Леў Львоўскі: Цяпер Беларусі патрэбны газ па такіх жа коштах, як у Расіі. Ці атрымае?

Заяўлена пра фіксаваную цану на газ на тры гады для Беларусі. Але саму цану беларусам так і на назвалі. Калі цана на газ у Беларусі будзе вышэйшай за расійскую, нашай эканоміцы, арыентаванай цяпер на РФ і вымушанай канкурыраваць з расійскімі вытворцамі, гэта не моцна дапаможа… Але што захоча РФ за свае эканамічныя саступкі?

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg

Ці можа беларуская АЭС у Астраўцы адмовіцца ад спажывання газу, наколькі верагодны пераход на аднаўляльныя крыніцы энергіі ў Беларусі. Пра гэта thinktanks.by пагаварыла з навуковым супрацоўнікам цэнтра «BEROC» Львом Львоўскім.

Да гэтага часу нам нічога невядома пра якія-небудзь канкрэтныя дамоўленасці, дэталі снежаньскай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Мінску, магчымую цану на газ на тры гады, адзначыў Леў Львоўскі. Толькі з беларускага боку прагучалі намёкі нейкія, што ўсё добра і што пра нешта дамовіліся.

«Амаль год таму ўлады Беларусі ўзгаднілі з Расіяй даволі выгадны кантакт, фіксаваны ў расійскіх рублях, коштам блізу 130 долараў. Гэта была вялікая перамога, таму што меркавалася, што мы будзем канкурыраваць з еўрапейскімі вытворцамі, вырабляць тавары за кошт таннага расійскага газу і прадаваць іх у Еўропу, дзе кошт тавару вышэйшы праз больш дарагі газ. Але цяпер умовы змяніліся: наш экспарт ва Украіну амаль абнуліўся, наш экспарт у Еўропу ўпаў больш чым у два разы з-за накладзеных санкцый і, адпаведна, вырас экспарт у Расію. Нашы прадпрыемствы цяпер вымушаны канкурыраваць з расійскімі вытворцамі, таму той факт, што наш газ нашмат таннейшы, чым еўрапейскі, нам не дапамагае. Цяпер Беларусі патрэбны газ па такіх жа коштах, як у Расіі», — лічыць эканаміст Леў Львоўскі.

На думку эксперта, менавіта пра тое, каб цана газу, які спажываецца ў Расіі, і таго, які пастаўляецца ў Беларусь, была падобная, і ішла гаворка, гэтага Лукашэнка і хацеў ад Пуціна.


Эканаміст лічыць, што калі цана на газ стане супастаўнай з унутрырасійскай, тады нашы вытворцы змогуць, хай і з меншай маржой, хаця б застацца на плаву і быць канкурэнтаздольнымі з расійскімі. Зразумела, што гэта патрабуе вялікіх саступак з боку Расіі, таму што цяпер яны, акрамя недаатрыманага прыбытку ад газу, будуць яшчэ вымушаны аддаваць Беларусі і нейкую долю свайго рынку. Натуральна, Расія за гэта запатрабуе нейкіх кампенсацый.

«Расія ў такіх выпадках звычайна патрабуе наўзамен нейкіх палітычных саступак. Цяпер, напэўна, можна казаць аб ваенна-палітычных саступках. І вось гэтага якраз мы нічога і не ведаем. Мы нават не ведаем, па якім кошце зафіксавалі газ на тры гады», — кажа аналітык.

Львоўскі падкрэсліў, што газ для Беларусі вельмі важны. У Беларусі захаваны вялікія, яшчэ савецкія, вытворчасці, даволі неэфектыўныя ў энергетычным плане. Калі беларусы будуць атрымліваць газ па цане ўмоўна такой жа, як еўрапейцы, то мы з еўрапейскімі вытворцамі канкурыраваць не зможам. У нас вытворчасці, якія цалкам залежаць ад цаны на газ. На «Гроднаазот» самая галоўная частка кошту азоту — гэта кошт энергарэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца пры яго вытворчасці. Таму ўласна газ і, адпаведна, яго кошт такія важныя.

Замяніць газ на іншыя крыніцы, на атамную энергію ў доўгатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве ў тэорыі можна, лічыць эксперт. Але для гэтага, па яго словах, неабходна перабудоўваць усю інфраструктуру, у тым ліку інфраструктуру на саміх заводах, каб яны маглі спажываць электрычнасць замест газу. У некаторых выпадках гэта або вельмі тэхнічна складана, або наогул немагчыма.

«Па-другое, наша АЭС працуе нестабільна: яе то ўводзяць у эксплуатацыю, то выводзяць з эксплуатацыі. Нарэшце, трэцяя праблема заключаецца ў тым, што АЭС — гэта таксама не незалежнае ад Расіі прадпрыемства. Гарантыйнае абслугоўванне АЭС ажыццяўляецца Расіяй, паліўныя элементы таксама расійскія, таму калі ў нас будзе якая-небудзь коштавая вайна ці які-небудзь палітычны канфлікт з Расіяй, як не раз ужо бывала праз кошт газу, то АЭС нам зусім не замена, бо ўсе складнікі для працы АЭС мы атрымліваем з Расіі, гэтак жа, як і газ», — падкрэслівае эканаміст.


Што тычыцца пераходу на аднаўляльныя крыніцы, то, на думку эксперта, гэта нерэалістычна для Беларусі пры яе цяперашняй эканамічнай сітуацыі. Урад суседняй Літвы многія гады займаўся забеспячэннем эканамічнага росту, за кошт чаго гэта краіна стала значна багацейшай за Беларусь. Літоўская дзяржава думае заўсёды на значна большую перспектыву, чым урад Беларусі, акрамя таго, для іх мае значэнне экалагічны эфект.

Да 2030 года Літва плануе на 90% пакрыць патрэбы ў электраэнергіі за кошт аднаўляльных крыніц энергіі, заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў верасні 2022 года.

«Калі ў Літве прымаюць рашэнне, звязанае з энергетычным сектарам, то заўсёды думаюць наконт залежнасці/незалежнасці ад Расіі. Літва ўжо праходзіла такія балючыя шокі, калі яе адрэзалі ад танных расійскіх энергарэсурсаў. І Літва гэта памятае», — сказаў Леў Львоўскі.

У траўні 2022 года Літва стала першай у Еўропе краінай, якая цалкам адмовілася ад імпарту любых расійскіх энерганосьбітаў, у тым ліку газу.

Пераклад «НЧ»