ЕС узгадніў дзявяты пакет санкцый супраць Расіі
Некалькі дзён краіны Еўрасаюза абмяркоўвалі дзявяты пакет санкцый супраць Расіі, нарэшце ўчора, 15 снежня, увечары з’явіліся паведамленні, што ён быў неяк узгоднены.
Пра ўзгадненне дзявятага пакета санкцый супраць РФ паведаміла напярэдадні вечарам агенцтва «Франс Прэс», а затым і іншыя СМІ.
Чэшская Рэспубліка, якая старшынюе ў Радзе ЕС, паведаміла, што ў пісьмовым выглядзе санкцыйны пакет будзе апрылюднены сёння, таму што ён мусіць прайсці працэдуру пісьмовага ўзгаднення.
Дэталі санкцый пакуль невядомыя. Раней выданне «EUObserver» са спасылкай на праект дакумента пісала, што ў дзявяты пакет будуць уключаны 144 чалавекі, а таксама адкліканы ліцэнзіі на вяшчанне ў Еўрасаюзе ў трох расійскіх каналаў і ўведзена забарона на імпарт тавараў падвойнага прызначэння.
Напярэдадні раніцай «Reuters» паведамляла, што краіны не здолелі дамовіцца наконт таго, ці павінен ЕС аслабіць абмежаванні на экспарт расійскіх угнаенняў праз еўрапейскія парты нават у тым выпадку, калі гэта тычыцца кампаній, якія належаць падсанкцыйным расійскім бізнесоўцам.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што санкцыі эфектыўныя і паступова аказваюць уплыў у тым ліку на здольнасць Расіі вырабляць і ўзнаўляць сваю зброю.
Аднак міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс назваў дзявяты пакет санкцый «страчанай магчымасцю». «Сумна, што нам давялося выдаткаваць так шмат часу на абмеркаванне паслабленняў, а не на ўзмацненне жорсткасці санкцый. Разам з Польшчай нам удалося забяспечыць дадатковыя меры бяспекі, якія закрываюць любыя шчыліны. Літва аддае перавагу пазіцыі трымаць вароты зачыненымі», — напісаў Ландсбергіс.
Расшыфраваць метафары ў твіце міністра дапамагае паведамленне «Франс Прэс» аб тым, што дзяржавы ЕС з магутнай партовай індустрыяй, у першую чаргу Бельгія і Нідэрланды, дамагаліся выключэнняў з раней прынятых санкцый, накіраваных супраць расійскіх вытворцаў угнаенняў, адзначае ВВС. Па словах дыпламатычных крыніц, часткова яны гэтага дамагліся. Адным з найбуйнейшых партоў для расійскіх і асабліва беларускіх угнаенняў была літоўская Клайпеда, верагодна, да яе і адносяцца словы пра зачыненыя вароты.
Паводле ВВС, t.me/tvrain