«Ніякіх сантымэнтаў у дачыненьні да Беларусі ўжо ня будзе»

Вайсковы экспэрт, палкоўнік запасу, былы супрацоўнік Міністэрства абароны Ўкраіны Сяргей Грабскі расказаў «Радыё Св*бода», чаму зьмянілася рыторыка афіцыйнага Кіеву, тлумачыць, як Украіна рыхтуецца да нападу з тэрыторыі Беларусі, і называе беларускую армію «беларускім корпусам расейскага войска».

himars_in_ukraine_1920x1080_himars_m142_4k_24231.jpg


— Апошнімі тыднямі адбыліся пэўныя заўважныя зьмены ў заявах палітычнага і вайсковага кіраўніцтва Ўкраіны адносна Беларусі. Калі раней Кіеў заяўляў, што ня бачыць прыкметаў падрыхтоўкі нападу з тэрыторыі Беларусі, то цяпер даволі актыўна гаворыцца, што такія прыкметы ёсьць і падрыхтоўка да нападу ажыцьцяўляецца даволі актыўна. Што зьмянілася?

— Падрыхтоўка да адкрыцьця «Паўночнага фронту» ідзе даволі пасьлядоўна і назіраецца намі даволі даўно. Гэта пасьлядоўны комплекс мерапрыемстваў, які мае на мэце падвысіць боегатоўнасьць беларускага войска (ці, як я яго называю, беларускага корпусу расейскай арміі), стварыць перадумовы для правядзеньня мабілізацыйных мерапрыемстваў.

Чаму зараз прадстаўнікі Кіеву пачалі гэта агучваць? Бо гэтыя мерапрыемствы падышлі да такога пункту, у якім ужо трэба пачынаць мабілізацыю ў Беларусі. Менавіта таму пэўныя палітычныя мэсыджы прагучалі з боку Кіеву. Яны мелі на мэце паказаць, што мы ў курсе ўсіх «мерапрыемстваў» на тэрыторыі Беларусі. Украіна сапраўды валодае ўсёй інфармацыяй, ажно да нумароў машын, якія перамяшчаюцца на тэрыторыі Беларусі. Таму Кіеў яшчэ раз заклікае ўлады Беларусі задумацца пра тыя наступствы, якія можа выклікаць гэты неабдуманы крок.

А калі дадаць той аспэкт, што ніхто ў сьвеце ня будзе супраць удараў па тэрыторыі агрэсара, то такія папераджальныя заявы з боку Ўкраіны гучаць дастаткова рацыянальна і абдумана — дзеля ратаваньня жыцьця тых вайскоўцаў, якія належаць да беларускага корпусу расейскай арміі.

— Тым ня менш украінскія афіцыйныя асобы цягам восені ня раз заяўлялі, што да нападу з боку Беларусі нічога не гатова. Ці няма тут пэўнай супярэчнасьці?

— Я б сказаў, што ніякай супярэчнасьці тут няма. Дакладна разумеючы, што робяцца ўсё новыя крокі, украінскае вайскова-палітычнае кіраўніцтва агучыла сваю заклапочанасьць наконт магчымай наступнай эскаляцыі. Але пры гэтым было падкрэсьлена, што яшчэ ёсьць шанец адумацца і не даводзіць справу да палітычнага тупіку, зь якога ня будзе выйсьця.

Мы назіраем, як нарошчваецца расейскі кантынгент у Беларусі, мы бачым, на якіх палігонах праводзіцца навучаньне расейскага асабовага складу, мы бачым, дзе разгортваюцца пазыцыйныя раёны «Іскандэраў», куды ставяцца С-400, якія аэрадромы перададзеныя ў карыстаньне расейцам. Таму прагучала тая заява, якая павінна была прагучаць.


— Але які ваенны сэнс у вайсковай атацы з тэрыторыі Беларусі? Кіеў яны ўсё роўна не захопяць: гэта не ўдалося ў лютым, калі Ўкраіна не была гатовая. А зараз Украіна падрыхтавалася — інжынэрнымі пабудовамі, міннымі палямі, ваенным досьведам. Або ў Расеі будзе зусім іншая задача — адкрыць другі фронт не для таго, каб прасунуцца па ўкраінскай тэрыторыі, а дзеля таго, каб адцягваць сюды ўкраінскія войскі?

