Ператрусы ў сябраў «Саюза палякаў»

Сёння, 14 лістапада, адбываюцца ператрусы ў прадстаўнікоў непрызнанага ўладамі «Саюза палякаў на Беларусі».

315447834_5614163591970323_6684559586698400292_n.jpg

Пра гэта паведаміў у сацсетках Марэк Занеўскі, сябар «Саюза палякаў»: «Чарговы ўдар па Польскім саюзе ў Беларусі!!! Пракуратура распачала крымінальную справу супраць прадстаўнікоў польскіх меншасцей за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі… Цяпер праводзяцца ператрусы ў кватэрах старшыні Галоўнай рады СПБ Ірэны Валун і віцэ-прэзідэнта Рэнаты Дзіяньчук. Яны не адказваюць на тэлефоны», — напісаў ён.

Сёння раніцай стала вядома, што Генеральная пракуратура хоча ліквідаваць ТАА «Клерыгата», што нібыта незаконна ажыццяўляла дзейнасць «Саюзу палякаў»: «суб'ект гаспадарання акрамя прадугледжанай статутам дзейнасці рэалізоўваў мэты і задачы грамадскага аб'яднання, якое не было зарэгістравана ў Рэспубліцы Беларусь ва ўстаноўленым законам парадку».


У дачыненні да ТАА «Клерыгата» распачата крымінальная справа паводле арт.193-1 Крымінальнага кодэкса за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання і ўдзел у ім. Пра гэта гаворыцца на сайце Генпракуратуры.

«Падставай для прыняцця мер рэагавання паслужылі вынікі праверкі пракуратуры Гродзенскай вобласці і УДФР КДК Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці».

Паводле артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб грамадскіх аб'яднаннях», дзейнасць незарэгістраваных грамадскіх аб'яднанняў, саюзаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца.

«Саюз палякаў на Беларусі» дзейнічаў з 1986 года. У 2021 годзе была распачата крымінальная справа супраць кіраўніцы «Саюза палякаў» Анжалікі Борыс і актывістаў арганізацыі. Цяпер пад вартай і журналіст Анджэй Пачобут.