«Гэта элемент пакарання». Польшча можа закрыць і іншыя памежныя пераходы з Беларуссю
Ад сёння закрыты памежны пераход паміж Баброўнікамі і Бераставіцай. Польскі прэм'ер Матэўш Маравецкі заявіў, што яго закрылі праз «рост напружанасці ў стасунках з Беларуссю» і дадаў, што закрыццё іншых памежных пераходаў «не выключанае».
Для грузавых аўтамабіляў цяпер працуе толькі пераход у Казловічах, для легкавых — у Брэсце. Наколькі гэта крытытчна для Беларусі і Польшчы, чым выкліканыя такія крокі польскага боку, і што будзе далей, — у каментарах «Салідарнасці» пра гэта разважалі эксперты.
Карбалевіч: гэта пакаранне за прысуд Пачобуту
Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што закрыццё буйнога памежнага пераходу — адказ Польшчы на прысуд Андрэю Пачобуту, беларуска-польскаму журналісту і актывісту Саюза палякаў у Беларусі.
— Польскія ўлады асабліва не хаваюць, таму што адначасова з гэтым былі і дыпламатычныя дэмаршы. Гэта дадатковыя санкцыі да тых, якія былі ўведзеныя раней з боку Польшчы і Еўрапейскага Саюза.
Тое, што закрыццё памежных пераходаў з'яўляецца інструментам уплыву на афіцыйны Мінск, Польшча не хавала і ў момант міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе, адзначае эксперт. Тады Польшча таксама закрыла некалькі памежных пераходаў, цяпер гэтае рашэнне было прынятае ў якасці жэсту на суровы прысуд.
Пры гэтым, Карбалевіч лічыць, што з боку Польшчы гэта проста рэакцыя на дзеянне беларускіх уладаў. Наўрад ці Варшава пасля такога рашэння чакае неадкладнага вызваленне Пачобута.
— Гэта проста элемент пакарання. Калі чалавека, абвінавачанага ў злачынствах, судзяць, далёка не заўсёды ставіцца мэта яго выправіць. Любы прысуд — гэта пакаранне за яго дзеі. Тут такі ж прынцып, — лічыць Карбалевіч.
Ад закрыцця чарговага пагранперахода, на думку палітолага, пацерпяць абодва бакі, паколькі любыя эканамічныя санкцыі — «зброя ўзаемна вострая». Таму пацерпяць суб'екты гаспадарання і Беларусі, і Польшчы, а таксама ў пэўнай меры грамадзяне дзвюх краін, бо перасякаць мяжу будзе больш складана.
Карбалевіч таксама лічыць, што Польшча не закрые цалкам мяжу з Беларуссю, бо тыя грузы, якія ідуць праз беларуска-польскую мяжу — гэта не толькі польскія грузы, але і іншых дзяржаў. У выпадку закрыцця ўсіх пагранпераходаў можа здарыцца канфлікт з дзяржавамі, грузы якіх праязджаюць нашу мяжу. Пры гэтым поўнае закрыццё магчыма ва ўмовах ваеннага канфлікту.
Слюнькін: «Не ў інтарэсах Польшчы закрываць цалкам мяжу з Беларуссю»
Экс-дыпламат Павел Слюнькін таксама лічыць, што закрыццё «Баброўнікаў» звязана з вынясеннем суровага прысуду Андрэю Пачобуту, бо рашэнне аб закрыцці пункта пропуску прынялося літаральна на наступны дзень пасля прысуду.
— Калі каментаваць прычыну, пра якую кажуць з беларускага боку, то трэба ўлічваць, што «бязвіз» уведзены ўжо даўно. Яго вынікі польскія ўлады маглі ацаніць нашмат раней, не было сэнсу чакаць так доўга, каб уводзіць нейкія абмежаванні.
Яны не заклікалі сваіх грамадзян не карыстацца «бязвізам», а заклікалі ацэньваць рызыкі бяспекі, якія ўзнікаюць. Уласна, беларускія ўлады ў выпадку з Пачобутам паказваюць, пра якія рызыкі папярэджваюць польскія ўлады сваіх грамадзян.
Эксперт лічыць, што рашэнне аб закрыцці «Баброўнікаў» — нацыянальная санкцыя, якая ўводзіцца Польшчай з аднаго боку як свайго роду пакаранне, з другога, у якасці спробы прымусіць беларускія ўлады лічыцца, зменшага, з наступствамі для сябе.
— Гэтыя метады паказваюць, што дзеянні беларускіх уладаў, накіраваныя супраць інтарэсаў Польшчы, у дадзеным выпадку супраць пераследу польскіх грамадзян у Беларусі, будуць сустракацца жорсткімі адказамі, у тым ліку тымі, якія будуць каштаваць грошай беларускім уладам.
Экс-дыпламат адзначае, што прэм'ер-міністр Польшчы не выключае варыянт поўнага закрыцця межаў краіны з Беларуссю, аднак такім спосабам ціску на беларускія ўлады яны ўжо карысталіся ў часы міграцыйнага крызісу.
— Я думаю, не ў інтарэсах Польшчы цалкам зачыняць мяжу з Беларуссю. Калі б гэта было ў яе інтарэсах, не было б сэнсу чакаць нейкіх парушэнняў правоў чалавека і гэтак далей.
Ім неабходна рэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі і паказваць беларускім уладам нейкія рамкі прыстойнасці, даваць ім перспектыву таго, што для іх гэта можа абярнуцца непрыемнымі наступствамі.
Не думаю, што зачыняць тыя, што засталіся, пераходы, калі не будзе якіх-небудзь дзеянняў, накіраваных супраць самой Польшчы.