Навошта ліць слёзы па «Дажджы». Або для каго працуюць расійскія медыя за мяжой

Калі ў першы дзень так званай агаворкі журналіста канала «Дождж» яшчэ маглі быць нейкія сумневы, то пасля развіцця падзей абсалютна ясна: рашэнне латвійскіх уладаў аб скасаванні ліцэнзіі абсалютна слушнае. Што не ясна — чаму гэта так узбудзіліся беларусы ў інтэрнэце.

Малюнак Аляксея Ступіна

Малюнак Аляксея Ступіна

Адкуль той «Дождж»

На чые грошы і пад чыю замову быў створаны «Дождж», ужо даўно не сакрэт. «Вікіпедыя» кажа, што «ідэя стварэння тэлеканала з'явілася ў Наталлі Сіндзеевай у 2007 годзе падчас знаходжання на тэлерынку ў Францыі. Разам з Верай Крычаўскай, Вольгай Папковай і Вольгай Захаравай яна ўзялася за арганізацыю будучага канала, і 27 красавіка 2010 года ён быў запушчаны». На самой справе галоўным інвестарам і рухавіком канала быў банкір Аляксандр Вінакураў, з якім Наталля ў 2006 годзе пабралася шлюбам.

Менавіта ў 2007 годзе пачалася перадвыбарчая кампанія Дзмітрыя Мядзведзева. А з Вінакуравым яны пазнаёміліся яшчэ ў 1992 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Будучаму прэзідэнту РФ вельмі быў патрэбны свой тэлеканал. Аднак фактычна канал атрымалася запусціць толькі ў красавіку 2010 года. Пасля сыходу Мядзведзева канал пачалі актыўна выкарыстоўваць як процівагу «Рэху Масквы». Вінакураў тым часам стварыў сваю медыя-імперыю.  

Пасля сыходу Мядзведзева з прэзідэнцкай пасады Вінакураў страціў цікавасць да медыябізнесу і пераключыўся на медыцынскія паслугі. Па ўсёй Расіі пачалі адкрывацца яго клінікі, а асноўным страхаўшчыком па добраахвотным страхаванні здароўя ў яго клініках стала кампанія «Альфа-страхаванне». І гэта таксама даволі паказальна, калі згадаць, як і на чые грошы стваралася «Альфа-груп».

Кажуць, што ідэю стварэння канала ў свой час прапанаваў Вінакураву менавіта Суркоў. Але пацвярджэння гэтага тэзісу ў мяне няма.

Такім чынам, тэлеканал ствараўся пад канкрэтныя патрэбы канкрэтных людзей за канкрэтныя грошы. Але ці мала што калі было, скажаце вы. Столькі часу прайшло.

Свядомая палітыка ці агаворка?

Шмат хто з абаронцаў тэлеканала «Дождж» кажа, маўляў, падумаеш, агаворка, але ж канал антыпуцінскі. Можна было б і прабачыць. Ці сапраўды гэта выпадковасць, а не працяг свядомай рэдакцыйнай палітыкі канала ў дачыненні да Украіны? А можа, вынік няўцямнай рэдакцыйнай палітыкі?

Дык вось. 12 студзеня 2017 года Нацыянальны савет Украіны па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання забараніў вяшчанне тэлеканала «Дождж» ва Украіне з-за парушэння заканадаўства аб тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Прэтэнзіі Нацсавета зводзіліся да паказу ва ўкраінскім эфіры расійскай рэкламы, несанкцыянаванага наведвання журналістамі тэлеканала анексаванага Расіяй Крыма з мэтай асвятлення асобных падзей, а таксама да графічнай мапы Расіі, якая прысутнічае на афіцыйным сайце «Дажджу» і ў праграме «Тут і цяпер», дзе Крым быў пазначаны як «частка Расіі».

Таксама ўкраінскія ўлады расцанілі рэпліку журналіста Уладзіміра Раменскага ў сюжэце ад 12 жніўня 2016 года як «непрызнанне тэрытарыяльнай цэласнасці» Украіны. Украінскі Нацсавет абвінаваціў «Дождж» у парушэнні законаў Украіны «Аб тэлебачанні і радыёвяшчанні» і «Аб інфармацыі».

На гэтыя прэтэнзіі гендырэктар «Дажджу» Наталля Сіндзеева заявіла, што тэлеканал кіруецца расійскім заканадаўствам: «У адпаведнасці з артыкулам 65 Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі Рэспубліка Крым з'яўляецца суб'ектам РФ».

