«Атамная бомба» для эканомікі Беларусі?

У Беларусі не засталося «адвакатаў» у працоўным руху, у чым вінаватыя ўлады, бо яны ўсіх перасаджалі ўласнымі рукамі. А ў выніку Міжнародная арганізацыя працы ўсё ж такі наважылася ўвесці ў адносінах да нашай краіны 33 параграф свайго статуту.

1596087623_mot_0411_logo_1.jpg

Раней лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук параўноўваў гэтае дзеянне МАП з «атамнай бомбай» у дачыненні да краіны. Праўда, такое параўнанне ўжываецца цяпер часцяком — напрыклад, да адключэнні SWIFT. Давайце разбярэмся, што такое ўласна МАП, яе 33 параграф, і ці так страшны чорт, як яго малююць.

1. Не прафсаюз

Міжнародную арганізацыю працы часцяком памылкова ўспрымаюць, як нейкі «сусветны прафсаюз». Насамрэч, гэта зусім не прафсаюз, а структура Арганізацыі Аб’яднаных Нацый — ААН.

Прычым, гэтая ААНаўская ўстанова, як ні дзіўна, старэйшая за саму ААН. МАП была створана ў 1919 годзе як падраздзяленне Лігі Нацый — папярэдніка ААН, і з тых часоў, нават нягледзячы на знікненне Лігі Нацый, не спыняла сваёй дзейнасці.

Вы ўяўляеце, які ў сувязі з гэтым у яе аўтарытэт?

МАП прымае Канвенцыі і рэкамендацыі, прысвечаныя пытанням працы, але наўпрост не можа прымушаць да выканання нават ратыфікаваных канвенцый. У МАП існуюць толькі механізмы кантролю за выкананнем канвенцый і рэкамендацый. Гэты кантроль ажыццяўляецца Камітэтам экспертаў МАП па ўжыванні канвенцый і рэкамендацый, Камітэтам Адміністрацыйнага савета па свабодзе аб'яднання і Камітэтам канферэнцыі па ўжыванні канвенцый і рэкамендацый. А калі нейкая краіна доўга і паслядоўна не выконвае рэкамендацыі МАП, то МАП звяртаецца да сваіх удзельнікаў (187 дзяржаў) з «просьбай паўплываць» на «адступніка».

Такой паважанай і аўтарытэтнай арганізацыі не вельмі і адкажаш. І ў 2007 годзе за сістэматычнае парушэнне правоў прафсаюзаў Беларусь вылецела з сістэмы гандлёвых прэферэнцый Еўрапейскага саюза. Гэта пазбавіла краіну ад 100 да 300 мільёнаў долараў на год, а зроблена гэта было — на падставе ацэнак МАП.

Яшчэ раз падкрэслім: МАП — гэта не прафсаюз, а вельмі паважаная і ўплывовая структура ААН. І таму яе рашэнні амаль раўназначныя рашэнням ААН. Таму яе рашэнні, як правіла, выконваюцца.

2. Што такое 33 параграф МАП?

Гучыць гэты параграф прыкладна такім чынам: калі якая-небудзь краіна сістэматычна парушае правы працоўных і прафсаюзаў, то МАП мае права прымаць такія рашэнні, якія яна лічыць мэтазгоднымі ў гэтай сітуацыі.

Што гэта будуць за рашэнні — не ведае ніхто. 33 параграф МАП быў прыменены толькі адзін раз за ўсю 102-гадовую гісторыю арганізацыі ў дачыненні да М’янмы (Бірмы), дзе ваенная хунта ланцугамі прыкоўвала работнікаў да працоўнага месца. МАП з дзясятак гадоў угаворвала ваенных у М’янме змяніць гэтую практыку — і ўсё беспаспяхова.

Як казалася вышэй, МАП не можа самастойна накладаць санкцыі, або прымушаць кагосьці нешта выконваць. Але арганізацыя звярнулася да сваіх чальцоў з заклікам спыніць усялякія стасункі з урадам М’янмы.

Паважанай і ўплывовай арганізацыі ніхто не адмовіў. М’янма аказалася ў эканамічнай і палітычнай блакадзе, і хунта даволі хутка «падняла лапы ўгору». Менавіта рашэнне МАП стала пераломным момантам, якое прымусіла ваенных спачатку аднавіць правы працоўных, а потым і пачаць дэмакратычныя пераўтварэнні.