— Мы ня можам выключаць і варыянт самых авантурных дзеяньняў з боку Расеі. Але рэалістычна варта разглядаць два асноўныя сцэнары. Першы — ствараць ціск, дэманстратыўнымі дзеяньнямі прыкоўваць увагу рэсурсаў украінскіх Узброеных сілаў. Другі, задача-максымум — паспрабаваць прасунуцца ў бок так званага «паўночнага калідору» Ўкраіны, чыгуначных і аўтамабільных камунікацыяў, які зьвязвае заходнюю мяжу праз Сарны, Корасьцень і далей на Кіеў.

Таксама трэба разумець, што гульня ў ядзерны шантаж мае вельмі дакладную мэту — Ровенскую АЭС, якая знаходзіцца вельмі блізка да беларускай мяжы. Я не адкідаю спробы Расеі захапіць гэтую станцыю, каб выкарыстоўваць яе як інструмэнт уплыву на заходняе грамадзтва.


— Ці лічыце вы, што ўступленьне беларускіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны — гэта палітычная катастрофа для Лукашэнкі? Ён гэта разумее, магчыма, гэта разумее і Крэмль.

— Пачнём з таго, што беларуская дыктатура ўжо ўдзельнічае ў вайне. Як па-іншаму назваць перадачу тэрыторыяў расейскім войскам, перадачу трэніровачных магутнасьцяў, аэрадромаў, стварэньне пазыцыйных раёнаў? Беларусь ужо ўдзельнічае ў вайне! Тое, што бот беларускага жаўнера пакуль не ступіў на ўкраінскую тэрыторыю, не азначае, што дзейсны рэжым не нясе адказнасьці за ваенную агрэсію супраць Украіны.

Што далей? Магчыма, Пуціну пасьля апошняй сустрэчы з Лукашэнкам стала зразумела, што на сёньняшні дзень немэтазгодна задзейнічаць паўночны кірунак, бо на гэта проста можа не хапіць рэсурсаў. На маю думку, расейскія аналітыкі падлічылі, што плюсаў ад непасрэднага ўступленьня беларускага войска ў сухапутную фазу вайны будзе менш, чым ад падтрымкі напружанасьці без такога ўступленьня.

Бо трэба разумець, што ў выпадку такога ўступленьня па аб’ектах на тэрыторыі Беларусі будуць наносіцца ўдары, і гэта прывядзе да ахвяраў і самых розных наступстваў. Лукашэнка вымушаны будзе задзейнічаць сілавы блёк, што істотна аслабіць ягоныя ўнутрыпалітычныя пазыцыі, можа выклікаць масавыя пратэсты, што запатрабуе прыцягненьня дадатковых рэсурсаў з Расеі.

— Пра магчымыя ўкраінскія ўдары ў адказ. Гэтага не было ані ў лютым-сакавіку на пачатку вайны, ані ў ліпені-жніўні, калі аднавіліся палёты і запускі ракетаў з тэрыторыі Беларусі. І відавочна, што для гэтага былі ня толькі ваенныя, але і палітычныя прычыны. Што зараз зьмянілася? Чаму зараз Кіеў так упэўнена заяўляе, што цяпер ня будзе цырымоніцца, а адразу ўдарыць па аэрадромах?

— Ня толькі па аэрадромах. Гаворка ідзе і пра раёны, адкуль запускаюцца дроны, пазыцыйныя раёны «Іскандэраў», пазыцыі сілаў супрацьпаветранай абароны.

Так, раней Украіна была, па-першае, слабейшая, па-другое, мы былі даволі далёка ад той рысы, за якой былі бачныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да наступу. Зараз гэтая рыса даволі блізкая. І заявы ўкраінскага кіраўніцтва сьведчаць, што ніякіх сантымэнтаў ня будзе і ў выпадку ўступленьня Беларусі ў сухапутную апэрацыю на баку агрэсара адказ будзе адэкватны.

22786.jpg


— У выпадку непасрэднага ўступленьня беларускага войска ў вайну як гэта зьменіць палітычную сытуацыю, стаўленьне Кіеву да беларускай палітыкі? Напрыклад, ці будзе пасьля гэтага Зяленскі сустракацца зь Ціханоўскай?

— Складана ацаніць усе наступствы гэтага кроку. Магчыма, сапраўды ў Зяленскага ўжо не застанецца ніякіх прычынаў, каб не сустракацца зь Ціханоўскай. Не зусім зразумела, якая будзе роля Лукашэнкі ў выпадку такога ўступленьня. У мяне ўражаньне, што яго ўжо і пытацца ніхто ня будзе. Калі Крэмль пойдзе ва-банк, яны прымусяць беларускі корпус расейскага войска ўдзельнічаць у вайне.