У Мінск прыляціць Пуцін. Кіраўніку РФ патрэбны геапалітычны прарыў коштам Беларусі?
У Мінск 19 снежня прыляціць прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. «Вынік візіту павінен быць гучным і пафасным», лічыць Павел Усаў.
Пра візіт Пуціна паведамляюць беларускія праўладныя рэсурсы. 19 снежня адбудуцца перамовы ў пашыраным складзе з удзелам беларускага ўрада.
Таксама запланавана і сустрэча Пуціна з Лукашэнкам у фармаце адзін на адзін. Адзначаецца, што прыярытэтная ўвага будзе нададзена пытанням бяспекі. Анансавана, што пасля гэтага кіраўнікі Расіі і Беларусі зробяць заяву для прэсы.
Палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале назваў гэты візіт Пуціна надзвычай небяспечным для Беларусі.
«19 снежня Пуцін верагодна прыедзе ў Мінск. Бачу толькі 2 мэты гэтага візіту:
1. Канчатковае прыцісканне (скаардынаванне) Лукашэнкі ў справе ўступлення ў вайну.
2. Рэалізацыя палітычнага і вайсковага вымярэння «інтэграцыі» Беларусі. Магчыма, гаворка пойдзе пра больш цэнтралізаваныя органы палітычнага кіравання «саюзам».
Без сумневаў, Пуціну патрэбны геапалітычны прарыў, і гэты прарыў будзе зроблены коштам Беларусі.
Пуціну патрэбны вынік, калі паехаць у Мінск і не прывезці рэальны вынік (вайну і Беларусь), гэта будзе даволі адчувальным паражэннем для Крамля.
Вынік візіту павінен быць гучным і пафасным».