Дарэчы, на той час «Дождж» быў адзіным расійскім каналам, які не трапіў у чорны спіс СБУ 2015 года.

Рашэнне ўладаў Украіны забараніць вяшчанне «Дажджу» на сваёй тэрыторыі выклікала крытыку з боку шэрагу профільных заходніх журналісцкіх арганізацый — такіх, як «Рэпарцёры без межаў» і «Германскі саюз журналістаў». Забарону вяшчання асудзілі і прадстаўнікі расійскіх уладаў. Так, прэс-сакратар прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў назваў гэтае рашэнне «працягам дэструктыўнай лініі» Украіны, а прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава назвала яго «парадаксальным актам цэнзуры».

Крым не дапамог. Дапамагла Латвія

Прызнанне Крыма расійскім і праца па расійскім заканадаўстве аднак не дапамаглі каналу. Яго спачатку прызналі замежным агентам (20 жніўня 2021 года), а пасля пачатку вайны, 1 сакавіка 2022 года, Генеральная пракуратура Расіі запатрабавала абмежаваць доступ да інфармацыйных рэсурсаў тэлеканала «Дождж» і радыёстанцыі «Эхо Москвы».

У той жа дзень Раскамнагляд заблакіраваў сайт канала. Прычынай рашэння ў Генпракуратуры назвалі «мэтанакіраванае і сістэматычнае размяшчэнне на гэтых сайтах інфармацыі з заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасці і гвалту ў дачыненні да грамадзян Расіі, да масавых парушэнняў грамадскага парадку і грамадскай бяспекі, удзелу ў масавых публічных мерапрыемствах у парушэнне патрабаванняў дзеючага заканадаўства, а таксама да гвалтоўнага звяржэння канстытуцыйнага ладу».

2 сакавіка 2022 года частка супрацоўнікаў тэлеканала, уключаючы галоўнага рэдактара Ціхана Дзядко, з'ехалі з Расіі. Канал прыпыніў сваю дзейнасць на тэрыторыі РФ. 15 красавіка 2022 года ў інтэрв'ю «Financial Times» генеральная дырэктарка Наталля Сіндзеева расказала пра перамовы з расійскімі інвестарамі ў Крамянёвай даліне па аднаўленні працы тэлеканала.

6 чэрвеня 2022 года Наталля Сіндзеева і галоўны рэдактар канала Ціхан Дзядко паведамілі, што «Дождж» атрымаў ад Нацыянальнага савета па электронных СМІ Латвіі еўрапейскую ліцэнзію на вяшчанне. Рэдакцыя тэлеканала стала размяшчацца ў Рызе (Латвія). І, нарэшце, 18 ліпеня 2022 года «Дождж» аднавіў вяшчанне са студыі ў Рызе. Сіндзеева паведаміла, што запуск будзе праходзіць паступова, у некалькі этапаў, а паўнавартаснае вяшчанне пачнецца восенню 2022 года.

Дарэчы, афіцыйная назва канала — «Дождж — Латвійскі міжнародны рускамоўны кругласутачны інфармацыйны тэлеканал і аднайменны расійскі медыяхолдынг». Заўважылі «латвійскі»? А гэта значыць, што ён падпарадкоўваецца заканадаўству Латвіі.

Чарговы скандал

Такім чынам, апальны расійскі канал стаў латышскім міжнародным, ды яшчэ і рускамоўным, але ці перастаў ён быць імперскім? Памятаеце ж: Крым, карта, расійскае заканадаўства. Кажуць, чорнага кабяля…

У выніку 1 снежня 2022 года зноў у праграме «Тут і цяпер» вядоўца эфіру Аляксей Карасталёў папрасіў гледачоў тэлеканала дасылаць інфармацыю пра недааснашчэнне мабілізаваных грамадзян, дадаўшы ў канцы: «Мы спадзяёмся, што многім вайскоўцам мы змаглі дапамагчы, напрыклад, з абсталяваннем і проста з элементарнымі выгодамі на фронце».

