Пакуль працуе, вялізныя чэргі. Што адбываецца на апошнім незакрытым беларускім пераходзе з Польшчай

Пасьля рашэньня польскіх уладаў закрыць пункт пропуску ў Баброўніках (Бераставіца зь беларускага боку) паміж Беларусьсю і Польшчай застаўся адзін пункт, празь які могуць праехаць легкавыя аўтамабілі — на Варшаўскім мосьце (Бярэсьце — Тэрэспаль). На ім па стане на 10-ю гадзіну 13 лютага сабралася ўжо 300 аўтамабіляў.

Здымак з камеры на Варшаўскім мосьце

Здымак з камеры на Варшаўскім мосьце


Узрасла нагрузка і на літоўскія прапускныя пункты. Больш за 50 аўтамабіляў знаходзяцца ў пункце пропуску «Прывалка», больш за 40 — у «Беняконях», звыш 20 — у «Лошы» і «Катлоўцы». На мяжы з Латвіяй чэргаў на гэты момант няма, піша «Сваб*да».
Пункт «Прывалка» (зь літоўскага боку «Райгардас») — найбліжэйшы да Польшчы, адпаведна туды могуць накіравацца аўтамабілі, якія раней езьдзілі праз Баброўнікі. У гэтым пункце прама цяпер чакаюць мытнага афармленьня 230 грузавікоў.
Раней Мытны камітэт Рэспублікі Беларусь спрагназаваў «значнае павелічэньне нагрузкі» на двух астатніх пераходах з Польшчай — Казловічы (грузавы транспарт) і Берасьце (легкавы). Пры гэтым, як паведамлялася, «частка патоку, які ідзе з польскага боку, пераразьмяркуецца на літоўскія пункты пропуску, у прыватнасьці, найбліжэйшую Прывалку».

Да закрыцьця «Баброўнікаў», паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, празь Бераставіцу накіроўвалася каля 30% грузавікоў і 40% легкавога транспарту ад агульнага аўтамабільнага патоку ў бок Польшчы.
Як паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце, за першыя выходныя пасьля закрыцьця пункту Баброўнікі —Бераставіца паток легкавых аўто, якія ідуць у ЭЗ, вырас на 16%. Затрымкі ў афармленьні фіксаваліся перад пунктамі пропуску Тэрэспаль (Берасьце) на польскай мяжы і Райгардас (Прывалка) на літоўскай.
Колькасць фур, якія чакаюць уезду ў Эўразьвяз, павялічылася за гэты час на 20%.
Таксама ў ведамстве расказалі пра колькасьць замежнікаў, якія наведалі Беларусь па бязьвізавым рэжыме з пачатку 2023 году, назваўшы лічбу ў 48 тысячаў 488 чалавек. Паводле гэтай статыстыкі, абсалютную бальшыню замежнікаў, якія скарысталіся такой магчымасьцю, склалі грамадзяне Літвы, звыш 35 тысячаў чалавек.
Нагадаем, 9 лютага 2023 году міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы ад 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Андрэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.