўныя трэнды і казусы «Новы Час» пагутарыў з медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім.
— У снежні адбылося некалькі падзей, якія сталі важнымі для прапаганды. Адной з іх сталася падзенне ракеты ў Брэсцкай вобласці. Гэтая падзея была менш акрэслена ў беларускіх медыя, чым аналагічны інцыдэнт у Польшчы: калі польскі скандал раздуваўся, хутчэй за ўсё, каб паказаць супярэчнасці паміж саюзнікамі антыпуцінскай кааліцыі, то раздуваць беларускі інцыдэнт азначала б «нарывацца на вайну». Афіцыйная прапаганда, з аднаго боку, адразу абвінаваціла Украіну, без усялякага разбору, але наўпрост аб’явіла, што інцыдэнт не з’яўляецца casus belli, г. зн. прычынай для вайны. Такая рэакцыя знізіла магчымасці прапагандыстаў накручваць эмоцыі, бо прапаганда ў значнай ступені — гульня эмоцыямі аўдыторыі.
У межах даследавання «MediaIQ» мы заўважылі, што ў снежні мілітарысцкая рыторыка знізілася ў параўнанні з лістападам. Да мілітарысцкай рыторыкі мы адносілі матэрыялы пра вайну, вучэнні, выказванні кшталту «нам трэба будзе сябе бараніць» — шырокае кола пытанняў. У зафіксаваных наратывах беларускіх дзяржаўных медыя ў лістападзе ўтрымліваецца 54,5% мілітарысцкай рыторыкі, тады як у снежні гэты паказчык апусціўся да 16,3%. Пры гэтым у беларускіх незалежных медыя працэнт мілітарысцкай рыторыкі застаўся вельмі высокім: 83,3% у лістападзе і 70,2% у снежні. Справа ў тым, што незалежныя СМІ працягвалі больш пісаць пра вайну.
А вось у дзяржаўных СМІ з’явілася важнае пераключэнне тэмы на інтэграцыю, на сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным, з’явілася інфармацыя пра вырашэнне кошту на газ для Беларусі. Дзяржаўныя СМІ падавалі гэтую інфармацыю даволі пафасна і ў вялікіх аб’ёмах; уласна кажучы, пра канкрэтныя вынікі візіту Пуціна ў Мінск 19 снежня яны нічога не далі, а вось агульныя выказванні пра «вырашэнне ўсіх праблем» апетытна смакавалі. А незалежныя СМІ ўсё-такі спрабавалі высветліць, што насамрэч адбылося, што змянілася пасля візіту, таму рытуальныя па, звязаныя з інтэграцыяй, цікавілі значна менш, іх цікавіла канкрэтыка, а канкрэтыкі было мала.
Варта выдзеліць публікацыю Дзмітрыя Гурневіча на «Радыё Свабода» пра тое, што колькі ні казалі пра пераарыентацыю беларускіх калійных і іншых грузаў з літоўскіх партоў на расійскія, воз і цяпер там: парты не пабудаваны, лагістыка таксама не вырашана. Тэма інтэграцыі прысутнічала і ў незалежных СМІ, але хутчэй у адмоўным сэнсе, не тое што ў дзяржаўных медыя, дзе чарговы раз паведамлялі, што нарэшце адменяць роўмінг паміж мабільнымі аператарамі Беларусі і Расіі. Гэтае пытанне з заўважным душком: даўно змяніўся дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы», які заяўляў, што роўмінг ужо адменены і ўсё вось-вось запрацуе, а новы дзяржсакратар усё яшчэ аптымістычна заяўляе, што пытанне вырашыцца. Хаця да рэалізацыі гэты праект так і не дайшоў.
Можна казаць, што ў дзяржаўных медыя інтэграцыйная рыторыка істотна разбавіла мілітарысцкую.
Акрамя таго, снежань выдаўся незвычайным месяцам. У канцы года рэжыму трэба было распавесці пра аптымістычныя вынікі, але паколькі хваліцца ростам эканомікі не выпадала, то і хваліліся тым, што ў нас няма вайны, і поспехамі «саюзнай інтэграцыі».
— Чым выклікана зніжэнне градуса мілітарысцкай рыторыкі? Ці ўстойлівая гэта тэндэнцыя?
— Памяншэнне мілітарысцкай рыторыкі выклікана тым, што ў агульным катле з’явілася многа публікацый пра адносіны з Расіяй, пра візіт Пуціна, пра пасяджэнне Парламенцкай асамблеі саюза Беларусі і Расіі, пра зацвярджэнне саюзнага бюджэту, то-бок з’явілася шмат публікацый пра беларуска-расійскія адносіны ў межах «саюзнай дзяржавы».
