«Будзе капец». Беларусы расказалі, што зьменіцца пасьля закрыцьця пераходу ў Баброўніках
Журналісты «Св*боды» пагаварылі зь беларусамі, якія пэрыядычна езьдзяць у Польшчу, пра тое, што для іх зьменіцца пасьля закрыцьця польска-беларускага пункту пропуску Баброўнікі — Бераставіца.
Час у дарозе павялічыцца мінімум на чатыры гадзіны
Польшча абвясьціла, што зь 10 лютага закрывае дарогу праз Баброўнікі. Цяпер будзе працаваць толькі адзін з шасьці пунктаў пропуску паміж Беларусьсю і Польшчай — празь Берасьце.
Самым зручным шляхам для гарадзенцаў у Беласток раней была
дарога праз КПП Брузгі — Кузьніца. З Горадні да яго ехаць паўгадзіны. Аднак ужо
больш за год ён не працуе, Польшча закрыла пераход з прычыны мігранцкага
крызісу.
Тады гарадзенцы сталі езьдзіць у Польшчу праз КПП
Бераставіца — Баброўнікі. Ён таксама знаходзіцца ў Горадзенскай вобласьці.
Дарога да мяжы займала ўжо 1-1,5 гадзіны, аднак і гэты пункт быў вельмі
запатрабаваным. Зараз яго закрыюць.
Цяпер беларусы змогуць паехаць у Польшчу або празь Берасьце,
або праз два пункты пропуску на літоўскай мяжы. Шлях з Горадні да Берасьця
займае тры гадзіны, з Тэрэспалю да Беластоку — яшчэ тры гадзіны. Значыць,
агульны час дарогі Горадня — Беласток (паміж імі 80 км) павялічваецца на чатыры гадзіны, і гэта ня лічачы часу на самой мяжы. Паездка ў Польшчу празь Літву
будзе яшчэ даўжэйшай.
«А можа, Кузьніцу заўтра адкрыюць?»
«Пытаньне, закрыюць Баброўнікі ці не. Давайце пачакаем да заўтра і даведаемся дакладна. А можа, Кузьніцу заўтра адкрыюць? Пра тое, што на Баброўніках будуць рабіць рамонт, даўно гаварылі, але і на Кузьніцу зьбіраюцца дарогу падводзіць пад іншы маршрут», — гарадзенец Генрых* (імёны герояў зьмененыя дзеля бясьпекі суразмоўцаў) да апошняга ня хоча верыць, што зьнікне яшчэ адзін маршрут у Польшчу.
Ён яшчэ памятае тыя часы, калі езьдзіў у Польшчу праз
Кузьніцу.
«Баброўнікі ніколі не былі для гарадзенцаў важнымі, пакуль
не закрылі Кузьніцу. Цяпер гэта найбліжэйшае, праз што можна даехаць да
Беластоку. Што будзе, калі і яго закрыюць, няясна», — кажа ён.
Генрых разважае, што тады давядзецца езьдзіць або празь
Берасьце, або праз Літву.
«На літоўскім пераходзе будзе каляпс. Усё будзе залежаць ад
працы літоўскай мытні і памежнікаў. Калі будуць пускаць так, як цяпер, то будзе
капец поўны. Там недастаткова палос для транспарту», — мяркуе суразмоўца.
«Раней заўсёды можна было паехаць дзень у дзень»
Мянчанка Анжаліка таксама пэрыядычна езьдзіць у Польшчу.
«Калі трэба было ў Беласток, то езьдзіць праз Баброўнікі
было зручна. Заўсёды можна было зарэзэрваваць маршрутку і дзень у дзень
паехаць, нягледзячы на тое, што, калі едзеш зь беларускага боку, трэба было
стаяць у чарзе гадзін 8-10, што таксама вельмі вялікае выпрабаваньне», —
прызнаецца яна.
Мянчанка і раней ужо часам выбірала маршрут празь Літву, бо
яго псыхалягічна было лягчэй пераносіць.
«Хоць дарога ў гадзінах атрымліваецца даўжэйшай, літоўскую
мяжу было праходзіць лягчэй, менш часу стаіш непасрэдна на мяжы — 2-3 гадзіны.
Калі ты едзеш, карцінка за вакном зьмяняецца, гэта пераносіцца лепш, чым калі
ты дзесяць гадзін стаіш і чакаеш, пакуль маршрутка пасунецца на 10 мэтраў
бліжэй да шлягбаўма», — разважае яна.
Калі цяпер асноўны паток беларусаў накіруецца на Вільню, то
і там давядзецца стаяць на мяжы па дзесяць гадзін, думае яна.
Анжаліка мяркуе, што зараз яна сама і іншыя беларусы будуць
езьдзіць у Польшчу радзей, бо дарога стане яшчэ цяжэйшай і даўжэйшай.
«Вельмі шкада, што прынялі такое рашэньне. Марнаваць суткі
на дарогу непрыемна», — падсумоўвае яна.