Чаму ламаецца ўсё, чаму беларускія ўлады вырашылі «надаць увагу»?

Спачатку ты будуеш віртуальную рэальнасць для іншых, а потым пачынаеш жыць у ёй сам. І табе ў ёй надзвычай добра і ўтульна, пакуль не сустрэнеш УСУ, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі»

marsz_adzinstva_6__9__log__logo.jpg

Учора сёй-той адной ёмістай фразай выказаў сутнасць, асаблівасці і перспектывы дзяржаўнай палітыкі. Бо каму ж яшчэ ведаць гэтыя перспектывы? Сказаў: «Там, дзе мы надаем больш увагі віду спорту, там у вас горшыя вынікі».

Казаў, праўда, аб спартыўных дасягненнях, але я лічу, што гэта ўніверсальны рэцэпт. Сакрэт усіх альтэрнатыўных поспехаў дзяржаўнай палітыкі. Пакуль не чапаюць — працуе. Як толькі пачынаюць «надаваць болей увагі» — самім жа потым даводзіцца рамантаваць. А рамантуюць так, што ламаецца яшчэ больш. Таму што набор інструментаў у беларускіх уладаў дэградаваў да дубінкі, а дубінка ўсё ж так дрэнна прыстасаваная да наладжвання складаных прылад.

Вось учора, з нагоды спартыўнай нарады, каб заставацца, мабыць, у агульнадзяржаўным трэндзе, «красаўцы» затрымалі алімпійскую прызёрку Надзею Астапчук. Правялі ідэалагічную стымуляцыю ў рамках спартыўнай галіны. Каб спартсмены не расслабляліся і не забывалі, як правільна любіць Радзіму.


Толькі вось, паводле дзіўнага збегу абставінаў, ідэалагічна вытрыманым спартсменам чамусьці дрэнна даюцца спартыўныя дасягненні. Чым лепей у спартсмена з ідэалогіяй, тым горш са спартыўнымі дасягненнямі. І гэта беларускім уладам яшчэ пашанцавала, што супраць беларускіх спартоўцаў увялі санкцыі. Усё ж такі альтэрнатыўныя спартыўныя дасягненні не так заўважныя, калі іх няма з чым параўноўваць.

Вось у гэтым сэнсе беларускім уладам варта было б, вядома, і далей павышаць сваю боегатоўнасць у межах перыметра дзяржаўных межаў. Таму што пакуль беларускія войскі не выйшлі за межы гэтага перыметра, яны могуць адбіваць такую боегатоўнасць, якую толькі захочуць. Усё ж такі ўнутры перыметра нябачную пагрозу можна адбіваць з нязменным поспехам і  доўгі час. Можна будаваць пантонныя пераправы, праводзіць ратацыю войскаў, выканкам які-небудзь абараніць ад уяўнага праціўніка.


Тут галоўнае, каб палёт ваяўнічых фантазій моцна не разганяўся і не вылецеў неспадзявана за абсягі дзяржаўных межаў. Бо сваёй боегатоўнасцю, якая няўхільна расце, беларускім уладам, нарэшце, удалося звярнуць на сябе ўвагу. Пра тое, што ў беларускіх уладаў могуць быць ваяўнічыя планы ў бок Украіны, учора сказаў генерал Залужны і кіраўнік Украінскай Рады нацыянальнай бяспекі.

Перспектывы поспеху гэтых планаў яны, праўда, ацэньваюць скептычна. Непаважліва да беларускай боегатоўнасці ацэньваюць. Але гэта яны проста беларускі тэлевізар рэдка глядзяць. Таму не ведаюць аб вертыкальных рэзервах тэрытарыяльнай абароны і баявых паляўнічых з рыбаловамі.


А ў беларускіх уладаў з нагоды перспектыў можа быць уласнае меркаванне. Яны так даўно спрабавалі напалохаць свет сваёй ваеннай моцай, што, здаецца, самі ў яе трошкі паверылі. Ну а што? Саюзнік жа сабе паверыў, што ў яго другая армія свету, якая возьме Кіеў за тры дні. А чым беларускія ўлады горшыя? Спачатку ты будуеш віртуальную рэальнасць для іншых, а потым пачынаеш жыць у ёй сам. І ўсё табе ў ёй добра і ўтульна, пакуль не сустрэнеш УСУ.