Гэта няўстойлівы трэнд, гаворка пра канкрэтныя падзеі, у тым ліку і візіт Пуціна. Сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным — даволі частая з’ява, а вось візіт Пуціна ў Мінск быў першы за апошнія тры гады, што выбівалася з агульнага шэрагу: і анансавалася, і падавалася з пафасам, і расказвалі, што гэта была важная падзея, але не гаварылі чаму. Публікацый было даволі шмат.
Пад занавес года адбыўся даволі смешны выпадак, калі Пуцін уручыў пярсцёнкі васьмі гасцям і ўзяў адзін сабе. Гэта дало падставы для смеху, для жартаў пра «пярсцёнкі ўлады» — гісторыя стала карыкатурна адпавядаць мемам і шаржам, якія робяць на Расію. Ужо даўно расійскіх салдат называюць «оркамі», асабліва па характары адносін да мірнага насельніцтва ва Украіне, даўно смяяліся над «вокам Саўрона» — над Крамлём. Усё гэта прысутнічала ў масавай культуры, у сацсетках — а тут раптам Пуцін захацеў рэалізаваць у сапраўднасці кпіны і раздаць сваім гасцям з нейкіх незразумелых прычын незразумелыя пярсцёнкі. У выніку гэтая гісторыя дала магчымасць смяяцца.
Адбылося пераключэнне ўвагі. Калі мы пачалі смяяцца над «пярсцёнкамі Пуціна», то адначасова перасталі абмяркоўваць хаду вайны для Расіі. У канцы года Пуціну так ці інакш патрэбна было справаздачыцца перад расіянамі адносна вядзення «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ва Украіне, як называюць вайну ў Расіі. Праўда, хваліцца было нечым. У выніку ўдалося пераключыць увагу з няўдалай вайны на смех. Такі прыём выкарыстоўваецца для маніпуляцый: у публічную прастору ўкідваецца тэма, якая можа выглядаць нават негатыўна, але не з’яўляецца сэнсава напоўненай. Заместа канкрэтных рэчаў абмяркоўвалася, ці сапраўды Пуцін — гэта Саўрон і чаму ён робіць сябе рабом пярсцёнка, бо ў фільме і кнізе Саўрон кіраваў рабамі пярсцёнкаў, а сам ім не быў. То-бок пра ўсякія бязглуздыя бессэнсоўныя рэчы вялося шмат размоў, і такім чынам яны разбаўлялі агульны дыскурс, агульную інфармацыйную прастору.
Можна казаць, што гэта была рытуальная магія інтэграцыі: укіды, звязаныя з інтэграцыяй, афіцыёзныя справаздачы, справаздачы з розных мерапрыемстваў — усё гэта трошкі пасунула тэму вайны ва Украіне, падрыхтоўкі да вайны ў Беларусі, на беларускіх палігонах, знаходжання рэгіянальнай групоўкі войскаў на нашай тэрыторыі.
— Як падавалася роля Лукашэнкі ў беларускай і расійскай прапагандзе?
— Варта адзначыць забаўную рэч. Калі Лукашэнка прыляцеў у Санкт-Пецярбург на нефармальны саміт СНД, расійскія медыя растыражыравалі ягонае выказванне «все будет хорошо». Гэта выглядала даволі дзіўна: выказванне было дзяжурным, між тым яно падавалася ў медыя як прагноз, хаця па сутнасці гэта было фантазіяй, добрым пажаданнем, якое падмяняла сабой навіну, бо насамрэч Лукашэнка нічога не сказаў. Але гэта трэба было, каб з’явіліся аптымістычныя загалоўкі. Акрамя ўсяго іншага, расіянам прапанавалі «доверять чутью Лукашенко». То-бок Лукашэнка прадчувае, што ўсё будзе добра, Лукашэнка — хітры ліс, яму трэба давяраць.
Я не ўпэўнены, што гэты прыём мог спрацаваць. Але факт, што выказванне Лукашэнкі было ва ўсіх федэральных медыя, на ўсіх тэлеканалах, ва ўсіх інфармацыйных агенцтвах, ва ўсіх вядучых выданнях. Паколькі гэтае выказванне не ўтрымлівала ніякага асаблівага сэнсу, то яно з’явілася не проста так; калі б мела сэнс, то можна было б гаварыць пра рэдакцыйную палітыку і гэтак далей. У гэтым выпадку было падобна, што Лукашэнка быў патрэбны.
На працягу ўсяго года мы ў «MediaIQ» фіксавалі, што Лукашэнка выступаў або адвакатам Крамля, або той асобай, якая ўкідвае неабходныя тэмы, або робіць выгадныя для Крамля выказванні. З боку выглядала на экспертную ацэнку незалежнай крыніцы, якая сведчыць, што Крэмль меў рацыю. А тут, аказваецца, Лукашэнка яшчэ ўмее прадказваць будучыню і выступае ў ролі чарадзея-мага.