Вельмі коратка. Чаму ліквідацыя тэлеканала «Дождж» — памылка ўладаў Латвіі

Сёння стала вядома, незалежны расійскі тэлеканал «Дождж» больш не зможа працаваць у Латвіі. Кампанію, якая была вымушана пакінуць Расію пасля пачатку вайны ва Украіне, пазбавілі ліцэнзіі на вяшчанне праз фразу вядучага Аляксея Карасцялёва пра дапамогу мабілізаваным у «абсталяванні».

maxresdefault_151.jpg

Чаму рашэнне латвійскай Нацыянальнай рады па электронных СМІ — паспешлівае і памылковае? Паспрабуем адказаць коратка, але ясна.

Першае. Рашэнне аб пазбаўленні «Дажджу» ліцэнзіі цалкам вытрымана ў стылістыцы крамлёўскіх бонзаў. Не тое сказаў ці напісаў? Іншаагент, вораг, пайшоў адсюль. Менавіта так паступілі ў Рызе з расійскай тэлекампаніяй. Магчыма, з'язджаць з Латвіі расійскім тэлевізійшчыкам прыйдзецца яшчэ хутчэй, чым пасля 24 лютага — з РФ. Вядома, ідзе вайна і да медыя з краіны-агрэсара — асаблівая ўвага. Але трэба быць зусім ужо блізарукім, каб не разумець, што «Дождж» — гэта не пра Крэмль, а пра супраціў Крамлю. І трэба быць зусім недальнабачным, каб праз дзве-тры памылкі скасоўваць усе плюсы і выгоды, ды ваяваць з журналістамі.

Другое. Так, «Дождж» — гэта мяккі супраціў Крамлю. Як кажуць, у межах этыкі журналісцкай нейтральнасці. Падобным чынам у Беларусі функцыянаваў T*T.by, які перыядычна (у тым ліку, здаецца, і пасля 2020-га) крытыкавалі за празмерную ўзважанасць і нібыта лаяльнае стаўленне да ўладаў. Але вось пытанне: чаму нават праз трыццаць гадоў пасля распаду СССР у Латвіі застаецца так шмат, прабачце, «ватнікаў»? Яны не ў большасці, але ўяўляюць сабой уплывовую сацыяльную групу. Аж да таго, што мэрам другога горада краіны Даўгаўпілса абіраюць «ватніка». Потым той «ватнік» прымае ў сябе з візітам дэлегацыю ад Лукашэнкі, а іншыя «ватнікі» ладзяць паездку да «Бацькі» на «Славянскі базар» з вядомымі наступствамі.

Ці не таму ў Латвіі так шмат «рускамірцаў», што там ніколі не было цікавага і аб'ектыўнага рускамоўнага ТБ? Былі, здаецца, рэнтранслятары крамлёўскай прапаганды, але балазе пасля пачатку вайны іх адключылі. Замет іх прыйшоў «Дождж» са сваёй узважанасцю — дык хіба гэта не годная альтэрнатыва, каб на доўгай дыстанцыі прывучыць мясцовых «саўкоў» ды іншай культуры спажывання інфармацыі і навучыць іх крытычнаму мысленню? T*T.by менавіта праз сваю акадэмічнасць і падкрэсленую нейтральнасць (памножаныя на высокім прафеіяналізм) з адрывам стаў найпапулярнейшым медыя ў Беларусі. І ўжо дакладна расплюшчыў больш вачй, чым няўрымслівая ў сваёй контрпрапагандзе «Хартыя».

Спакойны, «цёплы» «Дождж», як падаецца, мог згуляць такую ролю ў Латвіі, але ўжо не згуляе. Ад яго запатрабавалі быць ліўнем, што падчас вайны лёгка зразумець. У выніку не будзе нічога. І каму ад гэтага стане лепш? І на якую інфармацыйную хвалю пераключацца шматлікія латвійскія «рускамірцы»?

Трэцяе. Патрэбна адзначыць, што ў краінах Балтыі працуе досыць расійскіх эмігранцкіх СМІ і тая ж «Медуза» — медыя заўважнае. Будзе вельмі кепска, калі, выкінуўшы за парог «Дождж», латвійскія ўлады атрымаюць задавальненне і дадатковы імпэт ад такіх дзеянняў. У такім выпадку будзе працяг — і нельга выключаць, што аднойчы чарга дойдзе і да сваіх журналістаў, латвійскіх. Як там пазначана ў «рэзалюцыі» па «Дажджу» — у мэтах нацыянальнай бяспекі? То ці не парушаюць тую бяспеку і асобные латвійскія выданні, што крытыкуюць кіруючую партыю? Зрэшты, будзем спадзявацца, што рызыкі і спакусы ў Рызе разумеюць, і да гэтага не дойдзе.

А з «Дажджом» усё будзе добра. Ён знойдзе сабе месца ў тых мясцінах Еўропы, дзе больш роўна ставяцца да касякоў асобных вядучых і памылак у графіцы. Хаця, канешне, дапамога «мобікам», што вылезла ў эфір», — гэта проста эпічны фэйл.