Каспараў: Беларускае войска не захопіць Кіеў — верагодней, здарыцца наступ на Мінск беларускіх батальёнаў

У Расіі засталіся толькі два саюзнікі — два таксічныя рэжымы: Беларусь і Іран. Што прымусіла Пуціна, вядомага сацыяпата, сесці ў самалёт і паляцець у Беларусь?

kasparau_1.jpg

Расійскі апазіцыянер Гары Каспараў у размове з Наташай Улашчанка паразважаў сярод іншага і пра тое, нашто расійскі дыктатар паехаў у Мінск:

— Сапраўды, гэта неардынарная падзея, таму што ўсе сустрэчы Пуціна адбываліся ў Маскве або на расійскай тэрыторыі, напрыклад, у Сочы. Паездка Пуціна ў Мінск азначае, што ён пайшоў на такі звышардынарны крок. Гэта яго апошняя спроба прымусіць Лукашэнку ўступіць у вайну.

Пуцін не адмовіўся ад сваёй стратэгічнай задачы — ліквідацыі ўкраінскай дзяржаўнасці, разгрому Украіны. І дзеля гэтага ён выкарыстоўвае ўсе рэсурсы... Пуцін марыць здзейсніць наступ на Кіеў, а гэты наступ магчымы толькі з тэрыторыі Беларусі. І менавіта дзеля гэтага ён паехаў туды.


Надзея на тое, што Лукашэнка прагнецца і адкрые межы для новага ўварвання. І той факт, што ён паехаў у Мінск, паказвае, што Пуцін гуляе ва-банк. Таму што для яго гэта галоўная карта, і калі ён не здолее прымусіць Лукашэнку ўступіць у вайну — гэта рэзкае аслабленне яго пазіцыі нават у вачах уласнага асяроддзя…

Беларускі кіраўнік, як і кожны дыктатар, калісьці апынаецца перад немагчымым выбарам. З аднаго боку, адмова падпарадкавання Пуціну — гэта непасрэдная пагроза яго жыццю. З другога боку, ён не можа не ўсведамляць, што і ўступленне ў вайну — таксама катастрофа і пагроза жыццю.

Узровень дэзерцірства беларускай арміі будзе значна вышэйшы, чым у расійскай. Таму зусім не факт, што ўступленне беларускай арміі ў вайну прывядзе да захопу Кіева, але значна з большай верагоднасцю прывядзе да таго, што здарыцца наступ на Мінск і беларускіх батальёнаў, якія ваююць у УСУ, дый многіх беларусаў, якія зразумеюць, што надышоў момант нарэшце пазбавіцца ад Лукашэнкі.

І гэта той самы момант, калі Лукашэнка мусіць выбіраць: што ў лоб, што па ілбе. Што ён абярэ? Я не ведаю, і нават не хачу замарочвацца і выдаткоўваць час і энергію свайго шэрага рэчыва на развагі пра тое, чым скончылася размова двух дыктатараў.


Гэта крытычная сітуацыя, гэта адчай: Пуцін едзе ў Мінск, таму што ў яго засталіся толькі Тэгеран і Мінск у якасці саюзнікаў. Кітай ужо там не хоча з ім мець справу, і здаецца, нават Паўночная Карэя паглядае ў іншы бок. Трэба проста быць гатовым да любога варыянту — таму што гэта вайна не скончыцца, пакуль пуцінская армія не будзе канчаткова разбітая. І гэта тое, што на Захадзе ўжо разумеюць, але баяцца сказаць. І толькі разгромная перамога Украіны можа распачаць працэс вызвалення Расіі ад пуцінскага фашызму.

Ва Украіне сутыкнуліся свабодны і несвабодны свет. Вайна ва Украіне пацвердзіла трыумф свабоднага чалавека: нягледзячы на каласальную тэхнічную перавагу, прыгонныя, падпарадкаваныя, пазбаўленыя творчай ініцыятывы аграмадныя арміі не здольныя перамагчы мабільныя групоўкі вольных людзей. Украіна даслала імпульс: у змаганні вольнага чалавека з дыктатурай — так, з вялікімі ахвярамі, але заўсёды перамагае свабода. Хаця б таму, што гэта адзіны спосаб прагрэсу.