Аляксандр Фрыдман: Украіна — складаны партнёр для Захаду, але не марыянетка

Палітычны аглядальнік лічыць, што атакі на стратэгічныя аэрадромы радыкальна мяняюць сітуацыю ва ўспрыманні вайны Расіі супраць Украіны. Прынамсі, тым, хто казаў, што «Украіна — марыянетка Захаду», прыйдзецца пераглядзець сваю пазіцыю.

Спадарожнікавы здымак наступстваў ўдару па аэрадроме «Энгельс»

Спадарожнікавы здымак наступстваў ўдару па аэрадроме «Энгельс»


Пра гэта Аляксандр Фрыдман разважае ў інтэрв’ю Філіну.

— З надыходам зімы загучалі меркаванні аб вельмі верагодным сцэнары пераходу да пазіцыйнай вайны. Эксперты лічаць, што такі варыянт пазбавіць Украіну эфекту перахопленай ініцыятывы. Удары па стратэгічных аэрадромах Расіі, якія знаходзяцца ў сотнях кіламетраў ад украінскай мяжы, ламаюць такі сцэнар?

— Гэтыя ўдары мяняюць сітуацыю радыкальна. Калі мы возьмем акопную, пазіцыйную вайну, то тут няма навінавага фону, не аб чым паведамляць. І ў такім выпадку цікавасць да вайны паступова зніжаецца. І ўзнікае разуменне, што такая вайна — гэта тупік, адсутнасць прасоўвання з абодвух бакоў.

Я б адзначыў, што сярод амерыканскіх экспертаў існуюць розныя меркаванні. Напрыклад, з надыходам халадоў, змярзаннем глебы баявыя дзеянні актывізуюцца.

На фронце цяпер адбываюцца крывавыя сутычкі, але ні адна з бакоў не можа пахваліцца захопленымі, адваяванымі тэрыторыямі. І гэтыя ўдары Украіны мяняюць сітуацыю, яна зноў перахоплівае ініцыятыву.

Пра гэта адразу ж пачынаюць пісаць. І гэта непрыемныя навіны для Расіі. Украінцы тым самым паказваюць: глядзіце, на што мы здольныя, чаго мы можам дасягнуць. Яны звяртаюць на сябе ўвагу і могуць разлічваць на вялікую падтрымку.

Я назіраю за тым, што цяпер адбываецца ў заходніх медыях і сярод экспертаў. Яны цяпер знаходзяцца ў разгубленасці, бо ад украінцаў ніхто не чакаў падобнага. Такая ж разгубленасць была пасля патаплення крэйсера «Масква», пасля ўдару па Крымскім мосце, пасля сыходу расійскіх войскаў з Херсона.

А з іншага боку прыкметнае замяшанне: якім будзе адказ Расіі на гэтыя ўдары? Бо яна павінна на іх адказаць. Ці не прывядзе гэта да новага вітка эскалацыі, да прамога сутыкнення Расіі і NATO?

Украіна ж тут дэманструе сваю самастойнасць. Я не думаю, што гэтыя акцыі былі абавязкова ўзгодненыя з Захадам. Украінцы паказваюць, што яны дзейнічаюць самастойна і рашуча.

Маўляў, вы можаце на Захадзе казаць пра тое, дзе праходзяць чырвоныя лініі, дзе трэба спыніцца, што не дапусціць тое ці гэта. А мы вядзем барацьбу да апошняга і не збіраемся спыняцца.

Гэта такі сігнал заходнім палітыкам: выбірайце — альбо падтрымлівайце нас, а мы паказваем, што можам шмат чаго дасягнуць і на самай справе перамагчы, а калі не падтрымаеце, то мы ўсё роўна будзем змагацца. І калі мы з-за вашай нерашучасці мы прайграем, то адказнасць будзе і на вас.

