Скончыўся «Дождж». Латвійскія ўлады анулявалі ліцэнзію незалежнага расійскага тэлеканала

Нацыянальная рада электронных СМІ (NEPLP) Латвіі на сваім пасяджэнні, ацаніўшы сітуацыю, вырашыла ануляваць ліцэнзію расійскага незалежнага тэлеканала «Дождж», піша delfi.lv.

258460279_0_0_3073_1536_1920x0_80_0_0_8626b14a455e02c905a0f9567eccbf31.jpg

Кіраўнік NEPLP Іварс Абаліньш патлумачыў, што рашэнне прынята «з улікам дзяржаўнай бяспекі і грамадскага парадку».

Рашэнне было прынята пасля ацэнкі комплексу парушэнняў, дапушчаных за апошні час: адсутнасць гукавой дарожкі на дзяржаўнай мове для трансляцый, малюнак Крыма на карце як часткі тэрыторыі Расіі, дапушчанае тэлевядучым найменне расійскай арміі «нашай арміяй», імаверная падтрымка расійскай арміі. Таксама была ацэненая атрыманая ад Службы дзяржаўнай бяспекі інфармацыя, змест якой Абаліньш не выдае.

«Ацаніўшы сукупнасць парушэнняў, Нацыянальная рада электронных СМІ здабыла упэўненасць, што кіраўніцтва тэлеканала «Дождж» не ўсведамляе значнасці і сур'ёзнасці парушэнняў, таму не можа дзейнічаць на тэрыторыі Латвіі», — сказаў кіраўнік NEPLP.

Рашэнне ўступіць у сілу ў ноч на чацвер, 8 снежня, і тады «Дождж» павінен спыніць вяшчанне на тэрыторыі Латвіі.

Улічваючы, што «Дождж» транслюе свае праграмы не толькі на тэлебачанні, але і на платформе Youtube, NEPLP папросіць аб усталяванні геаблакіроўкі канала «Дождж» на гэтай платформе, каб кантэнт стаў недаступны ў Латвіі. «У Расіі яны могуць свабодна вяшчаць у Інтэрнэце», — дадаў Абаліньш.

«Гэта рашэнне паказвае, што Латвія — прававая і дэмакратычная краіна, адкрытая для СМІ, таму што Латвія ўпусціла ў краіну вялікую колькасць звязаных з Расіяй СМІ, якія тут могуць свабодна працаваць. Пакараны быў толькі тэлеканал «Дождж», які парушыў закон», — дадаў Абаліньш.

Рашэнне NEPLP можа быць абскарджана.

Раней Абаліньш заклікаў не палітызаваць гэтае пытанне, пакінуўшы прыняцце рашэння кампетэнтным органам.

Як паведамлялася, у выпуску праграмы «Тут і цяпер» ад 1 снежня прагучала фраза вядучага тэлеканала: «Адпраўляйце нам паведамленні на пошту army@tvrain.tv або пішыце нам у наш телеграм-бот. < ... > Мы спадзяемся, што многім вайскоўцам у тым ліку мы змаглі дапамагчы, напрыклад, з абсталяваннем і проста з элементарнымі выгодамі на фронце».

Як заявіў галоўны рэдактар тэлеканала «Дождж» Ціхан Дзядко, гэтая фраза стварае адчуванне ў гледача, што тэлеканал займаецца аказаннем дапамогі арміі РФ. «У сувязі з гэтым важна адзначыць наступнае: тэлеканал «Дождж» не займаўся, не займаецца і не будзе займацца дапамогай з абсталяваннем расійскага войска — на фронце ці за яго межамі. Паштовая скрыня army@tvrain.tv створана для збору асабістых сведчанняў аб злачынствах расійскай арміі ва Украіне і аб парушэннях пры правядзенні злачыннай і бессэнсоўнай мабілізацыі ў Расійскай Федэрацыі».

«Паколькі фраза, якая прагучала ў эфіры, уводзіць у зман нашых гледачоў, мы прынялі рашэнне неадкладна выдаліць яе з паўтораў і з запісу эфіру. Мы прыносім прабачэнні нашым гледачам», — напісаў Дзядка ў Twitter.

Журналістка Кацярына Катрыкадзэ ў пятніцу ў эфіры праграмы «Тут і цяпер» заявіла, што «Дождж» вырашыў спыніць супрацоўніцтва з Аляксеем Карасцялёвым, які вёў праграму ў чацвер і фактычна выказаўся ў падтрымку расійскага войска.