«Уся дзяржаўная веліч існавала толькі ў свеце віртуальных расійскіх пантоў»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» канстатуе, што звычка да неасцярожнага курэння пранікла ўжо ў самае сэрца Расіі, за сотні кіламетраў ад лініі фронту. І непакоіцца, што неасцярожка курыць пачнуць і на тэрыторыі Сінявокай.
Звычка да неасцярожнага курэння пранікла ўжо ў самае сэрца Расіі, за сотні кіламетраў ад лініі фронту. У панядзелак самаадвольна самазагарэліся тры стратэгічныя бамбавікі на двух такіх жа стратэгічных аэрадромах. Аказалася, што расійская армія не можа абараніць тыя самыя ядзерныя сілы, якімі яна пагражала ператварыць увесь свет у ядзерны попел.
Самалёты ж яны адрэмантуюць. Але разам з самалётамі пацярпелі і дзяржаўныя панты і апошні гонар, якія заставаліся ў другі арміі свету. А дзяржаўныя панты так проста не залатаеш. Дзяржаўныя панты — практычна незаменны ў сучасных умовах рэсурс.
А яшчэ несумяшчальныя з жыццём пашкоджанні атрымала чарговая чырвоная лінія. З пачатку вайны ўкраінскае войска сцірае гэтыя чырвоныя лініі хутчэй, чым расійскія ўлады паспяваюць іх маляваць. Спачатку было: «Калі хоць адзін снарад упадзе на тэрыторыі Расіі, то будзе о-ё-ёй». За абстрэлы Крыму пагражалі зладзіць «а-я-яй». «Жах-жах», калі раптам пацерпіць Чарнаморскі флот. І поўны кашмар за замах на Крымскі мост.
А цяпер у Курскай вобласці будуюць умацаванні, а ў Белгарадскай ствараюць тэрытарыяльную абарону. Чарнаморскі флот схаваўся ў порце, а Крымскі мост нядаўна, кажуць, нават ужо трошкі паправілі.
Стратэгічныя ядзерныя сілы яны, праўда, чырвонай лініяй не аб'яўлялі. Мабыць, не прыходзіла ў галаву, што праціўнік акажацца настолькі нетактоўным, каб паквапіцца на святое. А цяпер атрымліваецца, што нічога святога ў праціўніка няма. Што УСУ ва ўпор не бачаць ніякіх чырвоных ліній.
А горш за ўсё, што разам з УСУ гэтыя чырвоныя лініі перастаюць заўважаць і ўсе астатнія. Вось тое ж самае НАТА, з якім расійская армія ваюе ў аднабаковым парадку ўжо дзясяты месяц. І атрымліваецца, што ўся дзяржаўная веліч існавала толькі ў свеце віртуальных расійскіх пантоў.
Ужо як расійскія ўлады пагражалі нестабільнасці сусветнаму энергетычнаму рынку пасля ўвядзення столі коштаў на расійскую нафту. І нічога. Пасля ўвядзення столі, кошты нафты неяк адразу ўпалі. Энергетычная звышдзяржаўнасць і ўплыў на сусветныя рынкі пайшлі па курсе, пракладзеным рускім ваенным караблём.
А яшчэ ёсць, вядома, некаторы шанец, што непрыемнасці на расійскіх аэрадромах паўплываюць у лепшы бок на малодшага саюзніка. Бо, калі неасцярожныя недакуркі залятаюць на сотні кіламетраў углыб расійскай тэрыторыі, то нішто ім не перашкодзіць паляцець і ў паўночным кірунку. А старэйшы саюзнік, як аказалася, нават уласныя стратэгічныя ядзерныя сілы не ў стане абараніць.
P.S. Могуць жа і што-небудзь горшае скінуць, чым пацук, якога сокалы скінулі на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.