Гэта непрыемная сітуацыя для Захаду. І для Расіі, якая павінна адказаць на гэта. Учора яна адказала, ракетны ўдар не быў эфектыўным. Пры гэтым, той факт, што яны зімой б'юць па аб'ектах жыццезабеспячэння, толькі ўзмацняе абсалютна негатыўны вобраз Расіі.

Бо калі расійскае войска сярод зімы фактычна вядзе вайну на знішчэнне, то дапамагаць украінцам у гэтай сітуацыі трэба без варыянтаў. Так што, калі разглядаць гэтую гісторыю з ваеннага пункту гледжання, то гэтая гульня Украіны на абвастрэнне небяспечная, але выйгрышная.


— А ці ёсць межы цярпення ў заходніх урадаў у пытаннях падтрымкі Украіны?

— У Захаду ёсць магчымасць паўплываць на пазіцыю ўкраінскіх уладаў. Яны могуць ўскладніць жыццё і Зяленскаму, і УСУ, паспрабаваць прымусіць іх пайсці на нейкія саступкі — тым, што будзе менш фінансавай дапамогі, ваеннай, тэхнічнай.

Але апошняе слова тут усё роўна будзе за ўкраінскім вайскоўцам і палітычным кіраўніцтвам. Зяленскі ўжо паказаў, што для яго Украіна важнейшая за ўласнае жыццё. Ён жа не збег, застаўся ў Кіеве.

Украінцы сапраўды змагаюцца да апошняга. І такіх людзей наўрад ці прымусіш адмовіцца ад сваіх прынцыпаў, пайсці на перамовы з Пуціным.

І на карысць гэтага я б разглядаў менавіта гэтыя апошнія акцыі. Вы нам пагражаеце, паказваеце нейкія чырвоныя лініі? Дык вось вам адказ. Будзем рабіць тое, што палічым патрэбным. Будзеце нас падтрымліваць — добра. Не — паспрабуем без вас.

Усё гэтае расійскае ўяўленне, што Зяленскі і ўкраінскі ўрад з'яўляюцца марыянеткамі Захаду, не адпавядае рэчаіснасці. Яны дзейнічаю самастойна, Украіна — досыць складаны партнёр для Захаду, гэта не марыянетка.

— Пра што кажуць кіданні прэзідэнта Францыі, які спачатку кажа пра неабходнасць гарантый бяспекі для Расіі, а потым падтрымлівае ідэю трыбунала для Пуціна?

— Тут у першую чаргу гаворка ідзе аб рыторыцы. У дадзеным выпадку ёсць унутрыпалітычныя прычыны для гэтага, абсалютна зразумелыя. Праціўнікі Макрона кажуць, што гэтая вайна наносіць шкоду Еўропе, Францыі, французскай эканоміцы.

Я б не сказаў нават, што гэта прарасійскія настроі. Гэта хутчэй стомленасць ад вайны. У Францыі прысутнічае непрыемнае адчуванне, што вайна можа закрануць іх, можа закрануць Еўропу. Тут ёсць людзі, якія выступаюць супраць паставак зброі.

І Макрон павінен на гэта рэагаваць, павінен пасылаць сігнал гэтым людзям, што іх меркаванні пачутае, што ўлады ставяць не толькі на вайну.

Акрамя таго, ён бачыць сябе Еўрапейскім лідарам, галоўным палітыкам сённяшняй Еўропы, самым дасведчаным палітыкам. Ён такім і з'яўляецца пасля сыходу з пасады канцлера Германіі Ангелы Меркель.

У яго вялікія амбіцыі, таму ён і робіць акцэнт на дыпламатыі, на сваім прызначэнні — ісці і дамаўляцца з Пуціным. Яго місія — выратаваць Украіну і Еўропу. Таму і робяцца такія рытарычныя заявы.

