Беларусам ужо цяпер трэба думаць, як жыць без газу з Расіі

Калі ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя змены, Расія выкарыстае любыя сродкі ціску на краіну, каб захаваць уплыў. Гэта можа быць у тым ліку павышэнне кошту на энергетычныя рэсурсы ці ўвогуле спыненне іх паставак.

257420.jpg


Таму ўжо сёння варта думаць пра сцэнар, пры якім Беларусь акажацца без расійскага газу, піша эканаміст, спецыяліст дэпартамента энергетычнай бяспекі iSANS Яўген Макарчук.


Ціснуць праз энерганосьбіты — тыпова для Расіі

Афіцыйныя расійскія прадстаўнікі звычайна кажуць, што кошты на газ і іх абмеркаванне — гэта спрэчка гаспадарчых суб’ектаў, адзначае Макарчук.

Фактычна мы бачым, што палітычны складнік кошту на газ значна перавышае ўсе астатнія. Гэта відаць на прыкладзе Украіны і Малдовы.

Краіны нашага рэгіёна, якія змянялі знешнепалітычны кірунак развіцця, праходзілі праз перыяд газавых ці нафтавых канфліктаў з Расіяй. Таму і нас пасля змены палітычнага курсу напэўна чакае павышэнне коштаў на газ і нафту, і, магчыма, нават спыненне паставак.

Беларусі падвышэнне коштаў прынясе пагаршэнне эканамічных паказчыкаў, а таксама можа выклікаць сацыяльныя і палітычныя складанасці. Калі Беларусь застанецца без расійскага газу, знайсці танную альтэрнатыву не атрымаецца.

Кошт газу ва ўсіх суседніх краінах значна вышэйшы, таму няма магчымасці змяніць пастаўшчыка і пры гэтым захаваць кошт, — працягвае Яўген Макарчук. — Падвышэнне кошту за тысячу кубаметраў газу на сто долараў патрабуе дадаткова 1,8 мільярда долараў у год на яго закупку. Адказ на пытанне, як рэагаваць на падвышэнне кошту на газ, ляжыць у эканамічнай плоскасці і ўпіраецца ў наяўнасць фінансавых рэсурсаў: у меру магчымага гэта можа быць фінансавая падтрымка спажыўцоў ці іншыя эканамічныя механізмы.


Без газу будуць масавыя адключэнні электраэнергіі

Падвышэнне коштаў можна перажыць, хоць гэта і ўдарыць па гаманцах беларусаў. Праблему абмежавання паставак жа такім чынам не вырашыш. А наступствы ад такога сцэнара будуць больш істотнымі, лічыць эксперт.

— Пры поўным спыненні паставак газу праца энергасістэмы немагчымая, а наяўных запасаў не хопіць на працяглы перыяд. Электрастанцыі не змогуць забяспечваць баланс магутнасці, што можа прывесці да масавых адключэнняў электраэнергіі. Цеплазабеспячэнне гарадоў завязана на ЦЭЦ, якія працуюць на газе. Большасць раённых кацельных працуе на прыродным газе.

Ёсць магчымасць часткова замяніць выкарыстанне прыроднага газу на мазут, але ёсць шэраг аб’ектаў, на якіх такая замена немагчымая. Асабліва гэта тычыцца раённых кацельных і энергаабсталявання прадпрыемстваў. І на прыкладзе Украіны мы бачым, што Расія гатова пайсці на такія крокі, не лічачыся з рызыкамі і пакутамі насельніцтва.

5890.jpg


Грамадства трэба падрыхтаваць

У апошнія гады тэхнічныя магчымасці паставак газу з іншых краін пашырыліся, але ўсё адно трэба будзе вырашыць шмат пытанняў.

— Перш за ўсе, трэба сфармуляваць адпаведны запыт да суседніх краін і ўжо цяпер спрабаваць атрымаць ад іх пацвярджэнне гатоўнасці забяспечыць гэтую падтрымку. Калі найбольш небяспечныя наступствы сцэнара спынення паставак газу з Расіі ў Беларусь у выглядзе недахопу энерганосьбітаў будуць прадухіленыя ці вырашаныя, трэба разумець, што кошт новых паставак газу амаль напэўна ўзрасце. Адпаведна, следам узрастуць і кошты на электрычную і цеплавую энергію.

Ужо цяпер трэба гэта агучваць і даносіць інфармацыю пра такую імавернасць і нават непазбежнасць у перспектыве. Таксама варта прадумаць і даносіць да людзей, што пры гэтым плануецца зрабіць, каб забяспечыць дабрабыт насельніцтва. Трэба падрыхтоўка грамадскай думкі, каб большасць магла разумець, што ў павышэнні цэн на газ вінаваціць трэба тых, хто падвышае цэны ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў суседняй краіне, а не тых, хто знаходзіцца пры ўладзе ў гэты момант.

Калі з гэтым не працаваць цяпер, то потым будзе складана патлумачыць, чаму ўлада дэмакратычная, але жыць стала цяжэй праз падаражэнне энерганосьбітаў і магчымыя перабоі са святлом ці гарачай вадой, падкрэслвае Макарчук.


Трэба будзе супрацьстаяць прарасійскім сілам

Масква не толькі будзе давіць звонку, але і стане актыўна фінансаваць прарасійскія сілы ў Беларусі. Яны ўздымуцца ў Беларусі яшчэ хутчэй, чым дэмакратычны рух, лічыць эксперт.

— Яны будуць выступаць фактычна за працяг гандлю незалежнасцю ў абмен на танны газ. Цалкам імаверна, што на момант правядзення дэмакратычных выбараў мы будзем мець значны рост выдаткаў на камунальныя паслугі, збядненне насельніцтва праз пагаршэнне стану эканомікі ў выніку росту цэн на энерганосьбіты, перабоі ў забеспячэнні электра- і цеплаэнергіяй.

У палітычным плане на выбарах будзе прадстаўнік (адзін або некалькі) дэмакратычных сіл з праеўрапейскімі поглядамі — яны фактычна будуць ажыццяўляць уладу да моманту выбараў, а таму ўсе праблемы будуць звязвацца менавіта з гэтымі людзьмі. Побач з ім (імі) будзе прарасійскі прадстаўнік, які, як некалі Лукашэнка, будзе гатовы на каленях паўзці ў Расію па танны газ. А да таго ж Расія напэўна падтрымае яшчэ каго-небудзь, хто проста будзе заклікаць да канчатковага вырашэння ўсіх праблем з дапамогай уваходу Беларусі ў склад Расіі. Ён калі і не атрымае падтрымкі, то створыць уражанне, што прарасійскі кандыдат — цалкам прымальны варыянт.

У такой сітуацыі будзе складана патлумачыць людзям, што вяртання да звыклага эканамічнага стану трэба чакаць пяць гадоў, а не весціся на абяцанне багатага жыцця нібыта ўжо заўтра.

— Таму над энергетычнымі пытаннямі трэба працаваць ужо цяпер і як мага хутчэй даць прынцыповыя адказы на іх для будучай дэмакратычнай Беларусі. Каб не высветлілася, што мы прайграем нават тады, калі дасягнем галоўных мэт, якія стаяць сёння перад дэмакратычнымі палітыкамі, — рэзюмуе Яўген Макарчук.

Паводле «Е*рарадыё»