Ігар Тышкевіч: «Табакі» беларускай прапаганды
Беларускай прапагандзе сёння трэба тэрмінова знайсці нейкую вялізную падзею, пра якую можна было б пісаць, лічыць эксперт украінскага Інстытута Будучыні Ігар Тышкевіч. Таму што пакуль яна маўчыць і баіцца сказаць нешта не тое.
Цікавая асаблівасць. Як толькі з Масквы ідуць грозныя заявы, найбольш тупая частка беларускіх прапагандыстаў пачынае радасна скакаць і падтакваць. То 9 траўня па Храшчаціку збіраюцца прайсці, то «харьковнаш», то посцяць развагі і мемчыкі пра «новую мяжу РФ» якая нібыта «ставіць крыж» на ідэі прагнаць акупантаў. Ну, або, на горшае, смакуюць паражэнне энергетычнай інфраструктуры Украіны.
Той, хто ведае, што такое падлеткавыя групоўкі, думаю, бачыў такі тыпаж. Гэта досыць баязлівае стварэнне, якое хавае свой страх за грознымі заявамі. Прычым, пагражае не сваёй сілай, а «сілай» свайго пахана/патрона. Дарэчы, персанаж выдатна раскрыты ў «Кнізе джунгляў» і мультфільмах пра Маўглі — гэта Табакі, плюгавы крывы шакалёнак, які бегае пад нагамі ў Шархана.
Але вось бяда — калі твой «заступнік» атрымлівае люлей, такія «табакі» ўпадаюць у ступар. З аднаго боку паніка, але калі пахан жывы, то і страх ляпнуць чаго лішняга.
Давайце ўспомнім «жэст добрай волі» пад Кіевам — заторкнуліся амаль на тыдзень. Пераключыліся на ўнутраны парадак, з падвойнай стараннасцю кажучы аб мудрасці мясцовага пахана.
Рускія адгрэблі пад Харкавам — тое ж самае. З папраўкай — казалі пра барацьбу з ураджаем у Беларусі. Праз тыдзень паспрабавалі паўтарыць за крамлёўскім пулам казку пра новыя межы і «Ліман не здадзім». І зноў замаўчалі, але ў той раз даўжэй.
Далей пайшоў фокус на Херсон і «цвярдыню». Праўда, пасля згаданых вышэй абломаў, чуйка прачнулася крыху раней — ужо дні тры як паменшылі запал. А апошнія 24 гадзіны — як вады ў рот набралі. Зноў тупа заторкнуліся.
Не дзіўна. Бо што казаць — не ведаюць.
Крытыкаваць? Страшна і незразумела.
Казаць аб мудрасці расійскага саюзніка? Таксама неяк не выходзіць на фоне апошніх падзей і візуалізацыі «Херсон назаўжды з Расіяй».
Бо скажаш нешта — можна атрымаць. Усё роўна ад каго — проста адгрэбці.
Таму заторкнуліся. Верагодна, пераключацца на «геніяльныя беларускія ўладары заўсёды былі за мір», і, крыху пазней (тут калі будзе адмашка ад мінскага кіраўніцтва) пра дрэнную ўкраінскую ўладу.
Цяпер паўтару логіку Табакі: калі твой «заступнік» атрымлівае люлей, такія персанажы ўпадаюць у ступар. Калі пахан жывы, то і страх ляпнуць чаго лішняга.
Калі пахан здыхае — пачынаюць скуголіць: «Мы ні пры чым». І паралельна вадзіць вочкамі ў пошуках новага пахана…