«Не час для дыпламатычных гульняў». Шрайбман — пра закрыццё мяжы Польшчай

Рашэнне Польшчы закрыць памежны пераход «Баброўнікі» фармальна звязваецца з «нацыянальнай бяспекай». Але складана не заўважыць, што яно было прынята на наступны дзень пасля прысуду Анджэю Пачобуту. Арцём Шрайбман у калонцы на «Л*стэрцы» разважае, як мяняецца пазіцыя ЕС у адносінах да нашай краіны.

tcin49zrvlf2p2b7iesjgh101lbnukre.jpg


У многіх беларусаў гэты крок Польшчы выклікае дваістыя эмоцыі. З аднаго боку, мы бачым урад, гатовы павышаць стаўкі і па-сапраўднаму жорстка рэагаваць на ўшчамленне сваіх інтарэсаў Мінскам. Нават па мерках ваеннага часу, гэта асвяжальная выразнасць пазіцыі.

Далёка не ўсе еўрапейскія дзяржавы пакуль гатовыя дзейнічаць так адназначна, што мы бачым у вечных паўмерах, канфіскацыях і адтэрміноўках у санкцыйных пакетах супраць Мінска і Масквы.

З іншага боку, пацерпяць ад гэтага ў агляднай будучыні не Лукашэнка, не гарадзенскі суддзя Бубенчык і не сілавікі, якія кінулі Пачобута за краты, а тыя нешматлікія палякі і многія беларусы, якія карысталіся гэтым памежным пераходам для гандлю, паездак да родных і проста падарожжаў.

Чэргі на пакінутым пункце пропуску пад Брэстам і на мяжы з Літвой чакана вырастуць, дастаўляючы кучу праблем як грузаперавозчыкам, так і простым грамадзянам. У адсутнасці авія- і чыгуначнага паведамлення, для беларусаў дадаткова звужаюцца магчымасці патрапіць у ЕС.

Гэтае рашэнне Варшавы і пагрозы польскага прэм'ера перакрыць і астатнія памежныя пераходы — усяго толькі пара сімптомаў таго, што падыход да Беларусі, успрыманне нашай краіны Захадам і яго прыярытэты змяняюцца. А ўслед за гэтым мяняецца і дапушчальная ступень пабочнай шкоды, якую заходнія ўрады лічаць прымальнай у дачыненні да Беларусі.

Іншым свежым прыкладам з гэтай жа оперы можна лічыць меркаванае ўвядзенне новых санкцый ЕС супраць Мінска. Яшчэ ідуць дыскусіі пра тое, што будзе ў гэтым пакеце, але ўжо відавочна, што ягоная ідэя — зблізіць або аб'яднаць санкцыі, уведзеныя супраць беларускага і расійскага рэжымаў.

Гэтае рашэнне цікавае таму, што апошнія тры пакеты, прынятыя з лета 2022 года, абышліся без Беларусі і былі накіраваныя толькі супраць Расіі. Логіка ясная: Лукашэнка прынцыпова не паглыбляе свой удзел у вайне, значыць, не «заслужыў» новага пакарання, паглыбіць — атрымае больш абмежаванняў. Менавіта на такім падыходзе, мяркуючы па ўсім, настойвала Украіна, якая, па даных далёка не толькі адной крыніцы, лабіравала выключэнне Беларусі з апошніх пакетаў еўрапейскіх санкцый.

І калі глядзець выключна на вайсковы бок справы, Лукашэнка не даў новых падстаў для абмежаванняў. Авіяцыйныя вучэнні з Расіяй і перакідка пары эшалонаў мабілізаваных у Беларусь і з Беларусі на Данбас у студзені — не ў лік, гэта дробязь на агульным фоне. І ў дачыненні да Кіева да Лукашэнкі таксама ніякіх пераменаў не відаць. Украіна працягвае дыферэнцаваць двух сваіх апанентаў — Мінск і Маскву, хоць бы ўжо тым, што ў адным з гэтых гарадоў застаецца ўкраінскі амбасадар.

Але еўрапейскі падыход мяняецца. Закрыць дзіркі ў расійскіх санкцыях і для гэтага ізаляваць Беларусь яшчэ мацней аказваецца важней, чым падкрэсліваць адрозненні Мінска і Масквы, пасылаць Лукашэнку тонкія сігналы і даваць стымулы, каб ён працягваў трымаць хоць нейкую дыстанцыю ад вайны.

