Ці ёсць рынкавы кошт у Пачобута і Бяляцкага?
На тыдні ўсе настолькі шчыльна абмяркоўвалі «камісію па збеглых» і пачатак яе працы, што склалася ўражанне аб адмысловай «інфармацыйнай спецаперацыі». Нібыта нам назнарок падсоўваюць гэтую камісію, каб мы не заўважылі нечага больш істотнага.
Канешне, нешта больш істотнае складана заўважыць. Але ўсё ж на адной камісіі жыццё не спыняецца. Напрыклад, даволі цікавыя лічбы прыйшлі да нас з Расіі. «Газпрам» выступіў са справаздачай аб сваёй дзейнасці. Паводле яе, прадпрыемства ў 2023 годзе паставіць Беларусі газ на суму прыкладна 250 млрд расійскіх рублёў, што ў пераводзе на валюту складае каля 3,5 млрд долараў.
Падавалася б — адна толькі лічба. Але мы ж памятаем пераможныя рэляцыі беларускіх улад пра тое, што яны на тры гады дамовіліся з Расіяй пра «пастаўкі газу па ранейшай цане». Гэтая цана складае 128,5 долараў з тысячу кубаметраў.
Шляхам няхітрых арыфметычных дзеянняў падлічваем, што ў гэтым годзе наша краіна рыхтуецца закупіць каля 27 млрд кубаметраў газу. Пры гэтым спажыванне газу ў Беларусі знаходзіцца на ўзроўні 19-20 млрд кубаметраў. 20 — па ацэнках беларускага ўрада, 19 — па ацэнцы канцэрна «British Petroleum».
Такім чынам, узнікае некалькі пытанняў. Першае, навошта мы набываем «лішкі» газу ў Расіі, прычым такія «лішкі», якія складаюць ці не палову гадавога аб’ёму спажывання газу?
Адказ на гэтае пытанне можа быць толькі ў выглядзе гіпотэзы, якую агучылі мінулай восенню эксперты iSANS. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што Беларусь выкарыстоўвае «схематоз» для абыходу санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да Расіі. У снежні мінулага года краіны ЕС узгаднілі столь цэн на газ на ўсіх еўрапейскіх хабах. Абмежаванне пачне дзейнічаць з 15 лютага 2023 года (то-бок ужо вось-вось), і спачатку столь не будзе распаўсюджвацца на пазабіржавыя здзелкі.
Такім чынам, Беларусь можа прадаваць расійскі газ у ЕС, бо некаторыя санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Расіі, не тычацца Сінявокай. Прынамсі, пакуль не тычацца. І таму нехта, закупляючы расійскі газ па беларускай цане, можа прадаваць яго ў Еўропу па рынкавым кошце.
Згодна з графікам цаны на газ анлайн-біржы TTF, за 1000 кубаметраў цяпер даюць каля 580 долараў. Такім чынам, перапрадаючы расійскі газ, гэты «нехта» па сённяшніх цэнах атрымлівае каля 400% прыбытку.
Што праўда, мы яшчэ не бачылі дзясятага санкцыйнага пакета ЕС, куды, па чутках, трапіла і Беларусь, асабліва ў сферы «абыходу санкцый». Ці не прыкрыюць там «газавую лавачку»? Але хто не рызыкуе, той, зразумела, не п’е шампанскага… А пабачым мы гэты санкцыйны пакет недзе праз два тыдні, да гадавіны пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.
Дарэчы, наконт санкцый. У інтэрв'ю БелТА міністр эканомікі краіны Аляксандр Чарвякоў заявіў, што «маштабы ўведзеных супраць нас санкцый велізарныя — 25% эканомікі наўпрост трапілі пад абмежаванні, а ўскосна — закрануты ўсе галіны».
«Пачынаючы з 2021 года санкцыям падвергліся авіяцыйная, калійная, нафтаперапрацоўчая галіны. У мінулым годзе ўведзены абмежаванні для металургіі, машынабудавання, дрэваапрацоўкі, будаўнічых матэрыялаў. Санкцыі для IT-сферы не толькі знізілі тэмп росту, але і выклікалі адток IT-спецыялістаў з краіны. Створаны лагістычныя перашкоды, закрыты альбо абмежаваны доступ на рынкі краін ЕС, Украіны. Узнікаюць складанасці ў разліках з партнёрамі», — працягнуў ён.
Пагадзіцеся, гэта вельмі цікавыя развагі міністра, асабліва калі паглядзець рыторыку за пэўны час. Спачатку нам казалі, што санкцыі — гэта ўсё лухта, што яны зробяць нас толькі мацнейшымі і што ў выніку іх мы выйдзем на больш шчыльнае супрацоўніцтва з іншымі, больш лагоднымі да нас партнёрамі кшталту Расіі і Кітая. Потым як перамогу нам падавалі «імпартазамяшчальны крэдыт» Расіі, выдаткоўванне якога расцягнулася больш чым на паўгода. А цяпер, аказваецца, санкцыямі закранута нават IT-сфера, супраць якой санкцыі, дарэчы, не ўводзіліся.
А цяпер Чарвякоў плачацца пра негатыўныя тэндэнцыі ў IT-сферы: маўляў, з другога квартала 2022 года галіна ўстойліва зніжала тэмпы, сышоўшы ў мінус на 2,2%. «Негатыўныя тэндэнцыі абумоўлены рэлакацыяй IT-спецыялістаў і кампаній — з-за адмоў контрагентаў ад супрацоўніцтва з рэзідэнтамі ў Беларусі і складанасцямі ў правядзенні міжнародных плацяжоў», — кажа міністр.
І можна падказаць Чарвякову — будзе яшчэ горш. З-за прысуду аднаму з лідараў Саюза палякаў Андрэю Пачобуту Польшча поўнасцю адрэзала ад сябе Гродзенскую вобласць. З-за мігранцкага крызісу ў 2021-м быў закрыты памежны пераход «Брузгі — Кузніца». Цяпер закрыты «Бераставіца — Баброўнікі». Трапіць у Польшчу можна праз памежныя пераходы ў Брэсце альбо праз Літву.
А цяпер час падумаць, як «з-за Пачобута» ўзрасце нагрузка на брэсцкія пераходы і ўскладніцца лагістыка.
А наперадзе ж яшчэ і прысуд Бяляцкаму… Думаю, што Еўропа таксама чым-небудзь адкажа на тэрмін нобелеўскаму лаўрэату. А ўвесну, да якой засталося менш за месяц, збярэцца канферэнцыя Міжнароднай арганізацыі працы і будзе вырашаць, чым адказаць на прысуд Аляксандру Ярашуку і іншым прафсаюзным актывістам…