І трэці момант. Макрон спрабуе ў сваіх дзеяннях адрознівацца ад палітыкі ЗША. Тут традыцыйна дастаткова моцны антыамерыканізм, франкацэнтрычнасць і, у пэўнай ступені, еўропацэнтрычнасць. І таму яму неабходна паказваць, што яго палітыка адрозніваецца ад палітыкі Байдэна ці Вялікабрытаніі.

Я б не перабольшваў значэнне гэтай рыторыкі. Макрон вымушаны розным сегментам французскага грамадства казаць тое, што яны жадаюць пачуць. Тым, хто жадае пачуць аб хуткім канцы вайны, кажуць аб дыпламатычных ініцыятывах, якія могуць спадабацца Пуціну, а той, не выключана, пагодзіцца казаць, калі расійскія інтарэсы будуць улічаныя.

Тых, хто займае бескапрамісную пазіцыю, запэўніваюць, што Украіна не застанецца без падтрымкі. Французкія інтэлектуалы, якія патрабуюць справядлівага пакарання для ваенных злачынцаў, чуюць запэўніванні, што ўсе вінаватыя будуць пакараныя. А нацыяналістам кажуць, што французская армія не застанецца без зброі.

— Скандал вакол расійскага тэлеканала «Дождж» скончыўся пазбаўленнем яго ліцэнзіі ў Латвіі. Як вы лічыце, ці правільным было гэтае рашэнне? І скончылася гэтая гісторыя вось так, калі б канал вяшчаў з Бэрліну ці Парыжу?

— Калі б канал размяшчаўся нават не ў Парыжы ці Берліне, а ў Браціславе ці Празе, то такіх праблем у яго б не было. А для Латвіі гэта, вядома, надзвычайная сітуацыя. Гэтую гісторыю трэба разглядаць з пункту гледжання ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў гэтай краіне, і адносіны Рыгі да вайны ва Украіне.

Гэтую вайну латвійскі ўрад, дый латвійская апазіцыя, за выключэннем рэшткаў прарасійскіх сіл, разглядаюць як сваю. Кожная перамога Украіны тут расцэньваецца як свая. Тут упэўненыя, што сёння ўкраінцы абараняюць незалежнасць і Латвіі.

З пункту гледжання латвійскіх уладаў можа быць толькі адна пазіцыя — не супраць вайны, а за Украіну. А асаблівасць «Дажджу» якраз у тым, што ён не падтрымлівае Украіну, а выступае супраць вайны.

Зразумела, што супрацоўнікі «Дажджу», як расійцы, спачуваюць забітым і пакалечаным расійскім жаўнерам. І калі яны называюць расійскую армію нашай арміяй, то яны сапраўды так гэта бачаць, бо яны расійцы.


Яны імкнуцца перакласці адказнасць за вайну ўсё ж на рэжым Пуціна. У іх эфіры не гучыць крытыка паводзін расійскага народа, яго маўчання, яны крытыкуюць палітыку расійскага прэзідэнта і гэтай вайны.

У Латвіі, з яе стаўленнем да вайны і з пэўнай часткай рускамоўнага насельніцтва, якая сімпатызуе Пуціну больш, чым некаторыя прапуцінскія актывісты ў самой Расіі, такая пазіцыя «Дажджу» ўспрымаецца на іншым эмацыйным узроўні.

І таму ў гэтых абставінах у канала не было шанцаў у Латвіі. Успомнім, калі зайшла размова пра пераслед расійскіх прапагандысцкіх СМІ і рэсурсаў, то Латвія, Літва і Эстонія былі першымі ў гэтым пытанні.


Сітуацыя непрыемная. Бо калі мы гаворым пра свабоду слова, правы чалавека, і паглядзім стратэгічна, то такі канал патрэбны, каб спрабаваць уплываць на расійскае грамадства. І ўсё ж, катастрофы тут няма. Так, ёсць фінансавыя выдаткі, але, калі з пункту гледжання ЕС гэты праект мае сэнс, яму могуць дапамагчы з рэлакацыяй і наладжваннем працы на новым месцы.

Пераклад НЧ