Што тычыцца Беларусі — толькі ўмяшальніцтва незалежных прафсаюзаў не дало ўвесці гэты 33 параграф у дачыненні да нашай краіны ў мінулым годзе. Замест гэтага Сінявокая ў чарговы раз была ўнесеная ў спецпараграф МАП як краіна, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў.

Унясенне ўрада краіны ў спецпараграф азначае абавязак выпраўлення ўрадам канкрэтных парушэнняў Канвенцыі МАП, указаных у заўвагах Камітэта па ўжыванні нормаў Міжнароднай арганізацыі працы ва ўстаноўлены Камітэтам тэрмін.

Прычым, менавіта кіраўнік БКДП Аляксандр Ярашук настойваў на непрымяненні гэтага параграфа. «Мы, БКДП, міжнародны прафсаюзны рух, палічылі, што ўсе наступствы гэтага радыкальнага рашэння лягуць не на плечы нашай дамарослай хунты, а на плечы грамадзян краіны, у першую чаргу — працоўных. Таму мы вырашылі абмежавацца ўнясеннем Беларусі ў спецыяльны параграф МАП…», — пісаў ён тады ў фэйсбуку.

Замест таго, каб выпраўляць парушэнні Канвенцый МАП, улады пасадзілі Ярашука. І ў МАП, нарэшце, скончылася цярпенне.

labourlawtutors.jpg

3. Што будзе пасля ўжывання 33-га параграфа адносна Беларусі?

Самае цікавае, што наступстваў пакуль не ведае ніхто. Да сакавіка МАП павінна выпрацаваць санкцыйныя меры ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, а ў чэрвені зацвердзіць іх на канферэнцыі працы.

Некаторыя сцвярджаюць, што прымяненне 33 параграфа фактычна выкрэслівае Беларусь з МАП і блакуе экспарт прадукцыі — таму гавораць пра эканамічныя санкцыі аж да эканамічнай блакады. Іншыя кажуць пра дыпламатычную ізаляцыю на міжнароднай арэне. А ёсць і тыя, хто лічыць, што ў дачыненні да Беларусі наўводзілі столькі санкцый, што прымяненне гэтага артыкула будзе мець выключна маральны эфект.

Наконт апошняга я вельмі сумняюся. Па-першае, МАП — не тая арганізацыя, якая абмяжуецца выражэннем «глыбокай заклапочанасці». Так, яна доўга ўгаворвае, але, калі размовы не дапамагаюць — б’е балюча, і гэта мы бачылі на прыкладзе М’янмы. Па-другое, на месцы ўрада я б вельмі занепакоілася менавіта той самай паўгадавой паўзай для падрыхтоўкі канкрэтных рашэнняў МАП. Гэта азначае, што будуць прааналізаваныя ўсе папярэднія санкцыі, і ўдар будзе нанесены там, дзе гэтых санкцый яшчэ няма.

Па-трэцяе, захады МАП, у адрозненне ад ужо наяўных санкцый, тычацца не толькі «краін развітых дэмакратый». У выпадку з М’янмай да санкцый далучыўся, напрыклад, Кітай. Таму, калі санкцыйныя меры ў дачыненні да Беларусі з боку МАП будуць прынятыя, іх павінны будуць выконваць усе 187 дзяржаў — чальцоў МАП. А гэта і Бразілія, і Венесуэла, і Куба, і Аб’яднаная Арабскія Эміраты, і Ісламская Рэспубліка Іран, і нават Расійская Федэрацыя.

Канешне, наконт апошняй ёсць вялікія сумневы, аднак усе астатнія наўрад ці будуць сварыцца з ААН з-за Беларусі. І ўсе разлікі ўраду на «экспартазамяшчэнне» за кошт краін «дальняй дугі» пойдуць у напрамку рускага ваеннага карабля.

Таму, хутчэй, маюць рацыю тыя, хто кажа пра «эмбарга на экспарт». Дыпламатычная ізаляцыя — таксама верагодная. І ўжо дакладна Сінявокай на бліжэйшую перспектыву давядзецца забыць пра планы ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Санкцыі МАП — «атамная бомба» для эканомікі? Цалкам мажліва. Але што будзе канкрэтна, мы даведаемся праз паўгода.