Можна шукаць прычыны гэтага ва ўзмацненні жорсткасці рэпрэсій у самой Беларусі. Справы TUT.BY, «Вясны», таго ж Пачобута, крыважэрнае адрыванне Дар'і Лосік на два гады ад яе дачкі, двухзначныя тэрміны «рэйкавым партызанам», завочныя суды над Ціханоўскай і Латушкам, законы аб пазбаўленні грамадзянства і смяротнага пакарання за здраду дзяржаве — усё гэта, вядома, у сукупнасці цягне на новае дно і цалкам магло прыцягнуць увагу Бруселя.

Але толькі крызіс з правамі чалавека ў Беларусі ўжо даўно не прыводзіў да санкцый. Пасля канца 2020 года іх уводзілі толькі за акты міжнароднага хуліганства з боку Мінска — ад пасадкі самалёта і міграцыйнага крызісу да саўдзелу ў вайне. Складана паверыць, што на трэцім годзе санкцыйнага ціску ЕС зноў вярнуўся да асабліва праваабарончай матывацыі.

Здаецца, што справа ў больш глыбокіх метамарфозах успрымання — заходнія лідары, у першую чаргу ва Усходняй Еўропе, адкуль і зыходзяць ініцыятывы новых санкцый супраць Мінска, прывыкаюць весці знешнюю палітыку па законах ваеннага часу.

Вайна — не час для нюансаў і складаных дыпламатычных гульняў, накшталт спробаў павялічыць прастору для манеўру Лукашэнкі ці падзяляць грамадства і ўладу варожай краіны. На вайне ўключаюцца ўсе даступныя механізмы для паслаблення суперніка, пазбаўлення яго рэсурсаў, нават калі гэта рыкашэтам або ў першую чаргу б'е па простых людзях. Вайна — час, калі перамагае калектыўная адказнасць па-за залежнасцю ад ступені саўдзелу.

Нямецкія і італьянскія мірныя жыхары таксама пакутавалі ад бамбёжак і гандлёвай блакады ў Другую сусветную вайну. Шараговыя антыфашысты атрымлівалі не менш, а хутчэй нават больш праблем, чым шараговыя фашысты, — яны траплялі пад «крыжаваны агонь» як саюзнікаў, так і сваіх звар'яцелых уладаў.

Тая вайна — крайні прыклад калектыўнага жорсткасці, і мы пакуль, дзякуй богу, далёка не ў тым пункце, але мы на гэтым шляху. На практыцы гэта значыць, што хірургічныя спробы аддзяляць дрэнных беларусаў ад добрых калі і не сышлі ў мінулае, то, як мінімум, перасталі быць прыярытэтам у санкцыйнай палітыцы Захаду. Новы прыярытэт — пакараць і аслабіць праціўніка, астатняе — як атрымаецца. І так будзе датуль, пакуль у рэгіёне палае вайна, у якой саўдзельнічае афіцыйны Мінск.

Адзін з сумных гуманітарных вынікаў гэтага працэсу заключаны ў тым, што Захад не будзе праяўляць ініцыятывы, каб шукаць крэатыўныя шляхі патаргавацца з Мінскам за свабоду палітвязняў, як прапануюць некаторыя з іх сваякоў. Каго ўдасца вызваліць без змякчэння санкцый, знайшоўшы для дыялогу з Лукашэнкам падыходных суразмоўцаў, накшталт Ватыкана або Швейцарыі — таго атрымаецца. Калі трэба будзе ў сваіх заходніх інтарэсах (накшталт зніжэння сусветных коштаў на ежу) дадаць нейкія выключэнні, да прыкладу, у калійныя санкцыі — могуць пайсці і на гэта.

У астатнім жа ініцыятыву будуць чакаць ад Мінска. А пакуль кліент сам не саспее на сур'ёзную размову і не пакажа змену сваёй пазіцыі выразнымі крокамі, якія нельга будзе ні з чым пераблытаць, ваенная логіка ў прыняцці рашэнняў у еўрапейскіх сталіцах будзе ўкараняцца і пашырацца. У гэтым няма нічога прыемнага, але гэтую рэальнасць лепш усведамляць, чым спадзявацца, што само неяк рассмокчацца.