Гэтая фраза выклікала шквал абурэння. 2 снежня стала вядома, што Латвійскі нацыянальны савет па электронных сродках масавай інфармацыі (NEPLP) аштрафаваў «Дождж» на 10 тысяч еўра з-за паказанай у эфіры мапы, дзе Крым пазначаны расійскім (заўважце, усё тая ж мапа), і слоў «наша армія» ў дачыненні да арміі Расіі. У арганізацыі адзначылі, што гэта ўжо другое парушэнне з боку тэлеканала. Пры наяўнасці трох сур'ёзных парушэнняў Савет мае права адклікаць ліцэнзію на вяшчанне канала ў Латвіі.

У той жа дзень у эфіры «Дажджу» Кацярына Катрыкадзэ заявіла, што канал спыняе супрацоўніцтва з Карасталёвым, таму што «не займаўся, не займаецца і не будзе займацца» падтрымкай расійскай арміі падчас уварвання Расіі ва Украіну.

Кіраўнік Мінабароны Латвіі Арціс Пабрыкс заклікаў выправадзіць журналістаў тэлеканала ў Расію. Старшыня Нацсавета па электронных сродках масавай інфармацыі заявіў пра адміністрацыйнае справаводства ў дачыненні да канала з-за паведамлення пра магчымую падтрымку расійскай арміі.

У знак салідарнасці з Карасталёвым пра свой сыход з канала абвясцілі Уладзімір Раменскі, Маргарыта Лютава і Дарына Лукуціна. Таксама паказальна, праўда.

6 снежня 2022 года Нацыянальны савет па электронных СМІ Латвіі прыняў рашэнне ануляваць ліцэнзію на вяшчанне тэлеканала «Дождж». Гендырэктарка тэлеканала Наталля Сіндзеева заявіла, што канал працягне працу ў YouTube, але плануе атрымаць новую ліцэнзію ўжо ў іншай краіне. Паказальна, што на пасяджэнне Савета кіраўніцтва канала прыйшло без перакладчыка і прапанавала разглядаць пытанне па-руску.


Па кім плача грамадскасць

Здавалася б, усё абсалютна зразумела. І тут нават можна не ўзгадваць Карасталёва. Мне асабіста хапіла б і мапы з «расійскім» Крымам у эфіры. Латвійскі канал у эфіры фактычна спачувае (словамі вядоўцы) акупантам і падтрымлівае (выява мапы) краіну-агрэсара, краіну-тэрарыста — і хтосьці кажа, што гэта драбяза?

Зноў пачалося скавытанне і размовы пра свабоду слова, зноў спачуванні такому харошаму «Дажджу». Што здзівіла — спачуванні сярод беларусаў і беларускіх медыйшчыкаў. А яшчэ больш здзівілі параўнанні некаторых з сітуацыяй у беларускіх медыя. Сур’ёзна? Вы сапраўды не бачыце розніцы?

То-бок вы лічыце нармальным, што медыя, якому далі прытулак латвійскія ўлады і якое дэ-юрэ з’яўляецца цяпер латвійскім, мае права ў мільённым эфіры дэманстраваць сваю фактычную згоду з захопам Крыма ў той час, як на Украіну ляцяць ракеты? Вы праўда лічыце вартым абурацца ўсяго толькі пазбаўленнем ліцэнзіі медыя, створаным калісьці на крамлёўскія грошы — у той час, як ва Украіне гінуць дзеці?

Вы праўда бачыце нейкія паралелі паміж беларускімі медыя, якія выехалі з Беларусі не таму, што іх заблакавалі, а таму, што фактычна ўсё кіраўніцтва гэтых медыя і частка журналістаў сядзяць па турмах? Беларускія медыя нават у кашмарным сне не дазволілі б сабе спачуваць арміі (хай сабе, каб сталася, і беларускай), якая прыйшла ў чужую краіну забіваць, бо ў салдатаў няма камфортных умоў. Вы праўда бачыце тут нейкую дыскрымінацыю і парушэнне свабоды слова?

Хтосьці кажа, што канал быў антываенны, таму варта было ўлічваць менавіта гэта. Дык якраз і ўлічылі. На YouTube яны застаюцца, з краіны іх ніхто не дэпартуе і за краты ніхто не кідае.

Хаця я б на месцы латвійскіх уладаў пра дэпартацыю задумалася. Бо нешта не верыцца мне ў шчырасць тых, хто пасля 24 лютага 2022 года нават не падумаў змяніць у эфіры адной са сваіх праграм мапу, дзе Крым пазначаны расійскім. Вось толькі Латвія якраз кіруецца законам.